Сёлета Нобелеўскі камітэт здзейсніў на рэдкасць нечаканы выбар і прысудзіў Нобелеўскую прэмію міру прадстаўнікам адразу трох краінаў, звязаных цяжкай сучаснасцю: заснавальніку беларускага Праваабарончага цэнтру «Вясна» палітвязню Алесю Бяляцкаму, расійскай праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» ды ўкраінскаму «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў». Усе тры арганізацыі супрацоўнічалі адна з адной.
«Лаўрэаты прэміі міру прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах. Яны шмат гадоў прасоўвалі права на крытыку ўладаў і абарону асноўных правоў грамадзянаў. У іх ёсць выдатныя намаганні для дакументавання ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і злоўжывання ўладаю. Разам яны дэманструюць значэнне грамадзянскай супольнасці для міру і дэмакратыі», – паведаміў Нобелеўскі камітэт у абгрунтаванні свайго рашэння.
Праваабарончы цэнтр «Мемарыял» быў створаны ў 1989 годзе, займаўся культывацыяй памяці аб ахвярах савецкіх рэпрэсіі. Арганізацыя фіксуе выпадкі парушэння правоў чалавека ў Расіі, праводзіць адукацыйныя праграмы і юрыдычныя кансультацыі для бежанцаў і палітвязняў. «Мемарыял» быў прызнаны расійскімі ўладамі замежным агентам і ліквідаваны ў снежні 2021 года.
Чалец рады ПЦ «Мемарыял» Сяргей Давідыс указаў на трагічныя акалічнасці прызнання ўзнагароды і падкрэсліў, што расійскае грамадзянскай супольнасць таксама нясе адказнасць за вайну Расіі супраць Украіны:
- Нобелеўскі камітэт вырашыў, што такая заява, якая выяўляецца ў адначасовым прысуджэнні прэміі двум праваабарончым арганізацыям і аднаму лідару праваабарончай арганізацыі, які знаходзіцца ў зняволенні, з трох краін, дзве з якіх знаходзяцца пад прыгнётам дыктатуры і трэцяя – абараняцца ад агрэсіі гэтых дыктатур, было б дарэчы. Відавочна, што кандыдатаў вялікая колькасць, і справа не ў нашых заслугах, хоць мы і ўдзячныя за такі высокі рэйтынг, але ў рэшце рэшт мы, як і ўся грамадзянская супольнасць Расіі, не змаглі перадухіліць вайну. Я не схільны пераацэньваць нашыя заслугі, хаця, вядома, нам прыемна, бо гэта важная і высокая ацэнка шматгадовай працы вялікай сям’і «Мемарыялаў», супрацоўнікаў розных «Мемарыялаў» на працягу многіх гадоў.
Цэнтр грамадзянскіх свабодаў быў заснаваны ў 2007 годзе для прасоўвання правоў чалавека і дэмакратыі ва Украіне. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі арганізацыя пачала дакументаваць ваенныя злачынствы Расіі супраць мірнага насельніцтва Украіны. Пра гэта распавяла каардынатар напрамку арганізацыйнага развіцця і прыцягнення рэсурсаў «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў» Яўгенія Кубах:
-Раней у нас была ініцыятыва «Еўрамайдан SOS». Гэта была рэакцыя на падзеі лістапада 2013 года, калі мы аказвалі дапамогу пацярпелым на Еўрамайдане і членам іх сем'яў, дапамагалі ў пошуку людзей. Разгледжана больш за 16 тысяч спраў і аказана дапамога. Затым ішла праца па вызваленні мірных закладнікаў. Гэта тычылася ўкраінскіх палітвязняў у Расіі, у прыватнасці кампаніі #SaveOlegSentsov і ўвогуле кампаній па вызваленні закладнікаў Крамля. З пачатку вайны мы сапраўды сканцэнтраваліся на дакументаванні ваенных злачынстваў, бо гэта сёння самае важнае. Гэта тое, што можа дапамагчы нам у будучыні змяніць, як мы спадзяемся, сістэму сусветнай бяспекі.
