— Святлана, вы запланавалі праводзіць вячоркі, на якіх будзеце даваць майстар-клас па саломапляценні. Раскажыце трошкі падрабязней пра гэта, калі ласка.
— Так, я раней займалася саломапляценнем яшчэ ў школе. Мы там плялі павукоў. Я хадзіла таксама на гурток, дзе навучылася плесці больш аб’ёмныя фігуркі з саломкі. Можна сказаць, што прайшла навучанне па ўсіх відах мастацтва саломапляцення. У Познані я цяпер на вакацыях, і сяброўка прапанавала мне правесці майстар-клас па нечым беларускім. Бо я пашыла сабе некалькі народных строяў, саткала з дзясятак паясоў, а яшчэ пяку хлеб на заквасцы. І я падумала, што з усіх уменняў, якімі валодаю, майстар-клас па саломапляценні — гэта якраз тое, з чаго за адзін вечар можна атрымаць пэўную радасць сабе дадому.
— І што такога прыемнага можна навучыцца рабіць з саломкі за вечар?
— Можна цалкам асвоіць мастацтва пляцення павукоў і зрабіць сабе хатняга саламянага павука. Я намалюю, распавяду, якія ёсць асноўныя віды павукоў, як іх можна аздабляць, куды можна павесіць дома ці ў іншым месцы. Я падрыхтавала аркушыкі, каб людзі спачатку памалявалі і вырашылі, што яны хочуць, а потым выканалі гэта ў саломцы. Саломку я таксама падрыхтавала, яна патрабуе пэўнай апрацоўкі.
— А дзе ж вы цяпер тую саломку падрыхтавалі?..
— Усё проста, у гэтым сучасным свеце ўсё можна знайсці. Саломка, якой мы будзем карыстацца, завецца эка-бія-саломка для піцця напояў. Яна прадаецца паўсюль, і неабавязкова цяпер расціць сваё поле жыта, каб потым выкарыстоўваць саломку. Я лічу, што трэба рабіць традыцыю там, дзе мы ёсць, і з таго, што мы маем.
— Што датычыць традыцыі, калі казаць пра саломапляценне, наколькі яна даўняя ў Беларусі?
— Яна даволі даўняя. Важна адзначыць, што раней саломка для беларусаў мела больш побытавае значэнне. Ёю крылі дахі, з яе плялі кошыкі, яе ўжывалі пры вырабе абутку. А менавіта павукі выконвалі функцыю абароны хаты ад злых духаў, але старажытныя павукі ў хатах не былі такія багата аздобленыя, як цяпер. Гэта мог быць проста трохкутнічак альбо бульбіна, у якую натыкалі саломінкі.
— А як вы прыйшлі да гэтай традыцыі?
— Я скажу, што мяне чапляе ўсё беларускае, што я магу рабіць дома. І што мне даступна, што я магу, тое і раблю. Я магу гаварыць па-беларуску — я гавару, магу ляпіць павукоў — ляплю павукоў, магу спячы ўвесну птушачак — пяку ўвесну птушачак. Я купляю французскі мёд, пяку беларускі хлеб і частую сваіх дзяўчатак на Багач, бо мне гэта важна.
— Вы сказалі, што жывяце ў эміграцыі ў Францыі, а чаму менавіта Францыя?
— Гэта не я, гэта мой муж выбіраў, куды ехаць у эміграцыю. Я пераехала за ім, і гэты крок даўся мне даволі цяжка, таму што я люблю Беларусь. Але цяпер такое жыццё, што і добра, што жыву ў Францыі.
— І як вы там адаптаваліся?..
— Да пераезду я вучыла мову толькі па бясплатных відэакурсах і ведала толькі самыя простыя словы, кшталту: дзякуй, калі ласка… А ў Францыі шмат сацыяльных цэнтраў, якія ладзяць моўныя курсы, каб дапамагчы людзям. Я запісалася ў чатыры арганізацыі, мела пяць урокаў на тыдзень. За год падвучыла мову, здала экзамен на ўзровень В1 і моўных праблем з большага цяпер не маю.
— А ў сацыяльным плане як упісаліся ў новае грамадства, ці адаптаваліся?
— Я лічу, што не адаптавалася. Насамрэч я жыву ў горадзе, дзе вялікая дыяспара з Паўночнай Афрыкі, і з-за гэтага французы не так блізка прымаюць у свае кампаніі любых мігрантаў. Яны ўсе ветлівыя, добра ставяцца, але да блізкіх адносінаў з французамі я пакуль не дарасла.
— А як вам наогул даецца эміграцыя?
— Я сябрую з эмігрантамі. На моўных курсах пазнаёмілася з дзяўчатамі з Бразіліі, Сірыі, Украіны, Расіі. Лічу, што мне пашчасціла, бо мае сябры — гэта вялікая частка маёй апоры.
— А па радзіме сумуеце, бываюць цяжкія хвіліны, дэпрэсіі?..
— Я люблю Беларусь, вельмі сумую, але разумею, што цяпер не паеду туды. Таму я ладжу маленькую Беларусь там, дзе цяпер жыву. А таму ладжу майстар-класы па саломапляценні павукоў нават у Францыі, у Правансе.
Павел ЗАЛЕСКІ