Дзіяна Малінчык — спецыялістка па рэгістрацыі і суправаджэнні бізнесу ў Польшчы. Яна кансультуе і дапамагае беларускім прадпрымальнікам у вырашэнні розных адміністрацыйных спраў.
— Дзіяна, вы ўжо некалькі гадоў працуеце з беларускімі прадпрымальнікамі і бізнесменамі ў Познані. На ваш погляд, іх колькасць расце ці змяншаецца?
— Канешне, да мяне, на жаль, прыходзяць не ўсе беларусы Познані. Але, як я магла заўважыць, тыя беларусы, якія прыехалі адразу пасля пратэстаў і перанеслі сюды свой бізнес, — гэта былі прадстаўнікі ІТ-сферы. Зараз тыя беларусы, якія ўжо тут абжыліся і агледзеліся, пачынаюць адкрываць свае ўласныя бізнесы. Часцей за ўсё яны звязаныя з гастраноміяй, гандлем і паслугамі. На маю думку, бізнесаў з беларускімі каранямі будзе станавіцца толькі больш, і яны будуць развівацца.
— Наколькі складана замежніку адкрыць сваю справу ў Польшчы? З чым даводзіцца ў такой сітуацыі сутыкацца?
— Па-першае, гэта падаткі. Трэба ведаць, якія яны існуюць і як правільна іх разлічваць. Па-другое, праблема, якую назіраю цяпер даволі часта, — адкрыццё рахунку ў банку. Зараз банкі змянілі свае правілы, і калі замежнік не мае польскай карты побыту, то ён ужо не можа адкрыць рахунак у банку. І гэта тычыцца ўжо ўсіх банкаў. Раней, калі беларус прыязджаў у Польшчу, меў карту побыту іншай краіны ЕС і адкрываў тут бізнес, то ніякіх праблем з банкамі не было, але зараз такое ўжо немагчыма. Таму гэта адна з галоўных праблем для замежнікаў.
— А што з падаткамі, якая тут праблема?
— Найперш трэба ведаць, якія падаткі існуюць для ІП ці для спулкі, бо працэдура вядзення бізнесу ў Польшчы адрозніваецца ад беларускай мадэлі. У Польшчы адказнасць за разлік падаткаў ляжыць не на бухгалтэрыі, а на ўласніку бізнесу. Таму трэба ўсё пільнаваць, правяраць па некалькі разоў і, калі нечага не ведаеш, то лепей звярнуцца за кансультацыяй да спецыяліста. Некаторыя, напрыклад, не здагадваюцца, што ў залежнасці ад сваёй сістэмы падаткаабкладання яны могуць па-рознаму разлічваць кошты. А калі прыходзяць да мяне, я іх кансультую, то атрымліваецца, што можна было б заплаціць меншыя падаткі, чым яны заплацілі.
— Гэта значыць, што да вас варта звяртацца?
— Канешне. Да мяне выгадна звяртацца, бо я даю інфармацыю не толькі пра падаткі, але і пра адказнасць прадпрымальніка. Я тлумачу ім гэта даступнай мовай, а мой досвед у гэтай сферы ўжо некалькі гадоў, таму я загадзя ведаю, якія праблемы і пытанні цікавяць прадпрымальнікаў. І на ўсе гэтыя пытанні я ўжо маю адказ.
— Вашы паслугі дарагія?
— Не, не дарагія. Я кансультую 60–80 хвілін, і гэта каштуе 300 злотых. У юрыстаў падобная кансультацыя будзе каштаваць ад 500 злотых, а яшчэ ў добрага бухгалтара — ад 200 злотых.
— Дзіяна, а на ваш погляд, чаму ў Польшчы ўскладняюцца такія працэдуры, як, напрыклад, адкрыццё рахунку ў банку для замежніка?
— Я таксама не ведаю. Мне здаецца, што ўлады Польшчы не маюць уплыву на банкі, якія ствараюць гэтую праблему. А банкі ўводзяць свае правілы, пра якія яшчэ трэба даведацца. І самае дзіўнае, што тыя ж банкі патрабуюць як мага больш кліентаў — і з беларусаў, і з украінцаў, і з іншых замежнікаў.
Зараз не ўсе беларусы маюць беларускі пашпарт: некаторыя атрымліваюць польскі праязны дакумент. А калі звяртаюцца з ім у банк, то там папросту не ведаюць, што гэта такое. Пачынаюць высылаць яго ў свой дэпартамент, і працэдура, якая павінна адбыцца за некалькі хвілін, расцягваецца на цэлы тыдзень.
— Ці ёсць у вас нейкая статыстыка — колькі беларусаў пацярпела ад такіх перашкодаў?
— Я маю толькі сваю статыстыку. Сярод маіх кліентаў кожны трэці не можа адкрыць у банку рахунак для свайго бізнесу.
— А як людзі выходзяць з такіх сітуацый?
— Адзінае, што зараз можна рабіць, — адкрываць рахунак у анлайн-банку, а потым, калі ўжо пэўны час будзе існаваць бізнес, можна будзе зноў звярнуцца ў банк і прадставіць там доказ таго, што дзейнасць вялася. І, магчыма, банк зменіць сваё стаўленне і адкрые рахунак.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце аўдыё!