Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расказваем, чаму варта ладзіць трэніроўкі ў парку ці ў лесе

18.10.2026 10:02
Чаму варта трэніравацца ў акружэнні зялёных насаджэнняў? Таму што гэта насычэнне мозга кіслародам, атрыманне натуральнага вітаміну Д і закальванне цела. Змены ўмоў надвор'я вучаць арганізм адаптавацца і ўмацоўваць імунную сістэму, але не толькі гэта. 
.
.Pexels/pixabay.com/CC0

Пра трэніроўкі на свежым паветры ў эфіры Польскага радыё расказвала шматразовая прызёрка чэмпіянату Польшчы па акватлоне, дуатлоне і крос-трыятлоне, трэнерка Кася Чэрвіньска. Яна сама практыкуе такія заняткі, а пачалося з патрэбы змяніць звыклую руціну і ўнесці ў трэніроўкі больш разнастайнасці.

Кася Чэрвіньска расказвае, што яна таксама працуе ў закрытым памяшканні, таму пры кожнай магчымасці карыстаецца кантактам з прыродай. Чаму варта выйсці з трэніроўкай вонкі?

— Перш за ўсё, гэта не толькі трэніроўка для нашага здароўя і фізічнай формы, але і для нашага розуму і псіхікі. Знаходжанне на прыродзе значна зніжае ўзровень стрэсу. Кантакт з зялёнымі насаджэннямі і прыродай зніжае ўзровень карцізола. Акрамя таго, знаходжанне на прыродзе значна паляпшае наш настрой, а таксама вельмі станоўча ўплывае на павышэнне псіхічнай устойлівасці, бо дрэвы спрыяюць спакою і рэгенерацыі пераўзбуджанага мозгу.

Кася Чэрвіньска тлумачыць, што калі мы знаходзімся ў асяроддзі, дзе адчуваем сябе добра, пачуццё напружання меншае, а гэта дазваляе трэніравацца больш эфектыўныя і з большым задавальненнем. Больш за тое, калі мы выбіраем такое месца, трэніроўка не адчуваецца як непрыемная руціна, і мы звычайна ідзем на яе з большым энтузіязмам і задавальненнем, што дапамагае развіць добрыя звычкі, а менавіта рэгулярныя трэніроўкі.

Ці можа трэніроўка, якую мы робім у парку, у лесе, на вуліцы і без прафесійных трэнажораў, быць гэтак жа эфектыўнай, як тая, што выконваецца ў трэнажорнай зале?

— Гэта крыху іншы тып фізічных практыкаванняў і мае крыху іншыя ўласцівасці, але калі наша галоўная мэта — здароўе, фізічная форма і дабрабыт, то мы адназначна можам эфектыўна і прадуктыўна трэніравацца на вуліцы.

Падчас трэніроўкі ў парку можна выкарыстоўваць розныя элементы прыроды і інфраструктуры. Кася Чэрвіньска расказвае, якія элементы можна выкарыстаць.

— Гэтыя прыродныя элементы зʼяўляюцца выдатнымі пунктамі апоры. Напрыклад, мы можам выкарыстоўваць дрэвы і адно з самых папулярных практыкаванняў — wall seat, то бок можна зрабіць крэсла, абапіраючыся спінай на дрэва. Мы таксама можам выкарыстоўваць лаўкі. Тут добра працуюць розныя варыяцыі адцісканняў і скручванняў. Таксама выдатна выкарыстоўваць бардзюры. Адно з маіх любімых практыкаванняў для ўмацавання галёнкаступнёвага сустава — гэта падʼём на пальцах ног. Парк прапануе не толькі практыкаванні з уласнай вагой, але і выдатнае месца для трэніровак на вынослівасць. Я маю на ўвазе сцежкі, дзе можна рабіць як інтэрвальныя, так і кардыятрэніроўкі. Ідэальна падыдуць простая дынамічная хада, а для больш прасунутых спартсменаў — бег. І тут будуць не толькі прырода і прыгожыя зялёныя насаджэнні, але і добраўпарадкаваныя сцежкі для дадатковага камфорту. Я лічу іх адным з найлепшых варыянтаў для трэніровак.

Вядома, што могуць з'явіцца пэўныя нязручнасці. На думку трэнеркі, такая разнастайнасць у трэніроўцы, якая вынікае з натуральнага асяроддзя, будуе псіхічную ўстойлівасць. Таму што, выходзячы за межы зоны камфорту, мы натуральным чынам павышаем сваю ўпэўненасць у сабе і маем больш энергіі для іншых паўсядзённых задач.
Кася Чэрвіньска тлумачыць, што пераадольваючы свае барʼеры, выходзячы за межы зоны камфорту падчас фізічных практыкаванняў, калі ўсё складана, а потым усё ж удаецца дасягнуць канкрэтных трэніровачных мэтаў, мы значна павышаем пачуццё задавальнення, што непасрэдна спрыяе большай упэўненасці ў сабе ў іншых аспектах паўсядзённага жыцця.

Сzwórka/ав