У панядзелак, 8 чэрвеня, ў варшаўскім аэрапорце імя Фрэдэрыка Шапэна польскую тэнісістку Маю Хваліньскую, якая дайшла да фіналу Roland Garros, сустрэлі дзясяткі заўзятараў і журналістаў. Для спартсменкі падрыхтавалі кветкі, аўтограф-сесію і музычны сюрпрыз — песню «Пчолка Мая» Збігнева Вадэцкага.
— Хто ўключыў гэта? — з усмешкай спытала тэнісістка. Заўзятары суправаджалі яе да самага аўтамабіля, скандуючы імя спартсменкі, а паліцыі нават давялося на кароткі час абмежаваць рух каля выхаду з аэрапорта.
20 дзён, 10 матчаў і больш за 17 гадзін на корце — так выглядаў шлях Маі Хваліньскай на сёлетнім Roland Garros, які прынёс ёй галоўны поспех у кар’еры. Маладая польская тэнісістка стала першай у гісторыі ўдзельніцай, якая здолела дайсці да фіналу парыжскага турніру Вялікага шлема, пачаўшы выступленне яшчэ ў кваліфікацыі.
У вырашальным матчы Хваліньская саступіла расіянцы Міры Андрэевай — 3:6, 2:6. Аднак нават параза ў фінале не змяніла агульнай ацэнкі яе выступлення. Для 24-гадовай полькі гэты турнір стаў сапраўдным прарывам, які дазволіў ёй падняцца ў рэйтынгу WTA адразу са 114-га на 21-е месца. Пасля фіналу тэнісістка падзякавала заўзятарам за падтрымку:
— Вельмі дзякую за падтрымку, за тое, што прыходзілі на мае матчы цягам гэтых трох тыдняў. Я сапраўды правяла тут неверагодны час і вельмі ўдзячная, што магла дзяліцца гэтымі эмоцыямі з іншымі людзьмі, палякамі. Насамрэч не ведаю, што я зрабіла, каб атрымаць такую падтрымку, таму проста дзякуй.
Былая фіналістка Roland Garros у змешаным разрадзе Клаўдыя Янс-Ігначык адзначыла, што суперніца полькі расіянка Андрэева паказала бездакорны тэніс:
— Міра Андрэева сёння гуляла фенаменальна. Яна была вельмі добра падрыхтаваная тактычна сваёй трэнеркай. Але адна справа — быць падрыхтаванай тактычна, а іншая — умець увасобіць гэты план у гульні. Мая выдатна гуляе высокім мячом, выкарыстоўвае дроп-шоты і рэзаныя ўдары.
Было відаць, што такая гульня падабаецца Андрэевай. Яна была да гэтага падрыхтаваная і сама валодае падобнымі элементамі. Толькі робіць гэта мацней, і гэта вельмі дапамагала расіянцы. Яна імкнулася ўвесь час заставацца ў корце і не аддаваць прастору Маі Хваліньскай. Было відаць, што Маі ўжо не хапала сіл на фінал і на тое, каб правесці роўны матч супраць Андрэевай, якая знаходзілася ў выдатнай форме.
Не менш высока выступленне польскай тэнісісткі ацаніла былая прадстаўніца нацыянальнай зборнай Катажына Тэадаровіч:
— Маі Хваліньскай не ўдалося выйграць дзясяты матч запар. Планка, якую задала Міра Андрэева, была вельмі высокай. Яна выдатна дзейнічала тактычна, была добра падрыхтаваная фізічна і стабільна набірала ачкі. Гуляла менавіта так, як павінна была гуляць.
У фінале супраць вельмі стомленай Маі, якая, вядома, бегала, змагалася і аддавала ўсе сілы. Нашай тэнісістцы спатрэбілася б яшчэ на шэсць-сем гадзін менш нагрузкі за плячыма, каб яна магла лепш контратакаваць і гуляць глыбей. Але трэба прызнаць: Андрэева цалкам заслужыла гэтую перамогу. Яе гульнявая форма цяпер сапраўды ўражвае. А мы павінны радавацца таму, што мелі Маю ў фінале. Давайце святкаваць гэта!
Тэнісіст Давід Алейнічак ацэньвае вынік фінальнага матча праз увесь турнірны шлях полькі:
— Не трэба рабіць ніякай трагедыі. Важна тое, што адбылося за гэтыя тры тыдні — ад кваліфікацыі да фіналу Маі Хваліньскай. Я казаў яшчэ перад фінальным матчам: незалежна ад выніку яна ўжо чэмпіёнка і менавіта яна галоўная пераможца гэтага турніру.
Спартовец таксама падкрэсліў, што ў фінале вырашальную ролю адыграла фізічная стомленасць полькі:
— Перш за ўсё, Маі ўжо не хапала фізічных сіл. Гэта быў яе дзясяты матч, а яна належыць да тых тэнісістак, якім трэба вельмі шмат рухацца па корце. Такі яе стыль. Але нават калі б Мая была сёння ў аптымальнай форме, Андрэева гуляла настолькі добра і настолькі разумна тактычна, што супрацьстаяць ёй было вельмі цяжка.
На выступленне Маі Хваліньскай адрэагаваў і прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск:
— На гэты раз не атрымалася, але мы ўсё роўна вельмі табой ганарымся. Для Маі гэта першы фінал турніру Вялікага шлема. Глыбока веру, што не апошні.
Акрамя гістарычнага фіналу і рэзкага ўзлёту ў сусветным рэйтынгу, польская тэнісістка атрымае 1,4 млн еўра прызавых — найбольшую суму за ўсю сваю кар’еру. А яе выступленне ўжо ўвайшло ў гісторыю Roland Garros як адзін з самых яркіх і нечаканых прарываў апошніх гадоў.
эж