Краязнаўца Пятро Байко распавёў як жыла вёска Белавежа роўна сто гадоў таму, то бок у 1921 годзе.
У першую чаргу загойваліся раны пасля Першай сусветнай вайны.
Немцы выехалі з вёскі напрыканцы снежня 1918 г. Белавежа і пушча аказаліся ў межах Польшчы. Праўда, на кароткі час у 1920 г. улада перайшла да бальшавікоў, але аб гэтым памалу забываліся.
У Белавежу вярталіся яе жыхары, якіх у жніўні 1915 году царскія ўлады прымусілі збягаць углыб Расейскай імперыі ад наступаючай нямецкай арміі. Значную частку дамоў спалілі адступаючы казацкія атрады. У гэтай сітуацыі жыхарам прыйшлося пачынаць практычна з нуля. Многія мусілі жыць у зямлянках і змагацца з голадам і галечай.
У значна лепшай сітуацыі былі сем'і, якія не падпарадкаваліся царскім загадам і засталіся. Некаторыя пад нямецкай акупацыяй нават паставілі новыя хаты.
Акрамя карэнных жыхароў, у Белавежу ехалі за працай людзі з іншых частак краіны. Наймаліся дрэвасекамі і працавалі на лесапільным заводзе. Ехалі леснікі, чыноўнікі, прамыслоўцы.
Белавежа ставала важным адміністратыўна-эканамічным цэнтрам.
Паводле вынікаў першага нацыянальнага перапісу ў 1921 у белавежскім раёне, у якім было 70 вёсак пражывала амаль 7 тысяч чалавек. Пераважалі праваслаўныя, 17% складалі каталікі, 10% стараверы і 0,7% іншыя.
Аб тым, што адбылася ў Белавежы роўна 100 гадоў таму распавядае ў Czasopise Пятро Байко.
яс