Беларуская Служба

Праваслаўныя беларусы ў Варшаве просяць у мітрапаліта Савы дазвол на Літургіі на беларускай мове

01.08.2022 17:43
Агляд тыднёвіка беларускай меншасці ў Польшчы «НІВА» ад Віталя Лубы.
Аўдыё
  • Агляд тыднёвіка беларускай меншасці ў Польшчы «НІВА» ад Віталя Лубы
Тыднёвік беларускай меншасці ў Польшчы «НІВА»http://niva.bialystok.pl/


Пайшла з жыцця заслужаная настаўніца беларускай мовы Галена Тапалянская, – піша Ганна Кандрацюк.

Літургія ў царкве ў Трасцянцы і адпяванне пачаліся ў дзевяць раніцы. Апрача сям'і апошні паклон прыйшлі аддаць многія вучні і сябры памерлай. Набажэнства павёў настаяцель Марк Васілеўскі. Пад яго прыгожы голас запяваў мясцовы хор з трох мужчын і трох жанчын. У Трасцянцы захавалі свой напеў, у якім чутны яшчэ рыт старажытнасці. Ад таго кранальнага, суровага спеву хадзіў па спіне мароз і плач займаў горла. Людзі на пахаванні плакалі. Лена Добаш, якая ўсё жыццё ставіла сабе за ўзор Галену Тапалянскую, ўспамінала:

«Яна перадала нам вялікую любоў да роднага, да нашых бацькоў, паўтарала, каб мы шанавалі сваю вёску, сваіх продкаў. Я вельмі любіла ўрокі, калі настаўніца чытала казкі. Ды яна заўсёды выбірала такія шчымлівыя, што сама плакала і я плакала. Раз пані Тапалянская дала нам задачу, каб мы запісалі нейкую гісторыю з нашай вёскі. Мой тата расказаў, як расстралялі партызан у Трасцянцы. Я гэта перадумала, запісала і атрымала такую пахвалу ад настаўніцы: «Ты напісала, быццам тады жыла і ўсё бачыла». Так яна заразіла мяне любоўю да беларушчыны, таму я, хоць не вучылася ў беларускім ліцэі, пайшла штудзіраваць беларускую філалогію ў Варшаву. Зінаіда Туронак адзначыла, што адышла асоба, для якой беларускасць была вельмі важнай і прыгадала адну дэталь: «Як прыходзіла «Ніва», то для яе было свята. Яна хіба не прапусціла ні аднаго нумара. А калі ішоў лістаноша з газетай, то яна ўжо чакала яго ў дзвярах».

Праваслаўныя службы па-беларуску ў Варшаве 

Падзеі апошніх гадоў, звязаных з расійскай агрэсіяй на Украіну, а таксама ранейшая эканамічная эміграцыя ўкраінцаў у Польшчу спрычыніліся да вельмі істотнай зʼявы ў духоўным жыцці Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, – піша Яўген Вапа.

Менавіта пустуючыя храмы ў цэнтральнай і паўднёвай частцы нашай краіны запоўніліся вернікамі, патрабуючымі пабольшання ўкраінскамоўнага кампаненту ў час багаслужбаў. На гэтым фоне зусім дрэнна выглядае справа з выкарыстаннем беларускай мовы ў царкоўным жыцці. Масавы пераезд беларусаў у Польшчу па эканамічных і палітычных прычынах, асабліва пасля 2020 года, спараджае шматлікія ініцыятывы не толькі палітычна-культурнага кшталту, але і рэлігійнага. Вось нядаўна да мітрапаліта Савы звярнуліся праваслаўныя беларусы, якія з прычыны складаных жыццёвых абставін апынуліся ў Польшчы. Просяць яны дабраславення і дазволу на служэнне Літургіі ў капліцы ў гонар св. Рыгора Перадзэ ў Варшаве на беларускай мове раз на месяц па нядзелях, а калі будуць належныя ўмовы, і часцей. Звярнуліся яны таксама з просьбай аб дапамозе знайсці святара, які б жадаў і быў здольны служыць на беларускай мове ў Варшаве.

Юбілейны ХV «Кірмаш зубра» ў Гайнаўцы

Юбілейны ХV «Кірмаш зубра» ў гарадскім парку і амфітэатры ў Гайнаўцы вылучаўся багаццем і разнароднасцю прапанаванага рукадзелля, харчавання і мастацкім узроўнем выступленняў калектываў, – піша Аляксей Мароз. – Частка народных творцаў і вытворцаў прадуктаў наладзілі майстар-класы па выконванні вырабаў. Каля амфітэатра, з двух бакоў акружанага прадаўцамі, можна было павучыцца рукадзеллю. Непадалёк ад увахода ў амфітэатр майстар-класы па прадзенні вяла Люба Саковіч з Міхалова. Насупраць Ірэна Ігнацюк са Старога Ляўкова за кроснамі прэзентавала традыцыйную ў нас ткацкую тэхніку ў пераборы. Блізка ад увахода ў амфітэатр працавала палатка Міколы Петручука з Гайнаўкі, які вучыў саломапляценню. У вядзенні заняткаў дапамагаў яго швагер Пётр Леанюк з Руткі. У палатцы Музея кавальства з Гайнаўкі праводзіліся заняткі па выконванні кавальскіх вырабаў. Прадаваліся вырабы керамічнай майстэрні «Камёнка» з Палічнай. У ёй таксама можна было паспрабаваць зляпіць і выпаліць сувенір з гліны. Былі таксама майстар-класы па выпечцы гайнаўскага «марцінка».

«Кірмаш зубра» быў цікавай прапановай прыемна правесці час на свежым паветры. Дзеткі гулялі ў гарадку гульняў. Можна было купіць рукадзелле, карціны і іншыя віды мастацтва, дэкаратыўныя вырабы і прадукты харчавання, а таксама паслухаць музыку і паглядзець выступленні калектываў.

«Падляшскі вянок» атрымаў таксама сертыфікат Еўрапейскай асацыяцыі фестываляў фальклору

Калі многія школьнікі ў час канікул загаралі на пляжы, іх беластоцкія сябры з танцавальнага гуртка «Падляшскі вянок» выступілі ў Охрыдзе, самым прыгожым славянскім горадзе Еўропы, піша Ганна Кандрацюк. Охрыд старажытны горад на Ахрыдскім возеры ў Македоніі. Падарожжа выспела ў прыгожы поспех:

 - Ёсць! І месца ў катэгорыі народны танец на Міжнародным фестывалі фальклору, танца і музыкі імя Аляксандра Македонскага, напісала ў сваім фейсбуку Марыя Здрайкоўская, мама танцораў калектыву Колюся і Алеся. «Падляшскі вянок» атрымаў таксама сертыфікат Еўрапейскай асацыяцыі фестываляў фальклору. Ніякі беларускі гурт ні ансамбль на Падляшшы не дасягнуў такога прызнання. Што тут дадаць мы ганарымся Вамі! – напісала рэдактар «Зоркі» Ганна Кандрацюк. І сэрца расце, калі бачым як маршыруеце пад бел-чырвона-белым сцягам берагам Ахрыдскага возера, прыроднай жамчужыны Еўропы.

яс

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы