Беларуская Служба

Максім Знак пра турэмны гумар: Лепшае, што можна зрабіць, калі нельга памяняць сітуацыю – змяніць стаўленне да яе

23.04.2026 18:26
Знак — не толькі юрыст і палітык, але таксама інтэлектуал, бард і пісьменнік. 
Аўдыё
  • Максім Знак - не толькі юрыст, але таксама інтэлектуал, бард і пісьменнік.
          .
Максім Знак у Музеі Вольнай Беларусі на фоне карцін Лявона Вольскага.Фота: Беларуская служба Польскага радыё/Наталля Грышкевіч

Максім Знак — беларускі юрыст, адвакат, палітычны дзеяч, пісьменнік і бард, прадстаўнік дэмакратычнага руху. Атрымаў юрыдычную адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, працаваў у буйной юрыдычнай фірме, лічыўся адным з вядучых спецыялістаў у галіне інвестыцыйнага арбітражу.

У 2020 годзе далучыўся да выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі як юрыст штаба. Пасля арышту Бабарыкі Максім Знак стаў адным з ключавых членаў Каардынацыйнай рады. 9 верасня 2020 года быў затрыманы ў Мінску. Яму прад’явілі абвінавачанні, звязаныя з «заклікамі да захопу ўлады» і «стварэннем экстрэмісцкага фармавання». У 2021 годзе суд прысудзіў яму 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

13 снежня 2025 года выйшаў на волю ў выніку перамоў паміж Аляксандрам Лукашэнкам і спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам. Быў вывезены ва Украіну, адкуль перабраўся жыць у Польшчу. Ён кажа, што толькі пасля выезду ва Украіну зразумеў, як моцна змяніўся свет за час яго прабывання ў засценках.

— Найбольш складаная частка нашага падарожжа была па Беларусі. Потым нас вельмі гасцінна прынялі ўкраінцы, але ж там ідзе вайна, і мы гэта адчулі. Ноччу мы сходзілі ў бомбасховішча па некалькі разоў, адчувалі выбухі. Зразумелі, як змяніўся свет, пакуль мы былі за кратамі. Калі прыехалі ў Польшчу, першае ўражанне – незразумела, што мы, дзе мы, што рабіць. Але нашмат лепей быць у вольнай краіне. Я падаўся ў Польшчы на міжнародную абарону, чакаю дакументы. Я тут пэўна на доўга. Гэта натуральны выбар, Польшча прымае беларусаў, дзяржава шмат робіць, вельмі шмат маіх суайчыннікаў аказаліся ў такой сітуацыі.   

Будучы ў калоніі, Максім Знак доўгі час знаходзіўся ў так званым рэжыме «інкамунікада» - гэта поўнае пазбаўлення сувязі з вонкавым светам. У такім рэжыме прабывалі і прабываюць многія палітычныя вязні. Максім Знак не атрымліваў лістоў, таксама яго лісты не даходзілі да блізкіх. Гэта катаванне - не толькі для зняволенага, але і яго блізкіх.

— Да мяне нічога не даходзіла. Апошні ліст я атрымаў 6 лютага 2023 года, а дэпартаваны быў 13 снежня 2025 года. Ніводнага ліста, тэлефанавання, сустрэчы з адвакатам. Татальная інфармацыйная ізаляцыя. Я яшчэ большую частку часу знаходзіўся адзін у камеры. Калі хтосьці і быў са мной у камеры, гэта не быў чалавек, які ведаў нейкія палітычныя навіны, а звычайныя крымінальнікі. Гэта складаная сітуацыя для блізкіх, паколькі ў мяне больш нагод думаць пазітыўна, чым маім родным, якія могуць што заўгодна напрыдумляць. Гэта таксама катаванне - не для тых, хто знаходзіцца ў турме, а для іх родных. Гэта забаронена не толькі заканадаўствам, але і агульначалавечай мараллю. Дзякуй Богу, мае родныя моцна трымаліся, у іх была вера, што са мной усё нармалёва.    


