69 гадоў таму, у снежні 1950 года, урад Польшчы прыняў пастанову аб будаўніцтве ў Варшаве метро. І хоць рэалізацыя планаў пачалася толькі ў 1980-х гадах, то гісторыя сталічнай падземкі ўвогуле сягае даваеннага перыяду.
Праз пяць гадоў пасля вайны, 14 снежня 1950 года, урад Польшчы прыняў пастанову будаваць метро. Гэта было адважнае рашэнне, бо польская сталіца ляжала ў руінах, а сотні тысяч людзей не мелі пастаяннага даху над галавой. Але тагачасныя ўлады разумелі, што Варшава, як і кожная еўрапейская сталіца, пачне развівацца пасля ваеннай разрухі, а колькасць насельніцтва расці. А для гэтага неабходны эфектыўны гарадскія транспарт, і перш за ўсё метро. Ідэя была добрая: горад быў знішчаны, і будаўніцтва падземкі ў вялікай ступені адбывалася хутчэй і больш эфектыўна. У дадзеным выпадку ролю адыгрывалі таксама амбіцыі: Варшава была адной з нямногіх сталіц Еўропы, дзе не было метро.
Warszawskie Metro, stacja Stokłosy
Першым у свеце метрапалітэнам працягласцю 500 м лічыцца падземка ў Нью-Ёрку: гэта быў чыгуначны тунэль, адкрыты пад вуліцамі Брукліна ў 1845 годзе. Аднак сапраўднае метро ў сучасным разуменні з'явілася ў Лондане 10 студзеня 1863 года. Гэта была цалкам падземная лінія, прызначаная для перавозкі пасажыраў. У 1890-м у тым жа Лондане адкрылі электрыфікаваны ўчастак метро – першы ў свеце. Дарэчы, у брытанскай сталіцы ажно да 1905 года цяга ў метро была перш за ўсё паравозная, што патрабавала шматлікіх вентылятараў і вентыляцыйных шахтаў, якія выводзілі паравозны дым вонкі. Для вулічнага руху гэта быў мінус, таму што дым менавіта выкідваўся проста на вуліцу з-пад зямлі. У кантынентальнай Еўропе першае метро зʼявілася ў 1896 годзе ў Будапешце. У 1900-м да спісу метраполій з падземкай далучыўся Парыж. Пазней метро было пабудаванае ў Бостане, Буэнас-Айрэсе, Токіа і іншых гарадах.
Zdjęcie ilustracyjne
У Варшаве думаць пра будаўніцтва метрапалітэна пачалі ў 1925 годзе. Двума гадамі пазней улады сталіцы зацвердзілі план першай лініі, пачаліся геалагічныя працы. Аднак да пачатку вайны так і не пачалі будаваць сталічную падземку з-за адсутнасці свабодных фінансавых сродкаў. У 1950 годзе прынялі пастанову аб пачатку будаўніцтва, аднак будаваць так і не пачалі, бо зноў жа ніяк не маглі знайсці грошай. Нават у 1970-я гады, калі ў Польшчы назіраўся эканамічны рост, свабодных сродкаў не было. Канчаткова будаўніцтва пачалося 15 красавіка 1983 года. А метро пачало працу 7 красавіка 1995 года.
Сёння Варшаўскае метро – гэта дзве лініі працягласцю больш за 34 км, 31 станцыя і каля 700 тыс. пасажыраў, якіх штодзённа перавозяць цягнікі падземкі.
А станцыі агучвае вядомы ў Польшчы голас – дыктар Польскага радыё Марэк Гудоўскі.
вс
слухайце аўдыёфайл