Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Я проста не магла маўчаць». Гісторыя былой палітзняволенай Людмілы Краўчанкі

04.08.2026 16:33
Калі ў лютым 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, выкарыстаўшы тэрыторыю Беларусі, Людміла зноў далучылася да пратэсту.
Аўдыё
  • «Я проста не магла маўчаць». Гісторыя былой палітзняволенай Людмілы Краўчанкі
 .
Ілюстрацыйнае фота.Беларуская Рада культуры

У «палітычнай» біяграфіі Людмілы Краўчанкі ўсяго некалькі дат: прысуд, два з паловай гады абмежавання волі, вызваленне, выезд з Беларусі. Але за гэтымі фактамі — гісторыя чалавека, для якога выбар паміж маўчаннем і дзеяннем назаўсёды змяніў жыццё.

Сама Людміла кажа, што ўсё пачалося ў той момант, калі на адной з мінскіх вуліц яна ўбачыла, як сілавікі затрымліваюць падлетка.

— Я ўбачыла хлопчыка, яму было гадоў пятнаццаць — прыкладна столькі, колькі майму сыну. Спачатку проста стаяла побач. Але калі ўбачыла, як яго б'юць, не вытрымала. Падышла, нешта сказала, рукой дакранулася да сілавіка — і адразу атрымала дубінкай па галаве. Потым быў аўтазак, Акрэсціна, той самы «стакан», дзе нават прысесці было немагчыма. Калі мяне выпусцілі, я думала толькі пра адно: пасля таго, што ўбачыла, маўчаць ужо не змагу.

Падчас этапавання ў камеру адзін з сілавікоў моцна траўмаваў Людміле нагу. Здавалася б, пасля такога любы чалавек пастараўся б больш ніколі не апынуцца на акцыі пратэсту. Але для яе гэта стала не прычынай адступіць, а яшчэ адным пацвярджэннем, што маўчаць нельга.

— Я падлячыла нагу і зноў пайшла. Потым ужо старалася не прапускаць ніводнай акцыі. Я выходзіла не таму, што была нейкай асаблівай смелай. Проста не магла спакойна глядзець на тое, што адбываецца ў маёй краіне.

Калі ў лютым 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, выкарыстаўшы для гэтага ў тым ліку тэрыторыю Беларусі, Людміла зноў далучылася да акцыі пратэсту. Людзей на вуліцах было ўжо значна менш, але рызыка — значна большай.

Праз некалькі месяцаў сілавікі прыйшлі ўжо да яе на працу. Падчас ператрусу яны праверылі тэлефоны супрацоўнікаў. Людміла была ўпэўненая, што выдаліла ўсё, што магло стаць падставай для пераследу. Аднак у Instagram засталося відэа з пратэстаў. Менавіта яно стала адным з доказаў у крымінальнай справе.

Мінскі гарадскі суд прызнаў яе вінаватай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса і прысудзіў два з паловай гады абмежавання волі.

— Усё гэта выглядала як суд, але судом не было. Было адчуванне, што ты проста прысутнічаеш на спектаклі, фінал якога вядомы загадзя. Ніхто не слухаў, што ты кажаш. Усе проста выконвалі свае ролі.

Пасля адбыцця пакарання Людміла ўсё больш пераконвалася: нават пасля вызвалення пераслед не скончыцца. Таму ў 2026 годзе яна вырашыла з'ехаць у Польшчу.

Сёння, ужо ў бяспецы, яна прызнаецца: найбольшым адкрыццём для яе стала не толькі адчуванне свабоды, але і падтрымка людзей, якія дапамаглі пачаць жыццё нанова.

— Калі я пераехала, было адчуванне, што нарэшце магу свабодна дыхаць. Мне казалі: «Гэта пройдзе». Але не прайшло. Я і цяпер магу расплакацца, калі ўспамінаю дом або знаходжу старыя фотаздымкі. Але тут я зразумела, што не засталася сам-насам са сваімі праблемамі. Я прыехала амаль без грошай, і мяне падтрымалі людзі, якіх я нават не ведала. Мне вельмі хочацца, каб тыя, хто сёння яшчэ ў Беларусі, ведалі: дапамога ёсць. І часам яна значна бліжэй, чым здаецца.

Размову цалкам сулхайце ў далучаным аўдыё!

эж