— Спадар Леанід, адна з найбольш хвалюючых тэм сярод беларускіх эмігрантаў у Польшчы — адмова ўладаў у прадастаўленні міжнароднай абароны. Як вам бачыцца гэтая праблема?
— Мы ўжо шмат размаўлялі на гэтую тэму, і мне падаецца, што з боку польскіх уладаў не адбылося змены падыходаў да гэтай праблемы. Тое, што апошнім часам з'явілася ў СМІ, хочацца спадзявацца, усё ж асобныя выпадкі, хоць іх і шмат. Па кожным з гэтых выпадкаў мы можам дапамагчы. Людзі, якім было адмоўлена ў прадастаўленні міжнароднай абароны, могуць звярнуцца ў Офіс Святланы Ціханоўскай. Але яшчэ раз паўтаруся: хутчэй за ўсё, гэта не сістэмная змена з боку польскіх уладаў. Яны вельмі добра ведаюць, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася.
— У вас, напэўна, ужо быў досвед, калі да вас звярталіся людзі з такімі праблемамі. Якія высновы можна зрабіць з таго, што беларусам адмаўлялі ў наданні статусу міжнароднай абароны?
— Так, такія выпадкі былі, і мы дапамагалі людзям, давалі рэкамендацыйныя лісты. Але я звярнуў увагу на тое, што многія пры падачы дакументаў нібыта саромеліся напісаць пра ўсё, што з імі здарылася ў Беларусі. Многія лічылі, што дастаткова падаць толькі заяву. Аднак тут патрэбныя канкрэтныя факты, якія сведчаць пра тое, што чалавеку пагражае небяспека ў Беларусі. Менавіта гэтага часта не ставала. Калі ж людзі збіралі ўсе неабходныя факты, сітуацыя змянялася.
— У вас не складваецца ўражанне, што да беларусаў у пытаннях надання статусу міжнароднай абароны існуе недобразычлівае стаўленне?
— Мне здаецца, што такога няма. Зараз беларускім палітыкам варта яшчэ раз паразмаўляць з польскімі калегамі, патлумачыць, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не змянілася, а нават пагоршылася, і разам выправіць гэтую сітуацыю.
— Наколькі часта беларусы звяртаюцца да вас у Офіс з гэтай праблемай?
— Што цікава, за апошні месяц да нас наогул ніхто з гэтай праблемай не звяртаўся. Вось толькі сёння на сустрэчы я пабачыў маладога чалавека, які распавёў пра сваю сітуацыю. Цяпер мы будзем займацца гэтым канкрэтным кейсам. Але калі казаць пра беларусаў у іншых краінах, то з гэтай праблемай да нас штодня звяртаюцца па пяць–сем чалавек.
— Якую канкрэтную дапамогу могуць аказаць у Офісе, калі чалавек звяртаецца з такой праблемай?
— Мы адразу спрабуем разабрацца ў сітуацыі, высветліць усё пра чалавека: дзе ён быў, з кім валанцёрыў, да якіх арганізацый належаў. Калі высвятляецца, што чалавек удзельнічаў у дзейнасці розных арганізацый, займаўся валанцёрствам, мы можам падрыхтаваць адпаведныя дакументы, у якіх пацвярджаем яго дзейнасць і паказваем, што ў Беларусі яму сапраўды пагражае небяспека.
— А прадставіць яго інтарэсы ў судзе? Бо, як правіла, такія справы даходзяць да суда…
— Я ўжо быў сведкам не толькі ў польскіх судах, але і ў судах іншых краін. Калі бачу, што людзям патрэбная дапамога, еду і імкнуся дапамагчы, хаця ўсё гэта раблю прыватна.
— Леанід, вы кіраўнік юрыдычнага аддзела Офіса Святланы Ціханоўскай. А чым наогул займаецца ваш аддзел, апроч таго, што дапамагае беларусам у атрыманні статусу ўцекача?
— Самае галоўнае, што найбольш уплывае на людзей, — гэта іх бяспека. Калі людзі сутыкаюцца з дэпартацыяй, затрыманнямі або трапляюць у іншыя падобныя сітуацыі, дапамога ім патрэбная найперш. Яны і так нацярпеліся ў эміграцыі, перажылі пераезды, пацярпелі ад рэпрэсій. У такіх сітуацыях мы і прыходзім на дапамогу.
Але мы таксама працуем і на будучыню: распрацавалі канцэпцыю люстрацыі, цяпер працуем над іншымі дакументамі, падтрымліваем сувязі з еўрапейскімі партнёрамі. Наогул, мы хочам аб'яднаць людзей, якія жадаюць вярнуцца ў Беларусь, бо менавіта нам усім разам давядзецца потым адбудоўваць нашу краіну. Іншых людзей у нас няма. Мы імкнёмся даносіць гэтую думку да беларусаў.
— Паколькі вы прадстаўляеце Офіс Святланы Ціханоўскай, то займаецеся праблемамі беларусаў не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім свеце. Як сёння выглядае сітуацыя для беларусаў у розных краінах? Дзе ім спрыяюць, а дзе яны сутыкаюцца з найбольшымі праблемамі?
— Найбольшыя праблемы, асабліва што датычыцца легалізацыі, беларусы маюць у Грузіі. На жаль, пакуль не ўдалося знайсці пункты судакранання для супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўладамі. Таму дапамога беларусам там вельмі складаная.
Беларусаў затрымліваюць і на армянскай мяжы, але нам удалося наладзіць добрыя адносіны з армянскімі ўладамі, і беларусаў адтуль не дэпартуюць.
Безумоўна, у нас добрыя стасункі з уладамі ЗША, і мы там працуем па многіх справах. Праўда, паколькі наш аддзел невялікі, мы займаемся толькі палітычнымі справамі, хоць там існуе вельмі шмат эканамічных кейсаў. Каля 70–80 % такіх спраў маюць эканамічны характар. Тут ужо патрабуецца дапамога мясцовых адвакатаў. Мы імкнёмся дапамагаць, але не ўсюды гэта магчыма.
Наогул мушу сказаць, што Еўрасаюз сёння — самае бяспечнае месца для беларусаў.
— У вас адбываюцца сустрэчы з беларусамі па ўсім свеце, не толькі ў Еўропе. Якое ўражанне ў вас складваецца? Ці не забыліся беларусы пра падзеі 2020 года? Які сёння ў іх настрой?
— Мне здаецца, што шмат што залежыць ад краіны, дзе жывуць беларусы. Вельмі зараджаныя беларусы ў Злучаных Штатах, вельмі актыўныя — у Празе і Эстоніі. Як правіла, гэта пратэстная эміграцыя, якая выехала пасля 2020 года, і ў іх нічога не згасла. Там шмат аднадумцаў, з імі цікава сустракацца і размаўляць.
Вось нядаўна такая сустрэча была ў Францыі. Мы сабраліся каля магілы Марка Шагала. Не ведаю, дзе яшчэ мы маглі б там сустрэцца, — напэўна, толькі ў гэтым месцы.
Пакуль я вельмі натхнёны беларусамі, бо з кожным разам бачу ўсё больш добрых, яркіх і разумных людзей.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце аўдыёфайл