Роўна 223 гады таму ў Італіі былі створаныя Польскія Легіёны – вайсковае фарміраванне, якое мела за мэту змагацца за незалежнасць Польшчы. Легіёны былі створаныя пад кіраўніцтвам генерала Яна Генрыка Дамброўскага. За гэта ўдзячныя нашчадкі ўвекавечылі яго імя ў гімне Польшчы.
У 1795 годзе Польшча пасля трох падзелаў канчаткова знікнула з палітычнай карты свету. Краіны была падзеленая паміж Прусіяй, Расіяй і Аўстрыяй. І адразу ж палякі прыступілі да змагання за незалежнасць сваёй дзяржавы. Змаганне не было лёгкім – яно працягвалася 123 гады. Ужо ў 1794 годзе пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, а вось у 1797 годзе былі створаныя Польскія Легіёны. Гэтыя ваенныя адзінкі былі створаныя са згоды Францыі, якая ў тыя часы ваявала супраць кааліцыі еўрапейскіх дзяржаў. Расказвае гісторык, прафесар Анджэй Шварц (архіўны запіса Польскага радыё з 2004 года).
- У 1794 годзе генерал Ян Генрык Дамброўкі пачаў перамовы з уладамі Францыі, прапануючы стварэнне самастойных польскіх атрадаў. Неўзабаве яго накіравалі ў Італію, дзе камандуючым французскіх войск, якія змагаліся з аўстрыйцамі, быў 30-гадовы генерал Напалеон Банапарт. У студзені 1797 года былі створаныя Польскія Легіёны. У польскае войска ў Італіі ішлі на службу галоўным чынам дэзерціры з аўстрыйскай арміі альбо палонныя палякі, якія былі загнаныя аўстрыйцамі прымусова.
У Легіёнах панавала дэмакратычная атмасфера. Для прыкладу, афіцэрамі маглі стаць людзі плебейскага паходжання, не было цялесных пакаранняў, а салдаты і афіцэры звярталіся да сябе словам «грамадзянін». На пагонах жа быў напіс: «Свабодныя людзі – браты». Як шараговыя, так і камандзіры верылі, што італьянцам яны нясуць свабоду. Аднак на практыцы часта аказвалася, што яны змагаліся за інтарэсы Францыі. А частка італьянцаў адносілася да палякаў, як да французаў, і ўспрымала як акупацыйную армію. Легіянеры меркавалі, што перамога над Аўстрыяй адкрые ім шлях да незалежнай Польшчы. І таму сярод іх была папулярнай песня Юзэфа Выбіцкага, якая пазней стала нацыянальным гімнам Польшчы.
Марш, марш Дамброўскі
З італьянскай зямлі ў Польшчу.
Пад тваім кіраўніцтвам
Аб'яднаемся з народам.
Гэта прыпеў песні, якая стала гімнам Польшчы.
Мундзіры і баявыя сцягі былі падобныя на польскія, каманды аддаваліся на польскай мове, званні былі польскія. Адным словам, Польскія Легіёны як толькі магчыма стараліся быць сапраўды польскім войскам, хоць і на службе ў французаў.
Агулам праз Легіёны прайшло 35 тыс. чалавек, загінула ў баях каля 20 тыс. Салдаты і афіцэры, праліваючы кроў за Францыю, свята верылі, што змагаюцца за незалежнасць Польшчы.
Праіснавалі Польскія Легіёны ажно да паразы Напалеона Банапарта, прымаючы ў тым ліку актыўны ўдзел у расійскай кампаніі 1812 года і змагаючыся пад Ватэрлоо.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл