Беларуская Служба

Ці ў гадавіну БНР 25 сакавіка трэба заклікаць на масавыя пратэсты?

23.03.2021 15:43
Уладзімір Падгол прапануе вярнуцца да непратэставых акцый адзначэння гадавіны стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Аўдыё
  • Ці 25 сакавіка патрэбныя акцыі пратэсту?
Здымак мае ілюстрацыйны характарradyjo.net/Albert Jerzy Wierzbicki

На Дзень Волі 25 сакавіка былі пададзены заяўкі на правядзенне святочных мерапрыемстваў. Вядома ўжо, што ўлады ў розных гарадах Беларусі адмаўляюць у выдачы дазволаў. Таму, калі акцыі адбудуцца, яны будуць несанкцыянаванымі, што можа стаць падставай да новага вітка рэпрэсіяў. Сваё занепакаенне па гэтай справе выказаў між іншым лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк. Ён лічыць, што ў сітуацыі, калі ідуць рэпрэсіі, «публічнае святкаванне Дня Волі з выхадам на вуліцы трэба было адкласці, прадбачліва змяніць форму».

Пазняк крытыкуе палітычныя сілы і телеграм-каналы, якія заклікаюць «да нясвоечасовага масавага выхаду на вуліцы». З ім згодны наш палітычны аглядальнік палітолаг Уладзімір Падгол. На ягоную думку, заклік выйсці на масавыя пратэсты 25 сакавіка можа скончыцца выключна масавым хапуном.

Уладзімір Падгол прапануе вярнуцца да непратэставых акцый адзначэння гадавіны стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Досвед назапашаны даволі багаты, можна правесці, у прыватнасці, дыктоўку па беларускай мове. Першая такая дыктоўка адбылася на 90-годдзе БНР, – нагадвае наш аглядальнік.

- Лукашэнка ўжо правёў нараду з сілавікамі, усё падрыхтавана на падаўленне пратэстаў. Яны не дадуць людзям нават выйсці з пад’ездаў. І пратэстуй сабе за кратамі. У нас ужо быў такі пратэст на Дзень Волі, калі ўсіх, нават дыпламатаў, завезлі ў вайсковую частку і там трымалі.

Зразумела, што ўлады не дазволілі правесці адзначэнне, калі заяўнікі ўказалі ў заяўках, акрамя даты і месца, таксама БЧБ сімволіку. А калі забаронена, будуць татальныя рэпрэсіі.

Я нагадаю 2008 год, калі я прапанаваў у рамках адзначэння правесці нацыянальную дыктоўку па беларускай мове. Тады шэраг лідараў крычалі, што такая акцыя нічога не дае. Калі замежныя дыпламаты даведаліся пра дыктоўку, яны сказалі: мы будзем пісаць разам з вамі. Гэта быў магутны інфармацыйны, ідэалагічны і псіхалагічны выбух. На ўгодкі БНР трэба канцэнтравацца на арганізацыі свята, а не пратэстаў!

Меркаваннем Уладзіміра Падгола, сёлета выключная сітуацыя, таму святкаванне Дня волі павінна быць дамашнім святам, а палітычныя лідары маглі б правесці ў гэты дзень акцыі ў анлайн-фармаце, пры дапамозе інтэрнэту спалучыцца з іншымі палітыкамі, якія знаходзяцца за мяжою, каб паказаць, наколькі важнае гэта свята для беларусаў.

Поўная гутарка ў аўдыё

нг