21 снежня мы будзем сведкамі рэдкай з'явы на небе, апошняя такая назіралася 800 гадоў таму. У ноч зімовага сонцастаяння мы будзем назіраць яркую зорку падобную на Віфліемскую. У СМІ яе так і называюць - Віфліемскай, таму што яна з'явіцца напярэдадні Калядаў. Дзве найбуйнейшыя планеты нашай Сонечнай сістэмы - Юпітэр і Сатурн - "зліюцца" на небе 21 снежня, стварыўшы адну яркую кропку. Што важна, назіраць за імі можна будзе няўзброеным вокам.
Раней такую з'яву, якую называлі вялікім злучэннем, можна было ўбачыць у 1226 годзе, паведамляе навукова-папулярны вэбсайт EarthSky. Юпітэр і Сатурн таксама значна зблізіліся ў 1623 г., але астраномы кажуць, што ўмовы назірання і становішча Сонца, верагодна, зрабілі немагчымым убачыць гэтую з'яву.
Амерыканскае касмічнае агенцтва NASA заявіла, што Юпітэр і Сатурн "паступова збліжаюцца", і на піку яны будуць знаходзіцца на адлегласці толькі "пятай часткі поўні".
"Аднак, хаця два газавыя гіганты могуць здавацца блізкімі, яны на самой справе, знаходзяцца сотні мільёнаў міль адзін ад аднаго", - нагадала NASA.
Агенцтва адзначае, што, хоць выгляд будзе "уражваць", усё шоў не будзе працягвацца доўга. Планеты ўпадуць пад гарызонт неўзабаве пасля захаду сонца.
Падобнае вялікае злучэнне планет з'яўляецца адным з навуковых тлумачэнняў з'явы, апісанай у Бібліі падчас нараджэння Хрыста.
Гарвардска-Смітсанаўскі цэнтр астрафізікі прадказваюць, што наступнае вялікае злучэнне, калі Юпітэр і Сатурн будуць так блізка адзін да аднаго, адбудзецца ў 2080 годзе, а потым толькі ў 2400 годзе.
Так што, 21 снежня нельга нам правароніць гэтую з'яву.
яс