Беларуская Служба

Маладыя брытанцы хочуць назад у Еўрасаюз

23.06.2026 11:30
Паводле апытання, трое з пяці маладых брытанцаў прагаласавалі б за паўторнае ўступленне ў ЕС.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:TeroVesalainen /pixabay.com/CC0 Public Domain

60% брытанцаў ва ўзросце 18-28 гадоў прагаласавалі б за паўторнае ўступленне Вялікабрытаніі ў Еўрапейскі Саюз. Толькі 9% былі б супраць гэтага. Дадзеныя даследавання, праведзенага аналітычным цэнтрам «More in Common», у 10-ю гадавіну рэферэндуму па брэксіце публікуе газета «The Guardian».

Між тым, калі ўзяць пад увагу верагодныя асобы, то бок тых, хто сапраўды прыняў бы ўдзел у патэнцыйным рэферэндуме, то перавага рашуча павялічваецца: лагер прыхільнікаў ідэі паўторнага далучэння да ЕС склаў бы 81%. 19% падтрымалі б знаходжанне Вялікабрытаніі па-за ЕС.

Паводле апытання, 50% брытанцаў з пакалення «Z» (людзі, якія нарадзіліся ў 1995–2012 гадах — рэд.) лічаць брэксіт няўдачай, а 16%  поспехам.

 Хоць маладыя брытанцы пераважна падтрымліваюць паўторнае ўступленне ў ЕС, то яны асцерагаюцца вяртання да бясконцых дэбатаў пра брэксіт, якія яны памятаюць з маладосці, бо гэта пагражае адцягваннем увагі ад пытанняў, якія іх найбольш хвалююць: кошт жыцця, даступнасць жылля, працоўныя месцы і змены клімату,  кажа выканаўчы дырэктар «More in Common» Люк Трыль.

Апытанне праводзілася ў рамках больш шырокай нацыянальнай дыскусіі аб дэмаграфічнай трансфармацыі брытанскіх выбаршчыкаў. На рэферэндуме 2016 года 51,9% брытанцаў прагаласавалі за выхад з ЕС (48,1% было супраць). Брэксіт падтрымалі ў асноўным старэйшыя пакаленні.

Аднак ад часу рэферэндуму памерла больш за 6 мільёнаў старэйшых брытанцаў. Такім чынам шэрагі тых, хто падтрымліваў выхад з ЕС, значна аслабелі.

З другога боку столькі ж брытанцаў, якія ў час правядзення рэферэндуму не мелі выбарчых правоў, цяпер такія правы маюць. Гэты зрух пакаленняў прымусіў аналітыкаў меркаваць, што большасць, якая выступала за выхад Вялікабрытаніі з ЕС «знікла» па натуральных прычынах і была замененая большасцю, якая выступае супраць брэксіту.

Згодна з апытаннем, 62% маладых брытанцаў лічаць, што рэферэндум па паўторным далучэнні да ЕС павінен быць праведзены ў краіне на працягу бліжэйшых пяці гадоў. Толькі 11% тых, хто маладзейшы за 29 гадоў, супраць правядзення такога апытання.

PAP/аз