Беларуская Служба

Навукоўцы вывучылі дыету продкаў сённяшніх палякаў

18.06.2020 18:15
Толькі невялікая частка харчавання была мясной.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/kasakphoto

Навукоўцы правялі даследаванні на тэму дыеты продкаў сённяшніх палякаў. Аказваецца, што толькі каля 15% складу харчавання людзей, якія жылі ў паўднёвай частцы Польшчы некалькі тысяч гадоў таму, складала мяса. Пры гэтым каля 50% дыеты складалі расліны. Такія дадзеныя сталі вядомыя дзякуючы даследаванням касцей некалькіх дзясяткаў чалавек, якія жылі ў эпоху неаліту і бронзы ў Малапольшчы (поўдзень краіны).

Аналіз дыеты продкаў чалавека звыш тысячагодняй даўніны – гэта нялёгкая задача для вучоных. На працягу апошніх гадоў даследчыкі ўсё часцей карыстаюцца ў дадзенай галіне метадам, у рамках якога выкарыстоўваюцца ізатопы. Колькасць ізатопаў акрэсленых элементаў у калагене касцей дазваляе даследчыкам назваць з вялікай дозай верагоднасці не толькі паходжанне чалавека, але таксама – чым ён харчаваўся. Гэтым метадам карысталіся таксама даследчыкі з некалькіх польскіх навуковых устаноў, між іншым, Польскай акадэміі навук ды Універсітэту кард. Стэфана Вышыньскага, якія заняліся пытаннем дыеты колішніх жыхароў сённяшніх польскіх земляў.

«Нам удалося даведацца, што нашы продкі, якія жылі некалькі тысяч гадоў таму, толькі ў невялікай ступені спажывалі мясныя прадукты. Каля паловы харчоў – гэта былі расліны, а астатнюю частку запаўнялі іншыя харчы, у тым ліку малочныя прадукты», – адзначыў антраполаг прафесар Кшыштаф Шостак (Krzysztof Szostek) з Інстытуту біялагічных навук Універсітэту кард. Стэфана Вышыньскага ў Варшаве.

Адной з мэтаў даследавання была спроба даведацца, якім чынам дыета людзей мянялася на працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў. Аказалася, што практычна не відаць выразных зменаў у дыеце людзей на працягу пяці тысяч гадоў, пачынаючы з сярэдзіны чацвёртага тысячагоддзя да нашай эры. Гэта значыць, што прапорцыі розных складнікаў дыеты амаль што не мяняліся цягам на столькі доўгага часу.

З аналізаў вынікае, што сярод раслінных прадуктаў, якімі харчаваліся продкі сённяшніх палякаў, пераважалі ячмень і старыя гатункі пшаніцы.

Польскае агенцтва друку/нг

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка