Беларуская Служба

Дзе часцей за ўсё працуюць украінцы ў Польшчы?

13.10.2022 14:55
Няведанне польскай мовы застаецца самым вялікім бар'ерам.
Здымак мае ілюстрацыйны характарjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў Польшчы афіцыйна працаўладкаваліся 430 тыс. украінскіх грамадзян. Гэта 2/3 ад колькасці бежанцаў працаздольнага ўзросту, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Паводле даследавання міграцыйнай платформы EWL і Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, сярэдні ўзрост украінцаў, якія ўладкаваліся на працу ў Польшчы, складае 39 гадоў.

Грамадзяне з Украіны працуюць пераважна ў сферы аказання паслуг, гасцінічнай індустрыі і ў галіне грамадскага харчавання.

Прапановы аб працы чакаюць грамадзян Украіны ў рэгіянальных агенцтвах занятасці. З імі можна азнаёміцца ў інтэрнэце ў адмысловай базе на ўкраінскай мове.

Для многіх гэта праца ніжэй за кваліфікацыю. «Ёсць людзі з вышэйшай або сярэдняй адукацыяй. Калі мы іх рэгіструем, то патрабуем дакументы. Але часам дакументы застаюцца там, ва Украіне, і мы іх кваліфікуем як людзей з базавай адукацыяй», – расказалі ў рэгіянальным бюро занятасці ва Уроцлаве.

Няведанне польскай мовы застаецца самым вялікім бар'ерам. Толькі 13% бежанцаў пацвярджаюць добрыя ці вельмі добрыя веды мовы. У сваю чаргу 68% супрацоўнікаў размаўляюць на працы па-ўкраінску.

Большасць дарослых уцекачоў з Украіны ўжо знайшлі працу ў Польшчы, вынікае з дзяржаўнай базы насельніцтва PESEL. З 600 тыс. украінцаў працаздольнага ўзросту дзве траціны працуюць – гэта больш за 400 тыс. чалавек.

У кастрычніку Польскі эканамічны інстытут і Банк нацыянальнай гаспадаркі правялі даследаванне, датычнае стаўлення польскіх працадаўцаў да працаўладкавання грамадзян Украіны. Сабраныя дадзеныя сведчаць пра тое, што ў 29% апытаных кампаній да вайны працавалі ўкраінцы. Сёння такіх фірм 26%. У некаторых фірмах украінскія супрацоўнікі звольніліся, перш за ўсё гэта мужчыны, якія вярнуліся на радзіму ваяваць. Гэта датычыць у асноўным будаўнічай галіны.

Для параўнання, у прамысловасці, дзе таксама быў адток працоўных з-за вайны, сітуацыя выраўнялася за кошт зноў прыбылых бежанцаў. На 28% польскіх прамысловых прадпрыемстваў працуюць украінцы, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс