У суботу, 12 чэрвеня намеснік старшыні Сейма Польшчы Пётр Згажельскі наведаў школку для дзяцей, арганізаваную Цэнтрам Беларускай Салідарнасці ў Варшаве. Акрамя таго, пабачыць на ўласныя вочы, як працуе школка, завіталі Чэслаў Скажыньскі з фундацыі Palonia Union, а таксама намеснік войта мясцовасці Ізабелін Міхал Постэк.
У школцы ЦБС даўно існавала ідэя аб арганізацыі музычных заняткаў. Гэтую задуму дапамаглі ўвасобіць у жыццё прадстаўнікі ўладаў Польшчы. Гміна Ізабелін на прапанову Пятра Згажэльскага выдзеліла фінансавыя сродкі і падарыла школцы Цэнтру Беларускай Салідарнасці сінтэзатар, дзякуючы якому з'явілася магчымасць праводзіць дадатковыя заняткі для дзетак.
Па выніках сустрэчы было прынята рашэнне аб усталяванні патранату над школкай з боку прадстаўнікоў мясцовага самакіравання Варшавы, а таксама аб асабістай апецы над школай з боку намесніка старшыні сейму Пятра Згажэльскага. Акрамя таго прагучала ініцыятыва па арганізацыі экскурсіяў па найбольш цікавым месцам Польшчы для вучняў школы.
cbs/эж