Беларуская Служба

Беларускія даследаванні ў англамоўным свеце: маргіналізаваная сфера ці даследчае поле ў працэсе станаўлення?

08.06.2026 12:45
Такое контраверсійнае пытанне задалі ўдзельнікам круглага стала, на якім абмяркоўвалі стан беларускіх даследаванняў у ЗША і Вялікабрытаніі.
Аўдыё
  • Беларускія даследаванні ў англамоўным свеце: маргіналізаваная сфера ці даследчае поле ў працэсе станаўлення?
.
.kropekk_pl/pixabay.com/CC0

Ініцыятарам круглага стала на згаданую тэму стаў гісторык Віктар Шадурскі. Ён расказвае, што ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што сёння гэтыя даследаванні не з’яўляюцца маргіналізаванымі. Сёння яны ёсць, колькасць павялічваецца, але важна каб колькасць пераходзіла ў бачны якасны вынік.

— Частка лічыла, што ўсё цяжка, цікавасці ніякай. Я кажу: вы выдалі адну кнігу. Яе не чытаюць. Але навуковую літаратуру заўсёды менш чытаюць. І чаму вы ўпэўнены, што беларускай праблематыцы павінна ўдзяляцца столькі ўвагі? Канешне, чым бліжэй да тэрыторыі Беларусі, тым і большы інтарэс. У прыватнасці, у Вялікабрытаніі вышэйшы інтарэс да беларускай праблематыкі, чым у ЗША. Гэта зразумела. У ЗША існуе таварыства даследаванняў, але яно ў спячым стане. У Вялікабрытаніі працуе часопіс, бібліятэка і музей Скарыны, выдавецтва ў Лондане. Сёння гэта працэс. Мы ведаем, што цікавасць да Беларусі саступае, канешне, цікавасці да нашых суседзяў. Але я лічу, што мы працягваем працэс, і ён будзе ісці. Трэба быць церпялівым, і не чакаць такіх хуткіх вынікаў. Сёння гэта самы правільны імператыў.

Сённяшняя сітуацыя з беларускімі даследаваннямі ў свеце ў пэўным сэнсе парадаксальная. Наведванне і навуковая праца ў самой Беларусі часта ўскладнены ў выніку геапалітычных працэсаў. Аднак з іншага боку сёння інфармацыйная прастора  адзіная.

 Зразумець краіну на дыстанцыю цяжка. Трэба размаўляць не толькі з навукоўцамі, але і з простымі людзьмі. Спецыялісты па Беларусі раней шмат былі ў Беларусі, цяпер яны не могуць туды паехаць, бо яны пішуць аб’ектыўныя тэксты, а гэта значыць, што ёсць і крытыка, і спроба разабрацца. Але сёння інфармацыйная прастора адзіная. У інтэрнэце сёння можна прачытаць усё. Ёсць шмат навуковых універсітэцкіх сайтаў, якія можна паглядзець. Таму той, хто сапраўды цікавіцца, мае магчымасць глядзець і вывучаць. Ёсць шмат прыкладаў, калі на кангрэсы беларускіх даследаванняў у Еўропу прыязджаюць працаўнікі навуковых устаноў Беларусі.

Віктар Шадурскі аптымістычна глядзіць на працэс, у тым ліку стварэння кам’юніці навукоўцаў. Паводле яго, неабходна ўзмацняць гарызантальныя сувязі паміж навукоўцамі, бо вертыкальных ужо дастаткова.

 Аўтарытарная дзяржава з жахам успрымае гарызантальныя сувязі. Яны бачаць у гэтым небяспеку. Пытанне стаіць такое: ці мы задаволены сёння гарызантальнымі сувязямі? Сённяшні стан цяжкі. Сёння па розных краінах, пытанні легалізацыі, працаўладкаванні грантаў. Аднак у нас ёсць добры прыклад: H-Belarus. Гэта ўніверсітэцкая сетка H-net, якая працуе ў ЗША. Там група валанцёраў можа зарэгістраваць тэму. Мы зарэгістравалі тэму Беларусі ў верасні мінулага года. Задача пляцоўкі кожны дзень глядзець, што па тэме Беларусі адбываецца. Рассылка ідзе кожны дзень, я вельмі задаволены, гляджу, чытаю.

Гэта англамоўная платформа, пытанне ў тым, што трэба стварыць беларускамоўную, гаворыць наш суразмоўца. Сёння мова  галоўны крытэр ідэнтычнасці і галоўная перашкода ў транснацыянальнасці, канстатуе Віктар Шадурскі.

Дакладчыкі і ўдзельнікі дыскусіі пагадзіліся, што стан беларускіх даследаванняў у ЗША і Вялікабрытаніі прыкметна адрозніваецца. У Вялікабрытаніі беларускай праблематыцы надаецца значна больш увагі, чым у Паўночнай Амерыцы. Гэтаму спрыяюць еўрапейскі гістарычны і акадэмічны кантэкст, традыцыйная навуковая і грамадская цікавасць да СССР, Расійскай імперыі і дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы, у тым ліку непасрэдна да Беларусі, а таксама актыўнасць беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі. Аднак і ў Злучаным Каралеўстве застаецца шмат працы, каб беларускія даследаванні былі паўнавартасна прадстаўлены ва ўніверсітэтах.

Поўная размова - у далучаным гукавым файле.

слухайце аўдыё

ав