Украінскі журналіст і публіцыст, кіраўнік тэлеканалу TVI Віталь Портнікаў перакананы, што такім чынам былі адзначаны ўсе праваабаронцы постсавецкай прасторы:
- Лічу, што ўшанаванне праваабаронцаў – годнае рашэнне. У нас шмат вартых людзей, якія маглі б атрымаць гэтую ўзнагароду. Нават у гэтым кантэксце выбар Аляксандры Матвійчук, «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў» – абсалютна слушнае рашэнне, бо гэта сур’ёзная арганізацыя, якая гадамі займаецца праваабарончай дзейнасцю ў нашай краіне, а цяпер даволі сур’ёзна і дасканала вывучае расійскія ваенныя злачынствы. Я лічу, што гэта ўзнагарода ўсяму праваабарончаму руху на постсавецкай прасторы. Дарэчы, хацелася, каб мы не былі сярод узнагароджаных у такім кантэксце. Аднак асаблівую вагу і важнасць гэтаму, вядома, надавала расійская агрэсія.
Трэба памятаць, што прэмію атрымалі тыя людзі, якія заўсёды хацелі, каб іх краіны былі такімі ж, як Украіна. То бок дэмакратычнымі краінамі, якія паважаюць правы чалавека. Я не думаю, што ўкраінцы павінны адмаўляцца ад прэміі, бо і расійскі «Мемарыял», які забаронены ў Расіі, і беларуская «Вясна», якая забароненая ў Беларусі і яе лідар сядзіць у турме, – гэта арганізацыі, якія зʼяўляюцца відавочным прыкладам таго, што нават на тэрыторыі гэтых краін, адна з якіх напала на Украіну, а другая зʼяўляецца саўдзельнікам нападу, ёсць людзі, якія гатовыя ахвяраваць сваім здароўем і нармальным жыццём дзеля спынення дыктатуры.
Безумоўна, такім чалавекам з’яляецца заснавальнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі. Як падкрэсліў Нобелеўскі камітэт, Бяляцкі быў адным з пачынальнікаў руху за незалежнасць Беларусі яшчэ на пачатку 1980-х. І стаў адным з сімвалаў барацьбы беларускага народа за свабоду, грамадзянскія правы.
Паплечнік Алеся Бяляцкага, наваполацкі праваабаронца Зміцер Салаўёў выказаў упэўненасць у тым, што калі сёлетні лаўрэат даведаецца пра ўзнагароду, ён не будзе думаць пра сябе:
- Алесь не думае пра сябе, гэта яго адметнасць. Ён заўжды думае пра Беларусь, разважае такім катэгорыямі. Як толькі ён даведаецца пра сваю ўзнагароду, ён узрадуецца таму, што гэта чарговая нагода свету даведацца пра падзеі ў Беларусі, нагода паспрабаваць паўплываць на змены да лепшага, спыніць здзекі з беларусаў, якія працягваюцца ўжо амаль 30 гадоў.
Зараз вельмі хочацца асабіста павіншаваць Алеся. Я б яму сказаў, што нарэшце, мы дачакаліся, каб увесь свет прызнаў тваю працу. Трымайся, хутчэй сустрэцца на волі! (...)
Праваабаронца Алена Лапцёнак, якая знаёмая з Алесем Бяляцкім з часоў працы ў Літаратурным музеі імя Максіма Багдановіча (з 1991 г.), раіць віншаваць сёлетняга лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру праз тэлеграмы, бо ёсць шанец, што яны дойдуць да палітвязня:
- Лепшы спосаб павіншаваць Алеся з гэтай узнагародай – тэлеграмы. Лісты, паштоўкі ідуць доўга і даходзяць не ўсе. Спадзяюся, праз адваката атрымаецца даволі хутка давесці гэту інфармацыю да Алеся і падбадзёрыць яго. Алеся трымаюць у вельмі паганых умовах.
Мне здаецца, што дадзеная ўзнагарода – гэта самая моцная падтрымка, якую ў нашай сітуацыі Алесю магла аказаць міжнароднай супольнасць. Узнагарода паказала, наколькі важную працу ён рабіў. Віншую не толькі Алеся, але ўсіх беларусаў з такой высокай адзнакай. Думаю, што дзякуючы ёй, Алесь хутка апынецца на свабодзе.
Нагадаем, што здарыўся ўнікальны выпадак у сусветнай гісторыя. Менш чым праз дзесяць гадоў Нобелеўская ўзнагарода трапіла ў адну і тую ж краіну. Першую ў гісторыі Беларусі Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2015 годзе атрымала пісьменніца Святлана Алексіевіч, якая так пракаментавала сёлетнюю ўзнагароду «Лічу Бяляцкага міфалагічнай фігурай беларускай барацьбы. Заслужыў – гэтага мала сказаць. Гэта ўжо даўно яго прэмія».
Слухайце аўдыё!
эж