25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет пакуль яшчэ БССР, у выніку паразы путчу ГКЧП, надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце канстытуцыйны статус – Беларусь стала незалежнай дзяржавай. У 29 гадавіну здабыцця незалежнасці першы кіраўнік незалежнай Беларусі, старшыня прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч разважае ўжо пра падзеі «беларускага жніўня» 2020 года:
-Адчуваю, што вакол Лукашэнкі сабралася хеўра. Гэта хеўра паслухмяных Лукашэнку людзей пануе ў Беларусі. Міністэрства ўнутраных спраў паведамляе, што ў апошнюю нядзелю на пратэст у Мінску выйшла 20 тысяч чалавек, а спадарожнік паказвае, што было прыкладна 300 тысяч.
А Лукашэнку трэба адправіць да псіхіятра, бо ён дае дзіцяці ў рукі аўтамат. Наагул ён кіруе дзяржавай, як арганізаванай злачыннай групай. Выскоквае з верталёту з аўтаматам... дзякуй богу, што забыў «ражок» да аўтамата прыставіць, гэта дрэнныя жарты. У нас псіхапат, які прайграў выбары, і ён кіруе Беларуссю. (....)
Станіслаў Станіслававіч, вы былі кіраўніком Беларусі, разумееце, як устроены механізмы кіравання пры Лукашэнку. Чаму пры такой актыўнай паставе грамадства ў лукашэнскаўскай вертыкалі дагэтуль не наступіў раскол?
- Таму што на працягу 26 гадоў Лукашэнка прытрымліваўся толькі аднаго правіла – кадры вырашаюць усё. Ён падбіраў толькі выключна паслухмяныя кадры. Колькі дэбілаў там з'явілася, яны ўсе ведаюць толькі адно – слухаць і выконваць. А слухаць і выконваць без розуму ўжо нельга, а то гэта будзе так, як было ў Савецкім Саюзе, партыя патрабуе, і план трэба выканаць любой цаной. І тут такое паслушэнства любой цаной.
Я не ведаю, як з такім псіхічна ненармальным чалавекам зараз выраўноўваць становішча Беларусі. Разумееце, ён зараз і патроны можа знайсці для свайго аўтамата. Сілавыя структуры працягваюць яго падтрымліваць, яго апраўдваць.
У гэтыя дні спаўняецца 29 гадоў з моманту здабыцця Беларуссю незалежнасці. Путч ГКЧП прайграў, у тым ліку і дзякуючы таму, што і эліты саюзных рэспублік і цэнтру, пайшлі на дыялог, пайшлі на саступкі. Чаму нешта падобнае не адбываецца зараз?
-Разумееце, у тыя часы мы ўсе працавалі галавой. А зараз рашэнні і крокі ўлады прадыктаваныя псіхікай. У больш нізкіх колах улады таксама ўжо амаль няма адэкватных кіраўнікоў. Склалася вельмі небяспечнае становішча. Зара час гнаць гэтую нечысць, трэба чысціць ад яе Беларусь!
З Станіславам Шушкевічам гутарыў Эдуард Жолуд.
Поўную размову слухайце ў далучаным файле!