Беларуская Служба

«Вельмі хацелася б атрымаць статус, які ёсць у іншых меншасцей у Польшчы» - актывіст з Сілезіі пра сілезскую меншасць

15.03.2021 16:56
Паводле перапісу 2011 года сілезцаў у Польшчы было 800 тысяч, аднак яны надалей не маюць афіцыйнага статусу меншасці.
Аўдыё
  • Перапіс насельніцтва гэта выдатная нагода для меншасцей, каб паказаць сваё існаванне
         .
Варфаламей Ванат знаходзіць нейкія паралелі між сітуацыяй сілезцаў і беларусаў.фота: Olga Żdanowicz

Ужо праз два тыдні пачынаецца ў Польшчы перапіс насельніцтва. Гэтае мерапрыемства з’яўляецца выдатнай нагодай для тых, хто не належыць да большасці грамадства Польшчы. Сярод людзей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны, знойдзем некалькі нацыянальных і этнічных меншасцей. Самай вялікай з іх з’яўляюцца сілезцы, якія жывуць на поўдні дзяржавы. Сёлетні перапіс для іх вельмі важны, пра што Альберту Ежы Вяжбіцкаму расказаў сілезскі актывіст Варфаламей Ванат.

Прывітанне Варфаламей, мы вельмі рады, што ты згадзіўся расказаць нам пра Сілезію. На самым пачатку хачу звярнуцца з пытаннем, каго мы можам назваць сілезцам, хто такі сілезец?

-Сілезцы – гэта людзі, якія жывуць у Сілезіі і адчуваюць моцную сувязь са сваёй бацькаўшчынай. І гэта абазначае, што існуюць сілезцы, якія адчуваюць выключна сілезскую ідэнтычнасць – іх назавем сілезскай нацыяй або этнічнасцю. Але таксама ёсць людзі, якія адчуваюць, што іхная сілезскасць – гэта частка польскай нацыі і культуры, або чэшскай нацыі і культуры. Часам нават нямецкай. У такім разуменні сілезцы – гэта агульная назва для чатырох этнічных групаў, якіх аб’ядноўвае менавіта Сілезія.

Сілезія – гэта рэгіён, які знаходзіцца на поўдні Польшчы, а таксама ў Чэхіі. Яго можам падзяліць на Верхнюю і Ніжнюю частку. Аднак сёння сілезцы пражываюць перадусім у Верхняй яго частцы. Колькі вас агулам?

-Калі гаворым пра Верхнюю Сілезію, дзе дагэтуль наша культура жыве, насельніцтва рэгіёну – гэта 4,5 мільёна людзей. З гэтага 500-800 тысяч – гэта сілезцы па нацыянальнасці і 500 тысяч з іх – носьбіты сілезскай мовы. Акрамя гэтага, ёсць людзі, якія не назвалі сілезскую нацыянальнасць у перапісах насельніцтва, але нейкую сувязь з Сілезіяй адчуваюць. Таму я лічу, што агулам, яшчэ ўлічваючы дыяспару, нас усяго мільён.

Я не здзіўлюся, калі некаторыя нашыя слухачы ніколі не ведалі, што існуе нешта такое, як сілезская нацыя ці нават сілезская мова. Аднак ведаем, што праблема тоеснасці, а таксама мовы, вельмі блізкія беларусам. Як выглядае вашая сітуацыя? І ў рэчаіснасці, і фармальна?

-Вельмі коратка для слухачоў, якія ніколі раней не чулі слова «Сілезія» або «сілезская мова», я хачу сказаць, што гэта адна са славянскіх моваў, вельмі блізкая да польскай і чэшскай, на якой размаўляе паўмільёна чалавек у Польшчы ды Чэхіі. Яна мае розныя дыялекты, на ёй ствараецца літаратура, на ёй таксама паўсталі навуковыя артыкулы і арганізуюцца канферэнцыі. Таму гэтая мова жыве, аднак праблема ў тым, што, з пункту гледжання польскай дзяржавы, гэтай мовы няма. Гэта значыць, што ў польскім праве фразы як «сілезская мова», «сілезскі дыялект», «сілезская гаворка» няма. Не існуе і сілезцаў як групы, таму што «сілезскай нацыі» таксама нідзе няма. Гэта крыху крыўдна, таму што я ведаю, што мы ёсць. Кожны дзень магу паглядзець у люстэрка і ўбачыць сілезца. Не ведаю, як іншыя адчуваюць, але прынамсі я – сілезец. І вельмі хацелася б атрымаць гэты статус, які ёсць у іншых меншасцей у Польшчы. То-бок, у краіне існуе закон аб этнічных меншасцях і рэгіянальных мовах, у якім прапісаныя польскія меншасці. У ім ёсць караімы, якіх згодна з данымі перапісу 300-400 чалавек, а няма сілезцаў, якіх 800 тысячаў.

Ты ў мінулым годзе распачаў такі праект, які называецца «Uotwarty Ślůnsk». Чым вы займаецеся і як выглядае дзейнасць сілезскіх арганізацый, уласна ў кантэксце перапісу насельніцтва, які ўжо неўзабаве пачнецца?

- «Uotwarty Ślůnsk» – то-бок па-беларуску «Адкрытая Сілезія» – гэта праект, які мы запусцілі, каб займацца не толькі сілезскім пытаннем, таму што ён аб’ядноўвае гэтыя імкненні сілезцаў, выкарыстоўвае прынцыпова сілезскую мову, але таксама займаецца эмансіпацыяй іншых групаў. Але самае галоўнае, чым займаюцца сілезскія арганізацыі – гэта перапіс насельніцтва, які будзе ў сакавіку, таму што гэта яшчэ адна магчымасць даказаць польскай дзяржаве, што мы існуем. Хаця Польшча стараецца рабіць усё магчымае, каб нам ускладняць гэта. Напрыклад, калі ў перапісе будзе пытанне пра нацыянальнасць, можна будзе абраць адну з пятнаццаці афіцыйна прызнаных нацыянальнасцяў, але сілезскай не будзе. Хаця мы памятаем, што ў апошнім перапісе 2% насельніцтва хацелі яе назваць. А зараз трэба будзе выбраць варыянт «іншая нацыянальнасць» і ўручную ўпісаць, што ты – сілезец. Гэта можа быць складана для старэйшых людзей, якія могуць не ўбачыць сілезскай нацыянальнасці і напрыклад запісацца ў палякі. І ў нас пачынаецца інфармацыйная кампанія, якая накіраваная на тое, каб паказаць сілезцам, што ў іх ёсць права і магчымасць упісаць сваю нацыянальнасць.

Тады зычым поспехаў у інфармацыйнай акцыі, каб усе сілезцы сапраўды заявілі аб сваім існаванні. Дзякуй вялікі за інтэрв’ю, а слухачам нагадаю, што мы размаўлялі з сілезскім актывістам Варфаламеям Ванатам. Калі вас зацікавіла гэтая тэма, заахвочваю даведвацца больш пра жыхароў Польшчы, не толькі польскай нацыянальнасці.

Альберт Ежы Вяжбіцкі