Сёння я запрашаю ў Клодзкую крэпасць на паўднёвым захадзе Польшчы. Абаронны комплекс знаходзіцца на месцы, дзе ў X стагоддзі размяшчалася ўмацаванае паселішча, заснаванае ля гандлёвага шляху з поўдня на поўнач Еўропы.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Цягам часу паселішча замяніў замак, які з самага пачатку свайго існавання выконваў абаронныя функцыі. У XVII i XVIII стагоддзях замак быў пашыраны, асабліва пасля таго, як у 1742 годзе яго захапіла пруская армія.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
На месцы замку ўзнік данжон, то бок галоўная вежа, акружаная бастыёнамі, рэдутамі і ўнутранымі равамі. Былі пабудаваныя трохпавярховыя казематы і склады глыбінёй у 20 метраў. У казематах быў створаны арсенал, аптэка і памяшканні для жаўнераў.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Крэпасць была акружаная 10-метровымі сухімі равамі. У ХVIII стагоддзі быў пабудаваны падземны лабірынт калідораў, які сёння з'яўляецца адной з найбольшых прываблівасцей, што прыцягваюць у абаронны комплекс тысячы турыстаў.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Клодзкая крэпасць страціла свой абаронны характар у другой палове XIX стагоддзя, калі яна была ператворана ў склады і турму. У падзямеллях крэпасці ўтрымлівалі, сярод іншага, удзельнікаў паўстання 1863 году, палітвязняў, а ў час Другой сусветнай вайны жаўнераў, якіх падазравалі ў дзеянні на шкоду Трэцяму Рэйху і ваеннапалонных розных нацыянальнасцей - расейцаў, французаў, італьянцаў, бельгійцаў, чэхаў, фінаў і брытанцаў. У 1944 годзе тут былі забітыя 200 фінскіх жаўнераў.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Дарэчы, некаторыя зняволеныя праславіліся сваімі ўцёкамі з крэпасці. Напрыклад, у 1616 годзе чэшскі магнат Вацлаў Кінскі, асуджаны за інтрыгі і змовы супраць царскай улады ў Чэхіі, збег з падзямелля крэпасці пры дапамозе кіслаты, штормтрапа і вялікай колькасці алкаголю.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У час Другой сусветнай вайны ў крэпасці дзейнічаў перанесены з Лодзі завод, які выпускаў радыёлакацыйныя апараты для падводных лодак (U-Boot), а таксама запчасткі для ракет V1 і V2.
Пасля вайны тут размяшчаліся ваенныя склады, а з 1950-х па 1990-я гады ў комплексе працаваў вінзавод.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У 1960 годзе крэпасць у Клодзку была афіцыйна абвешчана гістарычным помнікам і адкрыта для турыстаў.
Цяпер можна наведаць значную частку крэпасці. У ёй быў вызначаны спецыяльны турыстычны маршрут. Для турыстаў адкрыты таксама невялікі фрагмент шматпавярховых падзямелляў, даўжыня якіх складае каля 100 кіламетраў. З крэпасці можна палюбавацца цудоўнай панарамай Клодзка і яго ваколіцы.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Адрамантаваныя спальня, сталовая, казіно, палявая бальніца, казематы паказваюць, як выглядала паўсядзённае жыццё прускіх жаўнераў, якія гады таму дыслакаваліся ў крэпасці.
Вялікай папулярнасцю сярод турыстаў карыстаюцца Дні Клодзкай крэпасці, якія штогод праводзяцца ў жніўні. Тады адбываецца рэканструкцыя бітвы за крэпасць, якая прайшла падчас напалеонаўскай кампаніі, калі французская армія ўзяла горад у аблогу.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Пасля заканчэння рэканструкцыі бітвы ахвотныя могуць прыняць удзел у застоллі і іншых атракцыёнах, падрыхтаваных у рамках згаданага мерапрыемства.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Фест у крэпасці суправаджае ярмарка на галоўнай плошчы Клодзка, дзе прадстаўлены мастацкія і кулінарныя дасягненні Клодзкай зямлі.
З Клодзкай крэпасцю звязаныя таксама шматлікія легенды. Паводле адной з іх, у старажытныя язычніцкія часы на Замкавай гары жыла прыгожая Валеска - легендарная заснавальніца Клодзка. Яна была не толькі прыгожая і смелая, але таксама непераможная ў баі. Ейная сіла ішла ад залатых валасоў. Аднойчы ноччу, калі яна спала, падданыя адрэзалі ёй касу, пазбавіўшы сілы.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Саму Валеску пасадзілі ў турму, а потым замуравалі ў сцяне замка. У сваю чаргу залатыя валасы змясцілі ў храме на Замкавай гары.
Верагодна, каса Валескі захавалася да XVIII стагоддзя, як талісман, які абараняў горад. Быццам бы амулет забраў Фрыдрых II Вялікі, які здабыў Клодзка і далучыў Клодзкую зямлю да Прусіі.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Клодзкая крэпасць адкрытая для наведвальнікаў штодзённа: з лістапада па сакавік - 9.00-15.00, а з красавіка па кастрычнік - 9.00-18.00.
Адміністрацыя крэпасці прапануе турыстам розныя формы наведвання, у тым ліку з гідам або індывідуальна. Ад формы наведвання залежыць і кошт квіткоў. Пасля ранейшага браніравання комплекс можна наведаць таксама з экскурсаводам, які гаворыць на англійскай або нямецкай мовах. Найбольш адважныя могуць наведаць крэпасць ноччу.
Клодзкая крэпасць. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Наведаць падземныя лабірынты крэпасці ня могуць дзеці, якім менш чым 5 гадоў. У падземных лабірынтах фіксуецца пастаянная тэмпература, якая складае 6-8 градусаў цяпла на працягу ўсяго года.
Анна Задрожна