Беларуская Служба

Найдаўжэйшы водпуск Пілсудскага: як маршал Польшчы адпачываў на Мадэйры з таямнічай жанчынай

30.07.2021 07:47
Атачэнне маршала Пілсудскага ўгаварыла яго адправіцца ў даўжэйшы водпуск у спрыяльны для здароўя клімат.
Аўдыё
  • Найдаўжэйшы водпуск Пілсудскага: як маршал Польшчы адпачываў на Мадэйры з таямнічай жанчынай
       .    -
Юзэф Пілсудскі на марской прагулцы ля берагоў Мадэйры. Жанчына на фота - Эўгенія Лявіцкая Narodowe Archiwum Cyfrowe

Лета – гэта перыяд водпускаў. Людзі накіроўваюцца на адпачынак у прыгожыя мясціны сваёй краіны альбо за мяжу. У адпачынак ідуць таксама кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў. Сёння ў гістарычнай рубрыцы мы раскажам пра найдаўжэйшы водпуск маршала Польшчы Юзэфа Пілсудскага. Правёў ён яго ў канцы 1930-га, пачатку 1931 гадоў на партугальскім востраве Мадэйра. У кампаніі прыгожай жанчыны.

У 1930 годзе бацька польскай незалежнасці, маршал Юзэф Пілсудскі пачаў адчуваць наступствы нездаровага ладу жыцця. Курэнне цыгарэт, стрэс, непраспаныя ночы і літры моцнай гарбаты пахіснулі здароўе нефармальнага кіраўніка Польшчы. Атачэнне маршала ўгаварыла яго адправіцца ў даўжэйшы водпуск у спрыяльны для здароўя клімат. Сам Пілсудскі разглядаў магчымасць накіравацца ў Егіпет альбо на Мадэйру. У канцы выбраў партугальскі востраў у Атлантыцы. Гаворыцца, што адправіцца на Мадэйру яго ўгаварылі дочкі.

Падарожжа пачалося ў Варшаве 15 снежня 1930 года. Маршал Польшчы накіраваўся ў Лісабон у салон-вагоне, які прычапілі да пасажырскага цягніка, што следаваў у заходнім напрамку. Пазней было некалькі перапрычэпак, а таксама перасадка на іншы цягнік на іспанска-партугальскай мяжы, паколькі вагон не мог ісці далей з-за розніцы ў шырыні чыгуначнай каляіны.

Падчас перасадкі на мяжы світа Пілсудскага згубіла яго шаблю! У Лісабоне мела адбыцца афіцыйная цырымонія прывітання Пілсудскага, таму ён рыхтаваўся апрануць парадны мундзір. Падчас апранання аказалася, што прапала шабля! У інцыдэнце сенсацыю ўбачылі польскія і еўрапейскія журналісты, якія пачалі пісаць пра тое, што нібыта нехта скраў дарагую шаблю Пілсудскага, інкруставаную каштоўнымі камянямі. Насамрэч шабля была звычайная і без камянёў, і ніхто яе не ўкраў, а проста забылі на мяжы, калі маршал рабіў перасадку са свайго салон-вагона ў партугальскі цягнік.

З Лісабона Юзэф Пілсудскі дабраўся на Мадэйру на звычайным таварна-пасажырскім судне і пасяліўся ў асабняку на ўскраіне Фуншалу – адміністрацыйнага цэнтру архіпелага. Услед за маршалам на востраў прыбыў 33-гадовы капітан Мечыслаў Ляпэцкі. Ён добра ведаў Мадэйру, бо быў тут раней, а цяпер яго выслаў на востраў кіраўнік кабінета міністра вайсковых спраў і сябра Пілсудскага палкоўнік Юзэф Бэк, пазнейшы міністр замежных спраў. Задачай Ляпэцкага была ахова Пілсудскага, але ў сакрэце, на адлегласць, таму што, як вядома, маршал не любіў аховы. Дарэчы, на Мадэйры яго суправаджаў толькі адзін афіцэр, які выконваў ролю целаахоўніка. Толькі ў лютым капітан Ляпэцкі перастаў у сакрэце ахоўваць Пілсудскага і пераехаў у яго асабняк.


Юзэф Пілсудскі на Мадэйры. Жанчына на фота - Эўгенія Лявіцкая Юзэф Пілсудскі на Мадэйры. Жанчына на фота - Эўгенія Лявіцкая

Пражываючы на Мадэйры, маршал шмат шпацыраваў вакол асабняка, адпраўляўся на прагулкі па востраве, але таксама шмат пісаў і чытаў, перш за ўсё вайсковую літаратуру. Аднак у яго быў пастаянны кантакт з радзімай дзякуючы лістам і дэпешам, якія прыходзілі штодня. Асабліва шмат лістоў і паштовак прыйшло на імяніны маршала. Калі ён вяртаўся дадому, то прыйшлося поштай загрузіць асобны грузавік.

А вяртацца дадому Юзэф Пілсудскі вырашыў на эскадраным мінаносцы ORP Wicher, які ў тыя часы быў флагманам ваенна-марскіх сіл Польшчы і найбольш сучасным польскім караблём. Эсмінец прыбыў у порт Гдыні 29 сакавіка 1931 года. Такім чынам, у водпуску Юзэф Пілсудскі правёў больш за тры месяцы.

Акрамя афіцэраў і сакратароў, маршала на Мадэйры суправаджала іншая персона. Гэта была амаль на 30 гадоў маладзейшая за Пілсудскага лекарка Эўгенія Лявіцкая. Сучаснікі пісалі, што гэта была прыемная і прыгожая бландзінка невысокага росту з блакітнымі вачамі і прыгожай фігурай. Пілсудскі пазнаёміўся з ёй у 1924 годзе, калі адпачываў у Друскеніках разам з сям’ёй. Пазней у вядомы курорт на адпачынак ездзіў ужо адзін. У 1927 годзе па просьбе Пілсудскага Лявіцкая пераехала ў Варшаву, дзе ўзначаліла спецыяльна створаную для яе Дзяржаўную навуковую раду фізічнага выхавання. На Мадэйры 63-гадовы Пілсудскі і 34-гадовая Лявіцкая пасяліліся пад адным дахам, у асабняку Quinta Bettencourt.


Юзэф Пілсудскі на прагулцы ў садзе асабняка Quinta Bettencourt Юзэф Пілсудскі на прагулцы ў садзе асабняка Quinta Bettencourt

Лекарка вярнулася ў Варшаву месяцам раней Пілсудскага. Чаму так сталася? Не вядома. Існуе некалькі гіпотэз. Гаварылася, што ўжо тады Пілсудскаму трапіла ў вока яшчэ маладзейшая жанчына – Ядвіга Бурхардт. Магчыма, Лявіцкая спадзявалася, што для яе Пілсудскі развядзецца з жонкай Аляксандрай. Але найбольш сенсацыйнай з’яўляецца гіпотэза пра тое, што Эўгенія Лявіцкая магла быць агенткай савецкай разведкі. Дарэчы, у Польшчу яна пераехала з Савецкага Саюза ў 1923 годзе, за год да знаёмства з Пілсудскім. Некаторыя гісторыкі таксама пішуць, што палкоўнік Бэк выслаў капітана Ляпэцкага на Мадэйру менавіта для таго, каб ён сачыў за палюбоўніцай маршала.

Неўзабаве пасля вяртання з Мадэйры Лявіцкай да яе на працу прыехала Аляксандра Пілсудская. Паводле сучаснікаў, размова была бурлівая.

27 чэрвеня 1931 года Эўгенія Лявіцкая была знойдзеная непрытомнай ва Ўпраўленні фізічнай культуры. Яна памерла праз два дні ў шпіталі, не прыйшоўшы ў сябе. Паводле лекараў, жанчына атруцілася хімічнымі сродкамі невядомага паходжання. Магчыма, Лявіцкая здзейсніла самагубства, але нельга таксама выключыць, што стала ахвярай атачэння маршала Пілсудскага альбо вайны разведак.

Юзэф Пілсудскі не быў рэлігійным чалавекам – ён нават не прыйшоў на жалобную ўрачыстасць, калі памерла яго першая жонка. Але маршал прыбыў у касцёл на жалобнае набажэнства за душу Эўгеніі Лявіцкай.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

перадача падрыхтаваная паводле матэрыялаў Польскага радыё

Больш на гэтую тэму: Машына часу