Беларуская Служба

Забойства расіяніна ў Бялай Падлясцы. Жыхары жывуць у страху

17.06.2026 11:13
Страх, пераплецены з патрэбай вярнуцца да нармальнага жыцця, — такія пачуцці пераважаюць сярод жыхароў Бялай Падляскі пасля забойства 44-гадовага грамадзяніна Расіі, — піша партал «Onet».
Паліцыя на месцы забойства PAP/Wojtek Jargiło

— Ці адчуваю я сябе ў бяспецы? Не. Як можна адчуваць сябе ў бяспецы, калі ў нашым раёне кагосьці застрэлілі? І не мае значэння, расіянін гэта быў, украінец ці паляк. Я не магу паверыць, што гэта здарылася тут, побач з маім домам,  кажа Галіна, якая жыве блізу месца здарэння.

У панядзелак раніцай на вуліцы Каралевы Ядвігі ў Бялай Падлясцы быў смяротна застрэлены 44-гадовы мужчына. Паводле звестак пракуратуры, у яго былі зроблены тры стрэлы з блізкай адлегласці. Затым, калі ахвяра ўжо ляжала на зямлі, забойца двойчы стрэліў яму ў галаву. Нападнік хацеў пераканацца, што яго ахвяра не выжыве.

Жыхары Бялай Падляскі, з якімі журналістам партала «Onet» удалося пагаварыць, падкрэсліваюць, што карыкатурыст часта наведваў гэты раён.

 Я бачыў яго тут часам. Ён здаваўся такім іншым, адарваным ад рэальнасці Бялай Падляскі. Я ніколі з ім не размаўляў. Я нават не ведаў, што ён з Расіі,  кажа адзін з жыхароў шматкватэрнага дома, каля якога быў застрэлены расійскі мастак.

Забойства адбылося на тратуары перад будынкам, дзе размешчаны розныя сэрвісныя пункты і крамы. Непадалёк знаходзяцца шпіталь у Бялай Падлясцы і пачатковая школа. У пякарні, якая прылягае непасрэдна да месца злачынства, журналісты сустрэлі маці і яе сына, якія толькі вярталіся са школы.

 Я забрала яго са школы сёння. Таксама ўчора, як толькі даведалася, што здарылася. Ведаеце, цяпер страшна выходзіць з дому, бо ўсё гэта адбылося ўдзень, на тратуары, а не ў нейкім цёмным завулку. Яны маглі выпадкова кагосьці забіць. Тут ходзяць дзеці. А цяпер тут круцяцца дзіўныя людзі,  сказала жанчына.

Магчыма, яна мела на ўвазе паліцэйскіх у балаклавах, якія дзейнічалі побач з месцам забойства.

У сувязі з гэтым інцыдэнтам спачатку былі затрыманыя тры чалавекі, у тым ліку два грамадзяніна Беларусі ва ўзросце прыблізна 33-37 гадоў, каля беларускага консульства ў Бялай Падлясцы.

 Ці сапраўды іх затрымалі?  пытае спадар Лешак.  Ці ведаем мы, ці затрымалі забойцу, ці людзей не звязаных з забойствам? Я думаю, што вінаваты ўсё яшчэ на волі.

Затрыманых адпусцілі, іх больш няма ў спісе падазраваных. Паліцыя ўсё яшчэ шукае патэнцыйных злачынцаў. У аўторак па рашэнні ваяводскага камандзіра паліцыі ў Любліне была створана спецыяльная следчая група, якая дапаможа высветліць абставіны здарэння.

Onet/ав