Блогер Віктар Бугаёў тры гады чакаў палітычнага прытулку ў Швецыі, якая ў выніку яму адмовіла. Стваральніка каналаў «Усё аб Дуброўна» і «Хватит врать» улады пачалі пераследаваць за актыўную грамадскую дзейнасць. У верасні супраць яго пачалі новую крымінальную справу.
Баючыся за бяспеку і жыццё Віктар Бугаёў выехаў у Швецыю, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Там ён працягваў дзейнасць праз сацыяльныя сеткі.
Нягледзячы на прадстаўленыя дакументы, якія пацвярджалі апазіцыйную і блогерскую дзейнасць, сабраныя гуказапісы пагрозаў з боку праваахоўных органаў, паручыцельствы лідараў беларускай апазіцыі і праваабаронцаў, у тым ліку старшыні праваабарончага цэнтру Вясна Алеся Бяляцкага, Швецыя адмовіла даць прытулак актывісту. Вярхоўны суд, куды адвакатам была пададзеная скарга, пакінуў яе без разгляду і права абскарджвання. Шведскі бок палічыў, што задакументаваная дзейнасць Віктара Бугаёва не азначае, што яго чакае пераслед у Беларусі.
За Бугаёва заступіліся спецдакладчыкі ААН, якія заўважылі парушэнні ў разглядзе яго справы шведскімі органамі. У гэтай справе прыняты адмысловы дакумент. 21 жніўня мужчыну выклікалі ў міграцыйную службу, пазбавілі жылля, выплат, дакументаў і перадалі справу ў службу, якая займаецца дэпартацыяй нелегалаў.
- Я пяць дзён жыў на вуліцы, я адчуваў рэальную пагрозу таго, што мяне выдадуць беларускім уладам, мне нічога не засталося і я ўцёк у Польшчу. Як раз у гэты час у Беларусі праходзілі паслявыбарчыя рэпрэсіі. Я задаў нават пытанне: Ці вы ведаеце, што цяпер адбываецца ў Беларусі? Мне сказалі, што так, але ёсць загад. Ужо калі я быў у Польшчы, у мяне дома 23 верасня быў праведзены вобшук, забралі кампутар і тэлефон, якія так і не вярнулі. Мая жонка Наталля Стрэльчанка з’яўляецца «кандыдатам пратэста» партыі «Народная грамада» Мікалая Статкевіча. Ёй сказалі, што супраць мяне ўзбуджана крымінальная справа за падазрэнне ў нібыта абразе мною ў сацсетках брэсцкіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Па словах Віктара справу вядзе следчы, які займаецца вядомым брэсцкім блогерам Пятрухіным.
Ліст падтрымкі ад Мікалая Статкевіча
Публікацыі Віктара Бугаёва ў сеціве маюць тысячы праглядаў, а некаторыя збіраюць і па 100-500 тысяч праглядаў. Старонка «Усё аб Дуброўна» неаднаразова раскрывала махінацыі мясцовых чыноўнікаў. Там шмат і іншых крытычных да ўладаў, не толькі мясцовых, публікацый. За гэта блогер перыядычна атрымліваў пагрозы. У 2019 годзе жонцы паведамілі, што супраць яго пачатая крымінальная справа па факце публікацыі пра інсталяцыю з негатыўным зместам (інсталяцыя з напісам «Выгнаць лукавага»).
Прыехаўшы ў Польшчу Бугаёў звярнуўся ў мясцовыя службы, якія займаюцца ўцекачамі, але ці будзе разглядацца справа Віктара ў Польшчы пакуль не вядома, бо згодна з Дублінскай канвенцыяй адказнасць за блогера нясуць шведскія службы. Ёсць пагроза, што ён будзе перададзены шведскім уладам, якія ў сваю чаргу дэпартуюць мужчыну ў Беларусь.
Віктар Бугаёў перакананы, што беларуская ўлада адпомсціць яму за дзейнасць:
-Напэўна мяне чакае здзек і катаванні. У справу замешана таксама шмат палітыкаў, якія за мяне хадайнічалі. Гэта Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька (з ім мы запісвалі відэа пра Марш тунеядцаў у Дуброўне), Васіль Палякоў, Алесь Бяляцкі, Андрэй Бандарэнка. Дарэчы, шведскі бок не прыняў да ўвагі гэтыя дакументы. Іх сапраўднасць пацвердзіла ААН, якое адзначыла, што мяне ні ў якім выпадку нельга выдаваць. Я на 100 працэнтаў перакананы, што мяне будуць катаваць, тым больш, што пагрозы паступалі перыядычна. Яны і цяпер прыходзяць за маю рэальную працу ў сацсетках. Пасля апошняга вобшуку дома ў верасні я разумею, што іх мэтай таксама з’яўляецца жонка Наталля, яна ж «кандыдат пратэста». Калі я з’ехаў яны пераключыліся і на яе, затрымлівалі, Наталля прызнаная рэпрэсаванай асобай.
За Віктара Бугаёва заступіўся і шведскі праваабаронца Марцін Угла, эксперт па беларускім справам, які перакананы, што Бугаёва ні ў якім выпадку нельга выдаваць беларускім уладам:
- Так, мне вядомая гэта справа. Я сапраўды лічу, што Віктар мае дастатковыя падставы, каб атрымаць прытулак. Як мне здаецца, гэта тыповы прыклад таго, як дзейнічаюць рэпрэсіі на мясцовым узроўні ў Беларусі. Праблема тут у тым, што шведская міграцыйная служба не дастаткова разумее сітуацыю ў Беларусі. Таму існуе пэўная рызыка, што яго дэпартуюць, а гэта вяло б да рызыкі новых рэпрэсій з боку беларускай улады, у тым ліку рызыкі пазбаўлення волі.
Фрагмент рэкамендацыі Марціна Угла для суда ў падтрымку Віктара Бугаёва. Паводле блогера, суд не разглядаў згаданы дукумент.
Цяпер Віктар Бугаёў знаходзіцца ў Польшчы і разлічвае, што польскія міграцыйныя ўлады ўсё ж зоймуцца яго справай. Тым больш, што ў святле апошняга паслявыбарчага пераследу сітуацыя набірае дадатковай афарбоўкі. Пра гэта сведчыць ператрус дома ў актывіста 23 верасня.
ав