Беларуская Служба

Памяці Станіслава Шушкевіча

04.05.2022 15:01
Цягам сваёй навуковай, а потым палітычнай кар’еры Станіслаў Шушкевіч здабыў сабе рэпутацыю чалавека беззаганных маральных якасцяў, фенаменальнай сціпласці і поўнай адсутнасці пыхы, так уласцівай уплывовым і вядомым асобам.
Аўдыё
  • Памяці Станіслава Шушкевіча
.
С. Шушкевіч Крыніца: Agnieszka Kamińska, PolskieRadio.pl

Уначы 4 траўня ў Мінску памёр Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч. Першаму кіраўніку незалежнай Беларусі было 87 гадоў. Напрыканцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю з-за наступстваў каранавіруса. Праз два дні яго выпісалі з лякарні, але здароўе палітыка было незваротна падарванае хваробай.

Станіслаў Шушкевіч нарадзіўся 15 снежня 1934 у Мінску. Ён сын вядомага рэпрэсаванага беларускага паэта і празаіка Станіслава Пятровіча Шушкевіча.

Станіслаў Шушкевіч таксама вядомы беларускі навуковец. Быў народным дэпутатам СССР (з 1989-га), народным дэпутатам ВС БССР (з 1990-га), быў абраны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета. Пасля путчу ГКЧП ачоліў беларускі парламент і спрыяў здабыццё Беларусі незалежнасці 25 жніўня 1991 года, а таксама зацвярджэнню нацыянальных сімвалаў – герба «Пагоня» і бела-чырвона-белага сцяга, у якасці дзяржаўных у верасні 1991 года.

Аднак на думку беларускага палітыка Вячаслава Сіўчыка, якія быў асабіста знаёмы са Станіслва Шушкевічам з 1989 года, самы галоўным дасягненнем Шушкевіча стала падпісанне Белавежскіх пагадненняў, якія скасавалі Саюзную дамову 1922 года, тым самым спыніўшы існаванне СССР:

-Да нас сёння дайшла вельмі смутная навіна… Станіслаў Шушкевіч – гэта гістарычная постаць не толькі беларускага, але сусветнага маштабу. Беларусы заўжды павінны ганарыцца тым, што менавіта ў Беларусі, у Белавежскай пушчы ў імперыю зла быў загнаны асінавы кол, бо менавіта там былі падпісаныя белавежскія пагадненні, якія юрыдычна пахавалі Савецкі Саюз. Натуральным чынам, пра гэтую гістарычную падзею казаць, не ўзгадваючы імя Станіслава Шушкевіч, проста нелагічна.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і лідар Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка:

-Калі б не былі падпісаныя Белавежскія пагадненні, якія аформілі распад Савецкага Саюза, сёння не было б дзяржавы пад назвай Рэспубліка Беларусь. Па-рознаму можна ацэньваць сённяшні статус краіны, але без Станіслава Шушкевіча на палітычнай мапе свету не было бы краіны пад назваю Рэспубліка Беларусь.

Калега Шушкевіча па працы ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання тагачасны народны дэпутат, а цяпер журналіст «Радыё Свабоды» Сяргей Навумчык на хвалях станцыі прыгадаў трагічны момант з жыцця палітыка – адстаўку з пасады старшыні ВС, ініцыяваную так званымі маладымі ваўкамі, гэта быў канец студзеня 1994 года:

- Я пайшоў услед за Шушкевічам. Спачатку я хацеў выказаць заўвагі адносна ягонага выступу перад галасаваннем (выступ сапраўды быў не самым удалым), але калі ўжо ўвайшоў у пакой, проста выказаў спачуванне. Шушкевіч ужо быў у паліто і збіраў у папку паперы, а потым апрануў шалік. Гэта быў ісландскі шалік шэра-крэмавага колеру са светлымі палоскамі на канцах, якія ў пачатку 80-х завезлі ў Савецкі Саюз у даволі вялікай колькасці.

Я глядзеў на гэты стары шалік, які папраўляў на сабе чалавек, што яшчэ чвэрць гадзіны таму быў кіраўніком дзяржавы, і адчуваў, наколькі абсурдным было абвінавачванне яго ў карупцыі з вуснаў сіпатага дырэктара саўгаса. Я дакладна ведаў, што некаторыя намеснікі старшынь аблвыканкамаў клалі сабе ў кішэню сотні тысяч долараў хабару за ліцэнзіі на рээкспарт нафты, што «актывы» аднаго з віцэ-прэм’ераў ацэньваліся ў дваццаць мільёнаў долараў – і ўсё гэта мог мець ён, кіраўнік дзяржавы. Мог, пры жаданні. Але не захацеў, і вось цяпер сыходзіць, маючы тое, з чым і прыйшоў на вышэйшую пасаду. (...)

Станіслаў Шушкевіч пасля сваёй адстаўкі з пасады старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі аж па апошнія свае дні быў зацятым і паслядоўным крытыкам, а нават праціўнікам рэжыму Лукашэнкі. Ната будучы ў салідным узросце намагаўся ўсімі дасяжнымі шляхамі змагацца з дыктатурай Лукашэнкі. Карыстаючыся сваім аўтарытэтам і сувязямі прадстаўляў інтарэсы вольнай Беларусі за мяжой, у тым ліку ў Польшчы. Дарэчы Станіслаў Шушкевіч быў цесна звязаны з гэтай краінай, вольна валодаў польскай мовай.

«Пайшоў з жыцця Станіслаў Шушкевіч, лідар Беларусі, якую ён накіраваў на шлях незалежнасці і дэмакратыі. Я з глыбокім сумам развітваюся з праведным чалавекам, адданым свайму народу, сваёй радзіме, справе свабоды, сябрам Польшчы і вольнага свету», – напісаў кіраўнік польскага МЗС Збігнеў Рау ў Twitter.

Цягам сваёй навуковай, а потым палітычнай кар’еры Станіслаў Шушкевіч здабыў сабе рэпутацыю чалавека беззаганных маральных якасцяў, фенаменальнай сціпласці і поўнай адсутнасці пыхы, так уласцівай уплывовым і вядомым асобам. Мне нераз шанцавала размаўляць са спадаром Станіславам а асабіста пераконвацца ў гэтым, ён заўжды быў адкрыты для журналістаў, шчыры ў сваіх выказваннях. Так у жніўні 2020 года ў размове з Беларускай службай Польскага Радыё Станіслаў Шушкевіч разважаў пра сітуацыю ў краіне:

-Разумееце, у тыя часы мы ўсе працавалі галавой. А зараз рашэнні і крокі ўлады прадыктаваныя псіхікай. У больш нізкіх колах улады таксама ўжо амаль няма адэкватных кіраўнікоў. Склалася вельмі небяспечнае становішча. Зараз час гнаць гэтую нечысць, трэба чысціць ад яе Беларусь!

Беларуская служба Польскага рады для замежжа выказвае шчырыя спачуванні роднымі і блізкім Станіслава Шушкевіча.

Матэрыял падрыхтаваў Эдурад Жолуд. 

Слухайце аўдыё!

Станіслаў Шушкевіч: У 1991-ым мы працавалі галавой, а зараз улада працуе псіхікай

25.08.2020 16:06
У 29 гадавіну здабыцця незалежнасці першы кіраўнік незалежнай Беларусі, старшыня прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч разважае ўжо пра падзеі «беларускага жніўня» 2020 года.