У Польшчы праходзіць грамадская кампанія «Разам лепш». Яе аўтары падрыхтавалі сацыяльную рэкламу, якая дэманструе, што нацыянальная разнастайнасць з'яўляецца часткай паўсядзённага жыцця людзей — у школах, на працоўных месцах, у сем'ях. Кампанія была падрыхтаваная групай няўрадавых арганізацый, якія працуюць у галіне правоў чалавека і інтэграцыі замежнікаў.
Яшчэ да нядаўняга часу Польшча была практычна манаэтнічнай краінай, палякі не прывыклі жыць у шматэтнічным грамадстве. Многія баяцца змен і адносяцца да іншаземцаў з недаверам. Аўтары кампаніі «Разам лепш» стараліся адысці ад мовы страху і падзелаў на «мы» і «яны», а замест гэтага прасоўваць наратыў, заснаваны на салідарнасці, узаемнай павазе і адказнасці за сумеснае жыццё, — адзначае юрыст Хельсінкскага фонду па правах чалавека Марцін Сосьняк (Marcin Sośniak).
— Звярніце ўвагу, што гэта звычайныя словы, а не нейкія рэвалюцыйныя ідэі. Мы ўсе ведаем, што людзі з розных краін жывуць і працуюць у Польшчы. Гэта нашы калегі, суседзі, мы іх сустракаем усюды. Разам мы фарміруем грамадства, як з тымі, хто мае ў Польшчы легальнае пражыванне, так і з тымі, хто па нейкай прычыне не легалізаваў свайго знаходжання, але жыве тут шмат гадоў. І гэта тое, што мы хочам паказаць. Аднак перш за ўсё мы хацелі паказаць тое, чаго апошнім часам не хапае ў публічных дэбатах аб міграцыі, — пазітыўны наратыў. З 2021 года, з пачатку міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы, калі міграцыя пачала шырэй абмяркоўвацца, яе часта ўспрымаюць як выклік, праблему, пагрозу. Аднак дзесьці па дарозе мы страцілі вельмі простую, гуманную думку, што гэта нашы суседзі, нашы сябры, нашы партнёры. І гэта важная перспектыва, якую неабходна ўлічваць, думаючы пра міграцыю, у тым ліку падчас распрацоўкі міграцыйнай палітыкі ці міграцыйнага заканадаўства. Мы хочам паказаць, што міграцыя — гэта не толькі праблема і пагроза, але і з'ява якая мае станоўчы бок. Гэта, бадай, галоўная мэта кампаніі.
У кароткім відэароліку ўдзельнічаюць, між іншым, Сара і Майкон (Maycon) — жонка і муж, яны разам ужо дваццаць гадоў. Яна з Польшчы, ён з Бразіліі. У іх доме гучаць тры мовы: польская, англійская і партугальская. На гэтых мовах размаўляюць іх трое дзяцей. Наступная пара — польская ветэрынарка, пісьменніца Дарота Суміньска (Dorota Sumińska) і грамадская актывістка беларуска-расійскага паходжання Марына Гуля, якія сябруюць ужо шмат гадоў. Ёсць таксама падлетак Ігнацы і яго настаўнік англійскай мовы Моё (Moyo) з Зімбабвэ.
Сара пра Майкона: Ён — выдатны бацька, хаця бывае, што надта шмат хвалюецца. Мне вельмі падабалася ўжо ў першы дзень знаёмства яго чуллівасць, імкненне клапаціцца пра іншых. Я яму больш давяраю, чым сабе самой.
Дарота Суміньска пра Марыну Гулю: Практычна з раніцы да вечара яна займаецца людзьмі — чачэнцамі, украінцамі, вязнямі. Без перапынку.
Марына Гуля: Калі я прыехала ў Польшчу, на маім шляху сустракаліся выключна добрыя людзі. Я нават думала: «А дзе хаваюцца тыя дрэнныя?»
Моё: Польшча — бяспечная краіна. Гэта цяпер мой дом. Хаця прызнаюся, што рыс з яблыкамі — гэта было дзіўна. Але мне спадабалася. І цяпер, калі я ем у школе рыс з яблыкамі, то ўсміхаюся, што я гэта ем.
Майкон: Зіма — вось гэта было нешта новае. Выпаў снег, мне падабалася, але гэта цягнулася і цягнулася. Здавалася, што зіма ніколі не закончыцца.
На думку Марціна Сосьняка, у Польшчы практычна адсутнічае рацыянальная міграцыйная палітыка. Кіруючыя палітычныя эліты рэагуюць на настроі грамадства, і таму стаўленне да мігрантаў становіцца больш жорсткім. З іншага боку — часта палітыкі самі, сваімі словамі і дзеяннямі, павышаюць градус недаверу да іншаземцаў.
— Гэта замкнёнае кола. Урад рэагуе на грамадскія настроі, каб не страціць палітычны капітал. Грамадства ўсё больш настроена супраць мігрантаў, таму і ўлады займаюць падобную пазіцыю, замест таго, каб тлумачыць, што міграцыйная палітыка павінна адказваць не толькі на настроі выбарцаў, але і на доўгатэрміновыя патрэбы дзяржавы. Больш за тое, сам урад падсілкоўвае гэтыя настроі, у тым ліку праз змяненне правіл дэпартацыі. Такім чынам, грамадства радыкалізуецца, а разам з ім становіцца больш жорсткай і палітыка ў адносінах да мігрантаў. Найлепш гэта бачна на прыкладзе ўкраінцаў у Польшчы. У 2022 годзе, адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, калі грамадскія настроі былі вельмі праўкраінскімі, польскі парламент прыняў адзін з самых ліберальных законаў у сферы міграцыі — спецыяльны закон аб дапамозе грамадзянам Украіны. Ён дазваляў легальна знаходзіцца ў Польшчы ўжо пасля перасячэння мяжы і гарантаваў шырокі доступ да дзяржаўных паслуг і сацыяльнай падтрымкі. Хоць закон меў недахопы, яго асноўныя прынцыпы былі правільнымі. Аднак з цягам часу, калі стаўленне грамадства да мігрантаў пагоршылася, пачалі змяняцца і правілы, правы ўкраінскіх уцекачоў паступова абмяжоўваліся. Такім чынам, улады кіруюцца грамадскім настроем, а не патрэбай забяспечыць людзям, якія ратуюцца ад вайны, хаця б мінімальны ўзровень абароны і падтрымкі.
Падобная сітуацыя і з грамадзянамі Беларусі — у 2020 годзе іх прымалі ў Польшчы вельмі адкрыта і ахвотна, а калі стала зразумела, што сітуацыя ў Беларусі хутка не зменіцца, польская дзяржава паступова пачала зачыняць дзверы для беларусаў. Усё часцей здараюцца выпадкі непадаўжэння права на легальнае знаходжанне ў Польшчы. Чыноўнікі тлумачаць гэта тым, што ў Беларусі зменшыўся маштаб рэпрэсій, хаця гэта далёка не так.
Кампанію падрыхтавалі абаронцы правоў чалавека з розных арганізацый: Amnesty International, Група Granica, Хельсінскі фонд па правах чалавека, Клуб каталіцкай інтэлігенцыі, Польскі міграцыйны форум ды іншых.
нг