У многіх гарадах для гэтых карысных жывёл устаноўлены спецыяльныя будкі, напрыклад, у некалькіх гарадах Любліншчыны. У прыватнасці ва ўстановы Лэнчнай былі накіраваны спецыяльныя будкі для зімоўкі для гэтых млекакормячых, зробленыя дзецьмі і бацькамі. – У нас ёсць 27 такіх будак, напоўненых лісцем, – кажа Катажына Ганьска, дырэктар грамадскага дзіцячага садка №1 у Лэнчнай.
-Будкі адмыслова сканструяваныя. У іх могуць зайсці вожыкі, але ўжо, напрыклад, каты не ўводуць. Таму гэта своеасаблівая ахова для вожыкаў. Будкі ў Лэнчнай перадаюць розным установам, паколькі нарадзілася цэлая акцыя. Цяпер яны ёсць каля будынкаў гарадскога кіравання, каля школаў, садкоў, дома культуры. Жыхары самыя да нас звоняць, яны даведаліся пра акцыю і просяць будкі.
Ганна Чэрвонка з прэс-бюро мэра Лэнчнай звяртае ўвагу, што вожыкі могуць спаць не толькі ў будках.
-Па ініцыятыве гарадскіх уладаў у панадворках у садках з апалага лісця і сухіх галінак узнікаюць насыпы для вожыкаў. Каля іх стаяць шыльды, якія ўласнаручна падрыхтавалі выхаванцы садкоў, дзе напісана, што ў насыпе спіць вожык. Далучыцца да акцыі горад заахвочвае не толькі садкі. Кожны ў сваім агародзе можа пакінуць насып з лісця і галінак. Для вожыкаў гэта дасканалае месца для зімовага сну.
Для вожыкаў цяпер наступіў асаблівы час – гаворыць ветэрынар Сільвія Сайрак.
-Восень – гэта спецыфічны час для вожыкаў, паколькі ночы становяцца выразна халаднейшыя. А гэта жывёлы, якія ў асенне-зімовы перыяд упадаюць у спячку. Калі гэтая тэмпература на працягу некалькіх начэй падае ніжэй за 10 градусаў, то гэта сігнал для вожыкаў, што трэба было б пашукаць сховішча і легчы спаць. У сваю чаргу ў горадзе такое месца знайсці не лёгка. У Польшчы вожыкі знаходзяцца пад аховаю. У нас жывуць усходне і заходнееўрапейскія гатункі вожыкаў, і іх становіцца ўсё менш.
Лена Грусецкая, якая кіруе рэабілітацыйным цэнтрам для дзікай прыроды пад Люблінам, падкрэслівае, што вожыкі вельмі карысныя.
-Вожыкі – гэта вельмі-вельмі карысныя жывёлы. Асабліва цяпер, калі назіраецца наступленне слімакоў, то вожыкі насамрэч з’яўляюцца выратавальнікамі раслін каля нашых дамоў. Яны таксама з’ядаюць лічынак і невялікіх грызуноў. Таму яны нашыя памочнікі ў барацьбе са шкоднікамі. Акрамя таго, гэта вельмі сімпатычныя жывёлы. З задавальненнем можна глядзець, як яны ходзяць на нашых участках, магчыма, нават на іх жывуць ці зімуюць. Можна ім паставіць талерку з вадой, што вельмі рэкамендуецца.
Такі насып лісця можа аказацца карысным не толькі для вожыкаў, але і для ўладальніка такога ўчастка – кажа ветэрынар Сільвія Сайрак.
-Па-першае, мы дасканала ўгноім зямлю, вясной вырасце прыгожая зялёная трава. Па-другое, у такой кучы лісця адбываецца працэс ферментацыі, што падымае ў сярэдзіне тэмпературу. У сувязі з гэтым там выдатнае месца, каб схаваліся вожыкі, жабы, насякомыя і перажылі некалькі зімовых месяцаў.
На жаль, вожыкі губляюць усё больш натуральных месцаў пражывання, як у выніку займання ўсё большых плошчаў для забудовы, так і моды на... дагледжаныя ўчасткі. Каб заахвоціць вожыка жыць у нашым садзе, мы павінны пакінуць дзікі куток.
ав