Пасля канцэрту некалькі дзясяткаў жадаючых чакалі ў чарзе, каб аўтар падпісаў ім сваю кнігу "Зэкамерон". Пасля канцэрту некалькі дзясяткаў жадаючых чакалі ў чарзе, каб аўтар падпісаў ім сваю кнігу "Зэкамерон".

Знак - не толькі юрыст, але таксама інтэлектуал, бард і пісьменнік. Будучы ў зняволенні, ён пісаў лісты і эсэ, якія сталі важнай часткай сучаснай беларускай турэмнай літаратуры. Гэта, акрамя вершаў, кароткія занатоўкі – назіранні за штодзённым жыццём зняволеных, напісаныя з лёгкім гумарам і вялікай дозай гуманізму. Напрыклад, пра адну са стратэгій выжывання за кратамі – прыкінуцца вар'ятам. На такіх людзей турэмная адміністрацыя глядзіць паблажліва, іх пакідаюць у спакоі. Адзін з такіх «вар'ятаў» - герой эсэ «Сабака». Разумны чалавек рабіў выгляд, што ён сабака, брахаў, а не гаварыў. А раз заржаў, як конь. На пытанне, чаму ён заржаў, а не брахаў, той адказаў: «Вывучаю замежныя мовы».  

У турме ў чалавека часта стаіць выбар, ці яму плакаць, ці смяяцца. На думку Максіма Знака, лепш выбіраць гумар і смех. Акрамя таго, аптымізм вельмі дапамагае выжыць у гэтых нечалавечных умовах.

— Я – чалавек не толькі аптымістычны, але і рацыянальны. Я ведаю, што гэта найлепшы шлях. Калі ты знаходзіш пазітыў у самыя цяжкія хвіліны, лягчэй вытрымаць. Не я гэта прыдумаў, гэта прыдумалі пэўна тысячагоддзі таму. Найбольш выразна Віктар Франка ў сваіх кніжках сфармуляваў гэтую філасофію, паказаў на прыкладзе нечалавечных умоў Асвенцыма, як гэта ўсё працавала. А гумар – гэта лепшае, што можна зрабіць, калі нельга памяняць сітуацыю. Можна памяняць стаўленне да сітуацыі. Гумар – гэта лепшая зброя супраць сістэмы. Калі мы чапляемся за недарэчнасці, якія мы бачым у гэтым свеце з дапамогай жартаў, яна пачынае пакрысе развальвацца. 

Разам з Максімам Знакам у снежні з-за крат выйшлі 123 чалавекі. Але ў калоніях і турмах застаюцца яшчэ сотні палітычных вязняў. Для Польшчы вязень нумар адзін – гэта журналіст Анджэй Пачобут. Наш госць гаворыць, што Анджэй, таксама як ён, часта прабывае ў адзіноце ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ).

— Ведаю, што сітуацыя выведзена на міжнародны асабісты ўзровень, гэта таксама публікуецца там у афіцыйнай прэсе. Я не быў у адной калоніі з Анджэем, але ведаю, што яго, таксама як мяне, трымаюць у ПКТ. Там можа быць вельмі шырокая палітра ўмоў. Добра там не будзе ніколі, але можна рабіць усё горш і горш. Я ведаю, што Анджэй – вельмі валявы, моцны чалавек, ён вытрывае, але спадзяюся, што ў яго «нармальныя», як ува ўсіх умовы, што яму не помсцяць на ўсё 350%.

Надоечы Максім Знак выступіў у Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі. Ён амаль дзве гадзіны спяваў свае песні і чытаў літаратурныя творы. У канцы канцэрту гледачы, стоячы, вельмі доўга білі яму брава і прасілі праспяваць на біс. Былі пераклады песняў Барыса Грэбеншчыкова, гуртa The Beatles, і, канешне, у сталіцы Польшчы не магло абыйсціся без кампазіцыі пра Варшаву, у якой ідзе гаворка пра Варшаўскае пастаўнне.

Слухайце далучаны гукавы файл

нг