Дзейнасць чалавека мае вялікі ўплыў на змены клімату і гэта даведзена многімі даследаваннямі. Ёсць розныя ацэнкі, колькі часу мы яшчэ зможам жыць на Зямлі, пакуль яна канчаткова не разбурыцца. Некаторыя ацэньваюць, што для гэтага спатрэбіцца яшчэ тысячы і мільёны гадоў, іншыя мяркуюць, што канец блізкі і апакаліпсіс можа нас сустрэць ледзь не заўтра. Мы, з аднаго боку не можам прадбачыць канца свету, але з другога дакладна ведаем, як наша жыццёвая актыўнасць уплывае на нашае асяроддзе. Пры чым не толькі самае блізкае, якое тычыцца нас, але і на сусветныя змены. Гэтая з’ява называецца «эфектам матылька» і яна можа праявіцца ў кожным нашым дзеянні. У іх ліку знаходзіцца таксама наша дыета. Тое, што мы сёння бачым на сваёй талерцы падчас абеду, можа спрычыніцца да таго, што нашым дзецям або ўнукам прыйдзецца ўцякаць на поўнач, бо ў Беларусі нічога не будзе расці. Што навука кажа пра ўплыў харчавання на клімат? Пра гэта выданню Vox расказаў Бэн Хулстон з Каліфарнійскага ўніверсітэту:
-Каля 25% адсоткаў зменаў клімату можа мець сваю крыніцу ў харчаванні і тым, як мы выбіраем сваё штодзённае меню. Гэта большы ўплыў, чым уплыў аўтамабіляў! Насамрэч, гэта ў два разы больш забруджвання, чым прадукуюць машыны.
Паводле даследавання Our World in Data, амаль палова тэрыторыі, дзе могуць жыць людзі, выкарыстоўваецца дзеля вытворчасці харчавання. Гэта ўсяго 51 мільён квадратных кіламетраў. З гэтага мільёна аж 70%, або інакш 40 мільён квадратных кіламетраў мы ўжываем для жывёлагадоўлі. Тым часам, прадукты жывёльнага паходжання забяспечваюць толькі 17% нашага харчавання ў пераліку на калорыі. У выніку выходзіць, што мы ўжываем паверхню чатырох Кітаяў для таго, каб забяспечыць толькі адну пятую частку свайго запатрабавання на ежу. Няўжо гэта неэфектыўна?
Так сусветную сітуацыю тлумачыць польскі блогер Everyday Hero (Штодзённы герой), які займаецца папулярызацыяй веганскага ладу жыцця:
-Сістэма харчавання – гэта адзін з галоўных рухавікоў зменаў клімату. Дадаткова, ён выходзіць па-за рамкі глабальнага пацяплення і калі мы за ім не сочым, што мае месца зараз, ён мае жорсткі ўплыў на стан навакольнага асяроддзя. Гэта звязана перадусім з выкарыстаннем вялікіх палос змялі на прадукцыю кармоў для жывёлы, празмерным ужываннем прэснай вады і забруджваннем воднай і зямельнай экасістэмаў. Даследаванні паказваюць, што калі нішто не змяніцца ў галіне харчавання, беручы пад увагу павелічэнне колькасці насельніцтва і змены ў заробках у глабальным сэнсе – можам чакаць павелічэння ўплыву сістэмы харчавання на 50% або нават 90%. А гэта можа дрэнна ўплываць на нашую экасістэму і настроі насельніцтва. На шчасце, мы, спажыўцы, можам гэта змяніць. Мы, грамадства, маем усё большы доступ да навуковай інфармацыі і лепшай якасці прадуктаў. І спадзяюся, што гэта дазволіць нам змяніць наш негатыўны ўплыў на тое, што адбываецца навокал.
Варта адзначыць, што вытворчасць харчавання жывёльнага паходжання – гэта не толькі кошт мяса ці яек у краме. Гэта таксама транспарт, упакоўка, працэс забіцця гэтых жывёлаў, але і ўвесь працэс гадоўлі, на які траціцца неверагодная колькасць корму і вады. Прадукцыя аднаго кілаграма ялавічыны патрабуе аж 15000 літраў вады. Гэта столькі, колькі ў сярэднім выкарыстоўваем на тое, каб прыняць душ 250 разоў! Акрамя таго, паралельна з жывёлагадоўляй вядзецца вырубка лясоў па ўсім свеце – штогод мы трацім 73 тысячы квадратных кіламетраў лясоў, толькі для таго, каб жывёлы, якіх мы будзем есці, мелі што есці. Самую вялікую шкоду нашаму асяроддзю наносіць празмерная гадоўля быдла і авечак. Гэта звязана з іх працэсам стрававання. Вось як гэта апісваецца ў відэароліку пра ўплыў харчавання на змены клімату на канале VOX:
-Каровы і авечкі могуць страваваць рэчы, якіх большасць жывёлы не можа есці, як трава або цяжкія раслінныя рэчывы. У іх жыватах знаходзіцца шмат мікробаў, якія дапамагаюць ім у страваванні дзякуючы працэсу ферментацыі ў кішэчніку. Пабочным прадуктам гэтага працэсу з’яўляецца метан, вельмі цяжкі парніковы газ. Метан аказвае вялікі ўплыў на змены клімату. Ён з’яўляецца другім найбольш распаўсюджаным газам пасля вуглякіслага газу, але адначасова застаецца ў атмасферы даўжэй, чым лідар гэтай класіфікацыі. Як інфармуе амерыканскае Агенцтва аховы навакольнага асяроддзя, яго ўплыў на парніковы эфект у 21 раз большы, чым уплыў вуглякіслага газу. Працэс стрававання прычыняецца да траціны агульных выкідаў метану на Зямлі. Гэта больш чым эмісія метану ў выніку здабыцця выкапнёвага паліва. І гэта вялікі фактар у тым, чаму гадоўля мае такі ўплыў на выкіды парніковых газаў.
Як бачым, змены клімату, хаця і ў большай частцы натуральныя і непазбежныя, у нейкай ступені залежаць ад нас і ад нашага меню. Варта наступным разам задумацца, што і якім чынам мы кладзем на сваю талерку. У інтэрнэце лёгка знайсці даследаванні, у якіх падлічваюць вадзяны след кожнага прадукту харчавання. Так, атрымліваецца, што на адзін бутэрброд з мясам індыка патрачана 600 літраў вады. Сапраўды, страты маштабныя. А да таго, яшчэ трэба дадаць прастору, на якой гадаваліся індыкі, корм для іх і якія наступствы ад гэтага будуць для нашай планеты.
Слухайце аўдыёфайл
Альберт Ежы Вяжбіцкі