Набор амаль 95 тысяч ІТ-спецыялістаў і членаў іх сем'яў, у тым ліку з Беларусі, урадам Матэвуша Маравецкага ў рамках так званай праграмы «Poland Business Harbour» (PBH), магчыма, праводзіўся ў абыход законаў – паведаміла ў Пракуратуру новае кіраўніцтва Польскага агенцтва гандлю і інвестыцый, якое было адказнае за ажыццяўленне праграмы.
Ці сапраўды візавая праграма ўрада Маравецкага для беларускіх ІТ-спецыялістаў нанесла шкоду Польскаму агенцтву інвестыцый і гандлю?
Варшаўская пракуратура адмовілася распачынаць расследаванне па гэтай справе, паведамляе газета Rzeczpospolita.
Пракуратура абгрунтавала сваё рашэнне тым, што «немагчыма вызначыць характар патэнцыйнага злачынства» і «страты, нанесеныя дзяржаве», растлумачыў пракурор Пётр Скіба.
Галоўнай мэтай PBH была падтрымка беларускіх экспертаў пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе і ўмацаванне польскага тэхналагічнага сектара. Праграма прапаноўвала спрошчаную візавую працэдуру (так званая віза D23) для праграмістаў і іх сем’яў. Вызваляла ад абавязку мець дазвол на працу. Давала магчымасць адкрыцця індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці (IP) на тых жа ўмовах, што і для грамадзян Польшчы.
Аднак праграма стала аб’ектам жорсткай крытыкі і была прыпыненая Міністэрствам замежных спраў у 2024 годзе.
Асноўныя абвінавачванні адносяцца да таго, што праграма вызваліла некантраляваны паток людзей.
Rzeczpospolita напісала, што ніхто не правяраў прафесійных кваліфікацый меркаваных ІТ-спецыялістаў; ім дастаткова было падаць заяўку (злачынныя групоўкі гандлявалі такімі візамі), а ўмова – пражыванне ў Польшчы – заставаліся па-за кантролем дзяржавы.
Акрамя таго, праграма, уведзеная прэмʼер-міністрам Матэвушам Маравецкім у верасні 2020 года, потым была пашырана на ІТ-спецыялістаў з Расіі, а таксама з Індыі, Ірана, Карэі і Азербайджана.
Спецыяльны візавы рэжым для гэтай групы (так званыя візы PBH), уведзены ў дзеянне прэмʼер-міністрам Маравецкім палітычным рашэннем, не быў пацверджаны папраўкай у заканадаўства.
Парламенцкі следчы камітэт па візавым скандале дзейснага польскага Сейма таксама вызначыў, што праграма «Poland Business Harbour» была ўведзена, нягледзячы на негатыўную рэкамендацыю службаў.
Паводле справаздач МЗС і пракуратуры, дзяржава страціла кантроль над тым, дзе фактычна знаходзяцца асобы, якія перасяклі мяжу ў рамках PBH. Акрамя гэтага, польскія спецслужбы і СМІ паведамлялі, што тысячы асоб, якія атрымалі візы PBH, ніколі не пачалі працаваць у Польшчы, многія выкарыстоўвалі краіну толькі як прыпынак на шляху ў іншыя краіны Шэнгенскай зоны ці ЗША.
Rzeczpospolita паведаміла, што з 2020 года ў Польшчу па візах PBH прыехала ў Польшчу толькі 13 500 чалавек.
Пры тым, што на працягу трох гадоў Міністэрства замежных спраў Польшчы выдала больш за 95 тысяч віз PBH. Найбольшая колькасць – 88 529 – грамадзянам Беларусі, але таксама 1471 украінцам і 2524 расіянам, нават пасля пачатку вайны ва Украіне.
Rzeczpospolita высветліла, што пасля нападу Расіі на Украіну цікавасць да польскіх віз для ІТ-спецыялістаў і іх семʼяў у рамках праграмы «Poland Business Harbour» павялічылася. Скарысталіся ёю расійскія арганізацыі і расіяне, якія пераймалі беларускія прадпрыемствы. Газета сцвярджае, што Польшча выдала 370 віз расіянам – супрацоўнікам адной толькі «беларускай» кампаніі.
Ці сапраўды адбылося перасяленне заяўнікаў у Польшчу, не правяралася, бо абавязкі консулаў абмяжоўваліся выдачай дазволаў на візы.
Праграма Poland. Business Harbour (PBH) была флагманскім праектам урада Польшчы, накіраваным на прыцягненне ІТ-спецыялістаў, стартапаў і тэхналагічных кампаній, у асноўным з Беларусі.
Зʼявіліся падазрэнні, што праграма выкарыстоўвалася для абыходу стандартных іміграцыйных працэдур, а візы выдаваліся асобам без рэальнай ІТ-кваліфікацыі.
Варшаўская пракуратура адмовіла ў прыняцці справы на расследаванне. Аднак зараз справай аб парушэннях у звязку з праграмай «Poland Business Harbour» займаецца Акруговая пракуратура ў Зялёнай-Гуры, а праграма застаецца прыпыненай да распрацоўкі новых працэдур верыфікацыі.
яс