«Бальнічны ложак пачакае, а пацыент – не». Пад такім дэвізам у панядзелак пачаўся пратэст у бальніцах у Польшчы, аб чым чытаем у выданні «Gazeta Wyborcza». Пакуль што ён заключаецца толькі ў інфармаванні і чорных стужках на ўваходзе ў медустановы.
Шпіталі паветавага значэння пратэстуюць супраць палітыкі Нацыянальнага фонду аховы здароўя адносна вызначэння аплаты за паслугі (szpital powiatowy – паветавы шпіталь. Powiat (павет) — адміністрацыйная адзінка ў Польшчы, узровень паміж гмінай і ваяводствам – рэд.). Кіраўніцтва бальніц б’е трывогу, што палітыка ўраду давядзе ўстановы аховы здароўя да сур’ёзнага крызісу, у выніку — пад пагрозай бяспека пацыентаў.
Бальніцы ў паветах атрымліваюць грошы з фонду, большасць сродкаў яны прызначаюць на зарплаты персаналу, паколькі, згодна з законам, кожны год зарплаты медработнікаў растуць. Грошай на ўсё не хапае. У мінулым годзе бальніцы атрымалі з фонду на лячэнне звыш 27 мільярдаў злотых, а выдаткі склалі звыш 31 мільярда, такім чынам, абсалютная большасць устаноў (91%) панесла страты.
Бальніцы пратэстуюць супраць рашэння Міністэрства аховы здароўя, у выніку якога яны страцяць дадатковыя сродкі — каля 700 мільёнаў злотых, прызначаных на ранейшыя кантракты. Шпіталі і так тонуць у даўгах, а гэтае рашэнне пагоршыць іх сітуацыю. Прафсаюз працадаўцаў паветавых бальніц папярэджвае, што калі нічога не зменіцца ў прынцыпах фінансавання працы ўстаноў аховы здароўя, тады яшчэ большай колькасці пацыентаў прыйдзецца карыстацца прыватнымі медычнымі паслугамі або чакаць абследавання шмат месяцаў.
нг