Беларуская Служба

Настолкі па-беларуску: як студэнт з Познані аб’ядноўвае моладзь вакол мовы

18.05.2026 15:31
Беларускі студэнт у Познані стварыў моладзевы клуб, каб далучаць беларусаў да беларускай мовы. І вырашыў, што найбольш зручна рабіць гэта праз гульні. З ім гутарыць Павел Залескі.
Аўдыё
  • Настолкі па-беларуску: як студэнт з Познані аб’ядноўвае моладзь вакол мовы
Настольныя гульніфота: Паўла Залескага

Карэспандэнт: Аляксей, як увогуле ў цябе ўзнікла ідэя стварыць моладзевы клуб?

Аляксей: Калі я пераехаў у Польшчу, мяне здзівіла, што сярод беларускай эміграцыі вельмі мала людзей размаўляе на беларускай мове. Я вырашыў, што сітуацыю варта выпраўляць. Падумаў, што самы эфектыўны спосаб — стварыць прастору і ўмовы, дзе людзі змогуць ва ўтульнай атмасферы практыкаваць беларускую мову. Адзін з найбольш зручных спосабаў — рабіць гэта праз гульні. І пачалося ўсё з настолак. Але адразу дадам, што наш клуб не толькі гуляе ў настольныя гульні — мы праводзім тэматычныя сустрэчы, размаўляем на розныя тэмы, глядзем беларускія кінастужкі, абмяркоўваем цікавыя рэчы і робім гэта па-беларуску. Мушу сказаць, што паступова гэта сапраўды спрацавала. Цяпер многія нашы ўдзельнікі ў паўсядзённым жыцці перайшлі на беларускую мову.

Карэспандэнт: Значыць, ты ствараў клуб, каб займацца папулярызацыяй беларускай мовы?..

Аляксей: У пэўным сэнсе так.

Карэспандэнт: Тады крыху распавядзі пра ваш клуб, што ён сабой уяўляе.

Аляксей: Гэта культурніцкі беларускамоўны моладзевы клуб. Найчасцей мы праводзім гульні, з дапамогай якіх вывучаем беларускую мову. Часам ладзім і больш арыгінальныя мерапрыемствы: адкрытыя размовы на хвалюючыя тэмы, знаёмства з беларускім фальклорам і міфалогіяй, разам глядзім кінастужкі на беларускай мове. Выбіраем тое, што цікавіць людзей.

Карэспандэнт: Наколькі разумею, асобнае месца ў вас займаюць настолкі. Чаму менавіта яны?

Аляксей: Гэта вельмі простая і даступная актыўнасць. Бо, напрыклад, калі праводзіць адкрытую размову, то на падрыхтоўку ўдзельнікам патрабуецца значна больш часу. А паколькі мы ставім за мэту прыцягнуць як мага больш людзей да беларушчыны, то настолкі для гэтага падыходзяць найлепш. Яны не патрабуюць адмысловай падрыхтоўкі, гэта простая і прыемная актыўнасць, якая ламае моўныя бар’еры.

Карэспандэнт: А ў якія настолкі вы гуляеце?

Аляксей: Іх вельмі шмат і ўсе розныя. Мы гуляем у «Цытадэлі», «Бункер», «Мафію» — варыянтаў насамрэч шмат.

Карэспандэнт: Гэта беларускія настолкі?

Аляксей: Не ўсе. Многія створаныя ў Еўропе і Амерыцы, а некаторыя беларускія я прывёз з дому. Праўда, мушу сказаць, што многія з іх расійскамоўныя або англамоўныя, але падчас гульні мы ўсё перакладаем на беларускую мову. Насамрэч гэта такі ўніверсальны спосаб прыцягнуць людзей, прапанаваць ім альтэрнатыўны занятак замест таго, каб сядзець за камп’ютарам.

Карэспандэнт: А сярод палякаў такія гульні папулярныя?

Аляксей: Так, вядома. Мы нават ва ўніверсітэце падчас студэнцкай інтэграцыі выкарыстоўвалі настолкі. Мне здаецца, што гэта не звязана з канкрэтнай краінай ці ўзростам. Напрыклад, я і сам любіў гуляць у настолкі са сваімі бацькамі, і ведаю шмат іншых сем’яў, дзе гэта таксама было папулярна.

Карэспандэнт: А хто прыходзіць да вас у клуб гуляць у настолкі?

Аляксей: Спачатку мы спрабавалі зрабіць клуб у межах універсітэта, але нешта не атрымалася, таму дзейнічаем як гарадскі клуб. Цяпер да нас прыходзяць студэнты з розных універсітэтаў горада, а таксама проста моладзь з Познані.

Карэспандэнт: А як можна апісаць чалавека, які цікавіцца настолкамі?

Аляксей: Гэта вельмі розныя людзі. Мне здаецца, што яны не маюць нейкіх асаблівых агульных характарыстык. Магчыма, крыху больш крэатыўныя за сярэднестатыстычнага чалавека, магчыма, больш любяць альтэрнатыўныя, аналагавыя спосабы правядзення вольнага часу. Хаця самі настолкі сёння — даволі масавая і папулярная актыўнасць, таму яны падыходзяць самым розным людзям.

Карэспандэнт: І ўсё ж, што, на тваю думку, найбольш прыцягвае людзей у настолках?

Аляксей: Перш за ўсё — гэта цікавыя гульні. Але важны і іншы аспект: настолкі даюць магчымасць для сацыялізацыі. Асабліва гэта актуальна для студэнтаў, якія пераязджаюць у новы горад або нават у іншую краіну без родных і блізкіх. Ім патрэбная прастора, дзе можна кантактаваць з іншымі людзьмі, знаёміцца, адчуваць сябе часткай супольнасці. Настолкі якраз і даюць такую магчымасць.

Карэспандэнт: Як даўно ты сам пачаў гуляць у настолкі і ці папулярныя яны ў Беларусі?

Аляксей: Так, у Беларусі гэта таксама папулярна. Мы з сябрамі пачалі гуляць прыкладна гадоў з васьмі. Збіраліся пасля школы або ў выходныя і гулялі разам.

Карэспандэнт: А ў вашым клубе толькі беларусы?

Аляксей: Пераважна так, бо клуб беларускі. Але мы запрашаем і ўкраінцаў. Адзіная ўмова — каб яны гаварылі па-ўкраінску. І ахвотныя сярод іх ёсць. Мы вырашылі быць салідарнымі з украінцамі, бо і моўныя сітуацыі ў нас падобныя, і самі мовы вельмі блізкія.

Карэспандэнт: Якая настолка найбольш папулярная ў вашым клубе?

Аляксей: Напэўна, «Сакрэтны Гітлер». Хаця апошнім часам мы ўжо крыху стаміліся ад яе і часцей гуляем у нешта іншае. Правілы там падобныя да «Мафіі»: ёсць дзве каманды, якія прымаюць законы, і гэта ўплывае на вынік гульні — перамагае тая каманда, якая прыме больш законаў. Гэта вельмі сацыяльная гульня, якая патрабуе інтуіцыі, аргументацыі і нават аратарскіх здольнасцяў. Можна сказаць, што гэта тая ж «Мафія», толькі з палітычным адценнем.

Павел ЗАЛЕСКІ

На здымку: Настольныя гульні. Фота Паўла Залескага