Штучны інтэлект з’яўляецца неад’емнай часткай развіцця медыцыны. Ён дапамагае паскараць распрацоўку новых тэрапіяў, дапамагае лекарам аналізаваць дадзеныя і ставіць дыягназы. Пра ШІ ў медыцыне дыскутавалі эксперты падчас навуковага фестывалю «Przemiany 2026» ў Цэнтры навук Капернік у Варшаве.
У працэсе стварэння лекаў штучны інтэлект дазваляе паскорыць распрацоўку новых метадаў лячэння. Такое партнёрства паміж штучным інтэлектам і даследчыкамі найбольш відавочна на пачатку распрацоўкі тэрапіі, расказваў медычны дырэктар фармацэўтычнай кампаніі «AstraZeneca» Роберт Дэвор. Штучны інтэлект выдатна знаходзіць заканамернасці, паказваючы сувязі, якія людзі не змаглі б знайсці самастойна, бо гэта заняло б шмат гадоў. Аднак, чым бліжэй працэс падыходзіць да канчатковых элементаў распрацоўкі лекаў, выпрабаванняў лекаў на людзях або рэгістрацыі, тым больш ШІ становіцца толькі механічным інструментам. Ён дапамагае ствараць, напрыклад, добрыя пратаколы даследаванняў, дапамагае аналізаваць дадзеныя і дапамагае рыхтаваць рэгістрацыйныя дакументы ў самым канцы працэсу.
Роберт Дэвор расказаў пра паспяховы польскі стартап, які шукае пацыентаў з рэдкім захворваннем крыві.
— Нам удалося стварыць вельмі арыгінальную мадэль, якая не толькі счытвае дадзеныя лабараторных аналізаў, што адносна проста, але і можа чытаць запіскі лекараў, што значна складаней для такіх мадэляў. У агульнай складанасці было абследавана больш за 1,3 мільёна пацыентаў у 14 польскіх бальніцах і выяўлена больш за 350 чалавек з высокай рызыкай. Тут, вядома, у справу ўступае чалавек. Лекар прагледзеў дадзеныя вызначаных пацыентаў, вырашыў, ці сапраўды ў гэтым ёсць логіка, і накіраваў частку пацыентаў на далейшае абследаванне, каб пацвердзіць, ці сапраўды мы маем справу з гэтай хваробай. На далейшую дыягностыку было накіравана каля 100 пацыентаў, і мы знайшлі 13, у якіх дыягнаставалі гэтую хваробу. Гэта здаецца няшмат, але калі ўлічыць, што ў Польшчы ў цяперашні час ад гэтай хваробы лечаць 150 пацыентаў, то 13 — гэта прыкладна ўдвая больш, чым мы звычайна дыягнастуем за год. Такім чынам, наша эфектыўнасць была значна вышэйшай, чым у традыцыйных метадаў скрынінга гэтай хваробы.
Штучны інтэлект сапраўды паскарае распрацоўку лекаў, паскарае дыягностыку пацыентаў, ён патэнцыйна дае магчымасць хутка шукаць і аналізаваць мільярды розных набораў дадзеных, якія людзі не змаглі б зпрацаваць, ШІ шукае новыя заканамернасці і правярае гіпотэзы. Аднак, вядома, гэта павінна рабіцца надзвычай адказна і этычна, працягвае Роберт Дэвор.
— Па-першае, пры распрацоўцы лекаў мы абсалютна не можам ісці на кампраміс у пытанні бяспекі гэтых метадаў лячэння. Мы не можам сабе гэтага дазволіць. Па-другое, нам трэба ўлічваць уплыў на людзей. Я б не хацеў у будучыні даведацца з такой мадэлі, што памру ад рака лёгкіх на працягу пяці гадоў, а потым даведацца, што гэта ілжывададатны вынік, то бок мадэль памылілася, і са мной усё ў парадку.
Роўнасць — надзвычай важны элемент, таму што штучны інтэлект працуе з дадзенымі, якія мы яму даем. І па розных прычынах у нас пераважаюць пацыенты белай расы. Ці будзе працаваць гэтак жа і для пацыентаў іншых рас? Не абавязкова.
Нарэшце, прыватнасць. Ці хочам мы, каб наш працадаўца ведаў, наколькі мы здаровыя ці хворыя? Ці павінна наша страхавая кампанія мець доступ да нашых дадзеных і ведаць, якія ў нас рызыкі? На ўсе гэтыя пытанні ў нас няма канчатковых адказаў.
Прафесар Лукаш Кавалеўскі працуе ў кардыялагічнай клініцы Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта. Ужо на працягу некалькіх гадоў ён узначальвае даследчую групу, якая правярае і вывучае ўзровень валідацыі канкрэтных мадэляў ШІ, даступных у цяперашні час у кардыялогіі.
Кардыёлаг прызнае, што штучны інтэлект ужо прысутнічае ў бальніцах. Шпіталь на вуліцы Банаха ў Варшаве, як першы ў Польшчы, укараніў мадэль, якая служыць для ацэнкі ЭКГ пацыента з болкм ў грудной клетцы. Па выніках першага ЭКГ лекары распазнавалі інфаркт у 71% выпадкаў, дзякуючы ШІ вынік вырас да 92%.
Вельмі цікава тое, што адбываецца, калі алгарытм памыліцца, і як на гэта рэагуюць лекары. Пра вынік даследавання расказвае прафесар Лукаш Кавалеўскі.
— Хтосьці можа сказаць, што малады рэзідэнт або інтэрн будзе больш успрымальны да інфармацыі, прадстаўленай алгарытмам, і будзе больш схільны да памылак. І гэта сапраўды праўда. Малады лекар-пачатковец, сутыкнуўшыся з канкрэтнай медыцынскай праблемай паставіць дыягназ з дакладнасцю 80%, калі алгарытм падкажа яму правільна. Калі мадэль прапануе яго няправільны дыягназ, то дакладнасць значна зніжаецца — 20%. Гэта азначае, што на маладога спецыяліста будуць уплываць прапановы алгарытму. Тэарэтычна можна сказаць, што з больш вопытнымі лекарамі сітуацыя іншая. Не, гэта не так. Калі мы пачынаем працаваць з алгарытмамі, то нават дасведчаныя медыкі пачынаюць спадзявацца на іх дапамогу. Калі ім алгарытм падкажа няправільна, то вынік, можа быць, не настолькі драматычны, але яны паставяць правільны дыягназ толькі ў 50% выпадкаў. І гэта даследаванне нам паказвае, наколькі важна, каб алгарытмы былі медыцынска праверанымі і максімальна бяспечнымі, таму што, хочам мы гэтага ці не, мы, на жаль, будзем імі кіравацца.
Паводле прафесара Лукаша Кавалеўскага, няма ніякіх сумневаў, што штучны інтэлект заўсёды будзе ў медыцыне ў тым ці іншым вымярэнні, таму што ён усё яшчэ лепшы за лекараў, якія функцыянуюць і прымаюць рашэнні без яго. Аднак ён павінен быць максімальна правераны. Гэта трохі падобна на тое, як глядзець на звычайны інструмент, які хірург выкарыстоўвае падчас аперацыі. Гэта заўсёды лепш, чым аперацыя голымі рукамі, але інструмент павінен быць правераны і бяспечны.
ав