17-гадовы Дамінік хацеў толькі дапамагчы жанчыне з дзіцячай каляскай выйсці з цягніка. Але праз некалькі секунд адбылася трагедыя, якая назаўсёды змяніла яго жыццё – піша «Fakt».
Жахлівы выпадак адбыўся 14 лютага гэтага года. Дамінік ехаў цягніком з Радама разам з маці. На станцыі ён заўважыў жанчыну з маленькім дзіцем і каляскай і вырашыў дапамагчы вынесці яе на платформу.
Аднак вярнуцца назад у вагон хлопец ужо не паспеў. Аўтаматычныя дзверы нечакана зачыніліся, заціскаючы яму руку, цягнік пачаў рухацца. Падлетка працягнула па платформе некалькі дзясяткаў метраў. Увесь гэты час ён заставаўся прытомным, а трагедыя адбылася на вачах яго маці.
У выніку аварыі хлопец страціў абедзве нагі і пальцы правай рукі. Яго жыццё ўдалося выратаваць дзякуючы хуткай рэакцыі выпадковага сведкі, які спыніў магутны крывацёк яшчэ да прыезду медыкаў.
Дамінік амаль месяц знаходзіўся ў шпіталі ў штучнай коме. Праз тры месяцы хлопец вярнуўся дадому і цяпер праходзіць працяглую і вельмі дарагую рэабілітацыю. Каб дапамагчы сям’і пакрыць выдаткі, быў зладжаны збор сродкаў. Гісторыя Дамініка кранула людзей па ўсёй Польшчы. За кароткі час удалося сабраць каля двух мільёнаў злотых. Гэтыя грошы дапамогуць аплаціць рэабілітацыю і сучасныя пратэзы, якія дадуць хлопцу магчымасць зноў навучыцца хадзіць.
Бацька падлетка кажа, што сям’я не чакала такой падтрымкі. А сам Дамінік прызнаецца: паведамленні ад незнаёмых людзей дапамаглі яму не страціць надзеі.
У дапамогу ўключылася і кампанія «Мазавецкая чыгунка», цягнік якой удзельнічаў у трагедыі. Прадпрыемства прапанавала хлопцу фінансавую падтрымку, стыпендыю, а нават магчымасць уладкавацца на працу ў будучыні. Дамінік з дзяцінства цікавіўся чыгункай: здымаў цягнікі, маляваў лакаматывы і марыў працаваць у гэтай сферы. Цяпер ён кажа, што хацеў бы калі-небудзь зрабіць польскую чыгунку больш бяспечнай.
нг