Беларуская Служба

Сёлетняя акцыя «Гадзіна Зямлі» прысвечаная Балтыйскаму мору

26.03.2021 14:48
Ёсць верагоднасць, што хутка Балтыйскае мора, вядомае цяпер, можна будзе ўбачыць толькі на здымках.
Аўдыё
  • Сёлетняя акцыя «Гадзіна Зямлі» прысвечаная Балтыйскаму мору
.    .
Мора. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: Pexels /pixabay.com/CC0 Public Domain

У суботу, 27 сакавіка, чатырнаццаты раз пройдзе акцыя «Гадзіна Зямлі» экалагічнай арганізацыі WWF. На гэты раз агні павінны згаснуць для Балтыйскага мора. Натуральнае асяроддзе мора знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане, яго жыхары гінуць. Ёсць верагоднасць, што хутка Балтыйскае мора, вядомае цяпер, можна будзе ўбачыць толькі на здымках.

Таму абарона Балтыйскага мора стала тэмай польскага выдання глабальнай кампаніі «Гадзіна Зямлі», найбуйнейшай экалагічнай ініцыятывы ў свеце. Яе мэта – ахова навакольнага асяроддзя Балтыйскага мора і павышэнне ведаў на тэму пагрозаў.
Балтыйскага мора мае велізарнае значэнне для функцыянавання многіх краін, а таксама для цэлага клімату – нагадвае прэс-сакратар польскага аддзялення WWF Катажына Карпа-Свідэрэк:

-Мора мае ключавое значэнне. Гэта вадасховішча 14 краін. 90 млн людзей жывуць у краінах, якія выходзяць у мора, залежаць ад яго, ловяць рыбу, адпачываюць на моры. Балтыйскае мора, як і кожны вялікі вадаём, мае ўплыў на клімат. Гэта таксама дзейнічае ў адваротным накірунку. З-за зменаў клімату падымаецца ўзровень мора. Усё большыя праблемы звязаныя з тым, што Балтыйскае мора больш не з’яўляецца жыццядайным. Пасля вайны яно нас карміла, мы ў значнай ступені харчаваліся рыбай. На жаль, эксплуатацыя пайшла задалёка, таму трэба вызначаць нейкія ліміты. Інакш будзе вельмі цяжка.

Экспертка прызнае, што веды пра праблемы Балтыйскага мора невялікія. Акцыя «Гадзіна Зямлі», прысвечаная менавіта Балтыйскаму мору, звяртае ўвагу на гэтыя праблемы.

З-за размяшчэння ў глыбіні кантыненту абмен вады ў Балтыйскім моры адбываецца вельмі павольна. Акрамя таго, інтэнсіўнае земляробства, забруджванне вады і гады празмернага рыбалоўства прывялі да значнай шкоды навакольнаму асяроддзю. Адной з самых вялікіх праблем з'яўляецца адсутнасць устойлівага рыбалоўства, страчаныя рыбалоўныя прылады, якія дрэйфуюць у моры, і незаконны промысел, які негатыўна адбіваецца на ахоўных і знікаючых відах.

-WWF Польшча бачыць тэрміновасць гэтых праблем. Калі казаць пра празмернае рыбалоўства, то сем балтыйскіх статкаў знаходзяцца ў вельмі кепскім стане. Напрыклад, усходні статак балтыйскай трэскі амаль вымер, таму прыпыненая ўся лоўля. Рыба знікае. Акрамя таго, значная частка Балтыйскага мора становіцца мёртвай. Ужо 17% мора – гэта мёртвыя зоны. Бліжэй дна няма кіслароду, а таму там не развіваецца жыццё, – расказвае Катажына Карпа-Свідэрэк.

Трэска ў Балтыйскім мора калісьці мела даўжыню 1,5 метра. Цяпер гэта толькі 30 сантыметраў, паколькі рыба не паспявае вырастаць да свайго біялагічнага памеру.
У петыцыі, якую экалагічная арганізацыя падрыхтавала з гэтай нагоды, звяртаецца ўвага таксама на іншую праблему. Гаворыць Катажына Карпа-Свідэрэк:

-Лавіць трэба толькі тое, што нам патрэбна, абмяжоўваючы страты іншых гатункаў, якія трапяць у сетку і загінуць цалкам бессэнсоўна. І гэта не толькі рыбныя гатункі, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, ці рыба, якую мы не ловім, але гэта таксама птушкі і млекакормячыя. У рыбацкіх сетках гіне шмат млекакормячых. У Балтыйскім моры жывуць два гатункі млекакормячых – гэта цюлені і марскія свінні, іх некалькі відаў. І яны таксама гінуць у рыбалоўных сетках. Пра марскіх свінняў трэба як раз сказаць, што іх колькасць крытычная, яны амаль знікаюць. У Балтыйскім моры іх жыве каля 500 штук, таму знікненне кожнага асобніка – гэта трагедыя.

У фінале «Гадзіны Зямлі», 27 сакавіка, у 20:30 ва ўсім свеце будуць выключаны ўсе агні. Гэта сімвалічны жэст салідарнасці з прыродай і планетай. WWF Польшча заклікае ў гэтым годзе выключыць святло для Балтыйскага мора. У той жа час на працягу сакавіка ў Instagram праходзіць акцыя, у якой кожны можа падзяліцца фотаздымкам з Балтыйскага мора, выкарыстоўваючы тэг # godzinadlabałtyku і @wwfpolska.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце