Лекарскае самакіраванне не мае намеру без разбору даваць згоду медыкам з Усходняй Еўропы на практыку ў Польшчы. Міністэрства аховы здароўя заявіла, што накіруе справу ў Вярхоўны суд, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Паводле газеты, спрэчка працягваецца ўжо некалькі тыдняў і на практыцы блакуе магчымасць прыезду на працу ў Польшчу медыцынскага персаналу, напрыклад, з Украіны ці Беларусі. Гэта ў той час, калі кожны дадатковы лекар „на вагу золата”.
Газета нагадвае, што з мэтай садзейнічання працаўладкаванню замежнікаў у канцы 2020 года ў Польшчы былі прыняты правілы, якія паскараюць працэдуры, то бок адкрываюць гэтак званую хуткую дарожку.
Паводле „ хуткай дарожкі”, каб лекар з-за межаў ЕС змог пачаць працу ў Польшчы згоду павінен даць міністр аховы здароўя. У сваю чаргу раённы Лекарскі савет цягам сямі дзён павінен пацвердзіць права замежнага медыка на практыку ў краіне. Калі лекарскі савет адмаўляецца выдаць згоду, паведамляе пра гэта міністру.
Аднак лекары лічаць гэтую працэдуру недастатковай, каб узяць на сябе адказнасць за тое, хто будзе лячыць пацыентаў у Польшчы. „Лекарскае самакіраванне не можа пасіўнага выконваць рашэнні Мінздароўя. Гэта занадта сур'ёзная справа”, - кажа Войцех Ідашак з Вышэйшай лекарскай палаты.
Таму ў прынятай у студзені пастанове Вышэйшы лекарскі савет увёў абавязковую праверку кваліфікацыі кандыдатаў. Гаворка ідзе пра тое, што Раённыя лекарскія саветы могуць патрабаваць у кандыдатаў прадастаўлення дадатковых дакументаў, напрыклад, пасведчання аб веданні польскай мовы, пасведчання аб несудзімасці альбо пацверджання спецыялізацыі. Гэта, у сваю чаргу, істотна зацягвае працэдуру выдачы згоды на практыку ў Польшчы.
На гэта, паводле выдання Dziennik Gazeta Prawna, не пагаджаецца Міністэрства аховы здароўя, якое паведаміла, што пастанову Вярхоўнага лекарскага савета накіроўвае на разгляд у Вярхоўны суд.
аз