Беларуская Служба

25. 04.1943 г. Савецкі Саюз разарваў дыпламатычныя адносіны з польскім урадам у эміграцыі

24.04.2020 20:10
Дыпламатычныя адносіны паміж польскім урадам і СССР аднавіліся толькі ў 1941 годзе, калі былі падпісаныя пагадненні Сікорскага-Майскага.
Аўдыё
  • 25 красавіка 1943 году Савецкі Саюз разарваў дыпламатычныя адносіны з польскім урадам у эміграцыі
   1943 .
Эксгумацыя ў Катыні 1943 г. PAP/Archiwum

Уладыслаў Сікорскі быў кіраўніком польскага ўраду, Іван Майскі – савецкі пасол у Вялікабрытаніі. Гэтыя дамоўленасці мелі важнае палітычнае значэнне. Па-першае, савецкі ўрад прызнаў нямецка-савецкія дамоўленасці ад 1939 году адносна тэрытарыяльных зменаў у Польшчы, страціўшымі сілу; па-другое, дзясяткі тысячаў польскіх ваеннапалонных і перасяленцаў былі вызвалены, шмат хто з іх уступіў у Армію генэрала Андэрса.

Сітуацыя хутка змянілася, калі свет пачуў пра масавыя расстрэлы польскіх афіцэраў у Катыні

11 красавіка 1943 году нямецкае радыё перадало інфармацыю пра адкрыццё масавых магіл польскіх вайскоўцаў пад Смаленскам, абвінаваціўшы ў забойствах савецкія ўлады. Масква, у сваю чаргу, паспрабавала перакінуць віну на фашысцкую Нямеччыну.

Саветы абвінавацілі Польшчу ў супрацоўніцтве з Гітлерам

Сталін сцвердзіў, што Польшча, прымаючы запрашэнне фашысцкага боку ўдзельнічаць у даследаванні магіл у Катыні, выстуае не толькі супраць СССР, а таксама саюзнай антыгітлераўскай кааліцыі. Гэта быў таксама змест сакрэтнай тэлеграмы, якую Сталін даслаў прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі Уінстану Чэрчылю і прэзідэнту ЗША Франкліну Рузвельту.

Саветы вырашылі, што найлепшай абаронай будзе дыпламатычная атака

Уначы з 25 на 26 красавіка міністр замежных справаў СССР Вячаслаў Молатаў выклікаў да сябе польскага амбасадара ў Маскве Тадэвуша Ромэра.
Апошняму была прадстаўлена нота савецкага кіраўніцтва, якое абвінаваціла польскі ўрад у свядомым удзеле ў нямецкай кампаніі падману і паклёпу дзеля таго, каб дамагчыся ў СССР тэрытарыяльных саступак коштам земляў Савецкай Беларусі, Літвы і Украіны. Молатаў заявіў, што польскі ўрад пайшоў на змову з гітлераўскай Нямеччынай і такім чынам адмовіўся ад саюзных адносінаў з СССР, заняўшы варожаю пазіцыю. Таму СССР вырашыў разарваць дыпламатычныя адносіны з польскім урадам.
5 траўня 1943 году персанал польскай амбасады пакінуў Маскву. Разрыў дыпламатычных адносінаў з урадам Сікорскага дала Савецкаму Саюзу шырокія магчымасці дзеянняў у дачыненні да пасляваеннай Польшчы.

Сталін стаў рыхтавацца да ўсталявання прасавецкага рэжыму ў Польшчы 

Вось з гэтага моманту, з 25 красавіка 1943 г., калі СССР разарваў дыпламатычныя адносіны з Польшчай, Сталін стаў рыхтавацца да ўсталявання прасавецкага рэжыму ў Польшчы. Доказам гэтага было пакліканне ў ліпені 1944 году часовага ўраду Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, ПКНВ (польск.: Polski Komitet Wyzwolenia Narodowego), які ствараўся з польскіх камуністычных арганізацый. У сваю чаргу НКВД і савецкія партызаны атрымалі дазвол на тое, каб ліквідаваць атрады Арміі Краёвай.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара