Беларуская Служба

Былы амбасадар РП у Беларусі Марыюш Машкевіч: Пачобут, выхоўваючы новае пакаленне палякаў у Беларусі, уяўляў пагрозу для рэжыму Лукашэнкі

30.04.2026 12:33
«Анджэй Пачобут выхоўваў моладзь — не толькі палякаў у Беларусі, але і саміх беларусаў. І таму ён уяўляе вялікую пагрозу для бесчалавечнай сістэмы».
Аўдыё
  • Былы амбасадар РП у Беларусі Марыюш Машкевіч: Пачобут, выхоўваючы новае пакаленне палякаў у Беларусі, уяўляў пагрозу для рэжыму Лукашэнкі
,  . ,   ()
Інсталяцыя, прысвечаная А. Пачобуту, у Беластоку (ілюстрацыя)фота: Беларуская служба Польскага радыё

Польска-беларускі журналіст, адзін з лідараў польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут, пасля абмену і прыбыцця ў Польшчу, аднаўяе сілы ў адным з варшаўскіх шпіталяў.

Анджэй Пачобут, выхоўваючы новае пакаленне палякаў у Беларусі, уяўляў пагрозу для рэжыму Лукашэнкі — і таму яго вызваленне аказалася настолькі складаным. Акалічнасці вызвалення журналіста тлумачыць былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч (1998–2002). Журналіст выйшаў на волю ў межах абмену з беларускім бокам.

У размове з Беларускай слжубай Польскага радыё дыпламат падкрэсліў, што Анджэй Пачобут дбайна захоўваў памяць пра супольную польска-беларускую гісторыю.

— Чаму ўсё гэта доўжылася так доўга? Ці магло гэта адбыцца значна хутчэй? Ці мела Польшча інструменты, каб націснуць на беларускі бок, на рэжым Лукашэнкі, каб вызваліць Анджэя Пачобута? Беларуская ўлада запатрабавала вельмі высокую цану за Анджэя. Для іх ён быў вельмі нязручнай фігурай, бо ён не здзейсніў ніякага злачынства, ніякай злачыннай дзеі. 8 гадоў зняволення — гэта прысуд за найцяжэйшыя злачынствы, вельмі жорсткае пакаранне. А тут чалавек проста думае інакш, мае іншае бачанне супольнай польска-беларускай гісторыі.

У сваёй грамадскай і публіцыстычнай дзейнасці Пачобут паслядоўна звяртаўся да гэтай агульнай спадчыны. Я чытаў шмат яго тэкстаў — ён пастаянна апелюе да таго, што нас яднае, асабліва да гісторыі XVIII стагоддзя і больш ранніх часоў. Менавіта гэта найбольш нязручна для сучаснага беларускага рэжыму, які грунтуецца на бальшавіцкай прапагандзе і адмаўляе нашу агульную спадчыну.

Анджэй быў небяспечны яшчэ і таму, што захоўваў памяць пра ахвяр таталітарнага рэжыму, пра жаўнераў Арміі Краёвай на Гродзеншчыне. Дбаў пра ўсё тое, што для нас істотнае, — насуперак бальшавіцкай прапагандзе. Гэта чалавек, які выхоўваў маладое пакаленне — не толькі палякаў у Беларусі, але і саміх беларусаў. І таму ён уяўляе вялікую пагрозу для гэтай бесчалавечнай сістэмы. Адсюль і такія цяжкасці з яго вызваленнем. Думаю, што амерыканскі бок таксама значна дапамог, хаця гэта хутчэй маё меркаванне, бо дакладных звестак у мяне няма. На шчасце, адбылося тое, чаго ўсе мы чакалі шмат гадоў.

— Як гэты абмен ўспрымаецца ў Польшчы? Ад палітыкаў і каментатараў часам можна пачуць два супрацьлеглыя сігналы: адны кажуць, што адкрываецца прастора для дыялогу з афіцыйным Мінскам, іншыя — што гэта толькі абмен і ён нічога не змяняе.

— Гэта вынік амерыкана-беларускіх перамоў. Амерыканцы спрабуюць разыграць Лукашэнку, а ён, у сваю чаргу, разлічвае на пэўныя карысці — змякчэнне санкцый, магчымасць экспарту беларускай прадукцыі, доступ да сродкаў, неабходных для функцыянавання рэжыму. Я б разглядаў гэта выключна ў такім кантэксце. Не бачу тут сігналу да рэальнага паляпшэння адносін. Шчыра кажучы, не бачу прасторы для нейкай «адлігі» і ўнутры Беларусі. Не думаю, што гэта прынясе паляпшэнні ні для польскай меншасці, ні для беларускай апазіцыі, ні для дэмакратычных працэсаў. Гэта хутчэй тактычныя саступкі з боку Мінска, і менавіта так гэта трэба інтэрпрэтаваць.

Вы працавалі ў Мінску і назіралі з рэжымам Лукашэнкі зблізку. Ці можна ацаніць, ступень самастойнасці рашэнняў афіцыйнага Мінска, асабліва ў пытаннях абменаў зняволенымі, калі гаворка ідзе пра такія фігуры, як нпарыклад расійскі археолаг Буцягін затрыманы ў Польшчы па запыце Украіны, з-за нелегальных раскопак у Крыме?

— Расія, безумоўна, скарысталася гэтым момантам. Якія дакладна дамоўленасці існуюць паміж Крамлём і камандай Лукашэнкі — мы не ведаем, але відавочна, што вакол яго знаходзіцца шмат людзей, прыстаўленых з Масквы. Таму ўсе ключавыя рашэнні ў сістэме ўлады Беларусі ў значнай ступені кантралююцца Расіяй — і гэта, на жаль, вельмі сумная рэальнасць. Расіяне выкарысталі сітуацыю, і археолага ім перадалі. Не думаю, што гэта істотна паўплывае на польска-ўкраінскія адносіны. Украінцы добра разумеюць, наколькі важна ратаваць людзей і вызваляць зняволеных. Яны самі вядуць вельмі далікатныя перамовы пра вызваленне і абмен сваіх вайскоўцаў. Таму, думаю, з іх боку будзе разуменне. Хоць, безумоўна, перадача Буцягіна — гэта страта. Як і ў выпадку з Паўлам Рубцовым — вельмі каштоўным зняволеным, якога мы затрымалі, і які аказаўся расійскім агентам, нягледзячы на тое, што выступаў як нібыта іспанскі журналіст. Тады мы таксама былі вымушаныя пайсці на саступкі, але тады ўзамен шмат не атрымалі. Тады гэта было зроблена па просьбе амерыканскага боку. У такіх абменах цяжка даваць адназначныя ацэнкі, не маючы поўнай інфармацыі, якой валодаюць перамоўшчыкі.

— Спадар пасол, напэўна вы асабіста ведаеце Анджэя Пачобута?

— Вядома. Я ведаю і яго сям’ю. Я працаваў у Гродне консулам яшчэ да таго, як стаў амбасадарам у Беларусі, правёў там некалькі гадоў. Добра ведаю асяроддзе польскай меншасці, таму высока ацэньваю дзейнасць Анджэя Пачобут. Калі я пачынаў працу ў Гродне, ён яшчэ вучыўся ў Польшчы. Пазней разам з Анджэем Пісальнікам яны стваралі незалежную журналістыку вакол Саюза палякаў у Беларусі. Ён вельмі шмат зрабіў, стаў паважаным, актыўным чалавекам, якому можна даць самыя высокія ацэнкі. Пазней, ужо ў Мінску, я працягваў назіраць за яго дзейнасцю. Чытаў яго тэксты, яго размовы з беларускімі палітолагамі і гісторыкамі — у тым ліку і з тымі, хто падтрымлівае рэжым. Ён не баяўся, і прыходзіў да прапагандыстаў. Ён умее весці дыялог, уступаў у спрэчкі, меў аргументы. І гэта было вельмі мудра — не баяцца такіх размоў, ісці адкрыта ў розныя рэдакцыі. Анджэй Пачобут вядомы і аўтарытэтны чалавек, якому сапраўды ёсць што сказаць.

Ці зможа Анджэй Пачобут адаптавацца да новай рэальнасці? Адным з першых яго публічных пытанняў пасля вызвалення было: ці зможа ён вярнуцца ў Беларусь.

— Думаю, што цяпер ён сам вельмі сур’ёзна над гэтым разважае. Найперш трэба, каб ён аднавіў сілы, прайшоў неабходную дыягностыку, каб польскія лекары дапамаглі яму паправіць здароўе. Гэта цяпер галоўнае. Я перакананы, што ён так доўга заставаўся ў зняволенні менавіта таму, што не пагаджаўся на выезд у Польшчу. Ён грамадзянін Беларусі і лічыць, што павінен быць там. Як і Мікола Статкевіч, ён заставаўся прынцыповым і нязломным. Відаць, ён пагадзіўся на выезд толькі на ўмовах, што гэта часова і што ён зможа вярнуцца. Магчыма, яму далі такія гарантыі — пісьмовыя або вусныя, мы гэтага не ведаем, магчыма гэта былі амерыканцы. Таму першае, з чым ён звярнуўся да польскага прэм’ера, — гэта пытанне пра магчымасць вяртання. Гэта яго намер. Іншая справа — ці дазволяць гэта зрабіць. Быў выпадак з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, якому рэжым дазволіў вярнуцца, але тады была задзейнічана ўся ватыканская дыпламатыя.

Эдуард Жолуж

Слухайце аўдыё!