Беларуская Служба

Большасць палякаў супраць Polexit — але антыеўрапейскія настроі растуць

25.05.2026 09:15
Намеснік міністра замежных спраў Ігнацы Нямчыцкі перакананы што, спроба вывесці Польшчу з ЕС магла б справакаваць масавыя пратэсты.
Сцягі Еўрасаюзафота: pixabay.com/CC0 Public Domain

71% палякаў падтрымліваюць далейшае сяброўства краіны ў ЕС. Такія вынікі сацапытання, праведзенага для газеты «Super Express» апублікаваў даследчы інстытут Pollster. За выхад Польшчы з ЕС — так званы Polexit — выступілі 21% рэспандэнтаў, яшчэ 8%  не маюць выразнай пазіцыі.

Паводле даследавання, амаль палова апытаных — 49 % — «адназначна» хочуць, каб Польшча заставалася ў Еўрасаюзе. Пры гэтым 10% падтрымліваюць безумоўны выхад краіны з Супольнасці, а яшчэ 11% хутчэй схіляюцца да такой ідэі. Апытанне правялі 5–6 траўня сярод 1024 дарослых жыхароў Польшчы.

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ігнацы Нямчыцкі раней заявіў выданню «Dziennik Gazeta Prawna», што сцэнарый Polexit сёння выглядае нерэалістычным, бо польскае грамадства не падтрымала б такога рашэння. Паводле дыпламата, спроба вывесці Польшчу з ЕС магла б справакаваць масавыя вулічныя пратэсты.

Разам з тым палітык адзначыў, што ў краіне ўсё больш прыкметнымі становяцца антыеўрапейскія настроі. На яго думку, прычына ў тым, што грамадская дыскусія пра ЕС часта зводзілася толькі да размоў пра еўрапейскія датацыі, без шырэйшага тлумачэння палітычных і эканамічных пераваг сяброўства ў арганізацыі.

Польшча ўваходзіць у ЕС з 2004 года. За гэты час краіна стала адным з галоўных атрымальнікаў еўрапейскіх фондаў і значна паскорыла эканамічнае развіццё.

эж