Еўрапейскія лідары, прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, экспертных і навуковых колаў, а таксама прыватнага сектара сустрэліся ўчора ў Берліне на Міжнароднай канферэнцыі экспертаў па адбудове, рэканструкцыі і мадэрнізацыі Украіны, якая прайшла пад эгідай старшынства Германіі ў групе G7 і Еўракамісіі.
Удзельнікі мерапрыемства абмяркоўвалі прапанаваныя формы падтрымкі Украіны ў яе адбудове і трансфармацыі з улікам ваенных дзеянняў, якія зараз там працягваюцца.
Праграма канферэнцыі ўключала дыскусійныя панэлі, прысвечаныя, у тым ліку, фінансаванню адбудовы з выкарыстаннем гістарычнага вопыту плана Маршала для Еўропы ці ўстойліваму развіццю ўкраінскай эканомікі.
Прэм'ер-міністр Украіны заявіў падчас канферэнцыі, што галоўнае для яго краіны – абараніць яе ад тэрарыстычнага захопніка і аднавіць крытычную і грамадзянскую інфраструктуру. Дзяніс Шмыгаль гаварыў таксама пра наступствы апошніх урадаў, якія Расія наносіць па стратэгічнай інфраструктуры ва Украіне:
- Цягам апошніх двух тыдняў Расія працягвае знішчаць нашае электра-, ацяпляльнае – і водазабеспячэнне, ствараючы найбуйнейшую гуманітарную катастрофу на кантыненце. Каб спыніць гэта, мы павінны абʼяднаць нашы намаганні і супрацьстаяць краіне-тэрарысту – Расіі.
Сугаспадар саміту, канцлер Германіі Олаф Шольц, анансаваў далейшую працу па рэалізацыі плану аднаўлення Украіны:
- Ключавое значэнне будуць мець рэкамендацыі, якія эксперты распрацавалі за апошнія тыдні і прадставілі сёння на канферэнцыі. Нашыя ўкраінскія калегі будуць удасканальваць нацыянальны план аднаўлення сваёй краіны. Цяперашнія рэкамендацыі стануць асновай бягучых палітычных дыскусій на міжнародным узроўні.
«Горды і адважны ўкраінскі народ пераможа», – заявіў нямецкі канцлер падчас адкрыцця мерапрыемства. Ён запэўніў, што Германія працягне забяспечваць Украіну неабходнымі ёй сістэмамі супрацьпаветранай абароны.
У канферэнцыі ў Берліне прыняў таксама ўдзел прэмʼер Польшчы Матэвуш Маравецкі. Кіраўнік польскага ўраду заклікаў да шырокай фінансавай і ваеннай падтрымкі Украіны. У сваім выступе польскі прэм’ер казаў таксама пра кошты расійскага ўварвання ва Украіну, якія салідарна мусяць панесці ўсе еўрапейскія краіны. Паводле Матэвуша Маравецкага, ключавая перабудова ўсёй сістэмы бяспекі ў Еўропе:
- Сёння недастаткова казаць пра адбудову Украіны і Еўропы. Мы павінны гаварыць пра рэканструкцыю еўрапейскай палітыкі – энергетычнай і кліматычнай палітыкі. Вайна ва Украіне паставіла нас перад новай геапалітычнай перспектывай. Яна разбудзіла ўсіх нас з гэтага геапалітычнага сну.
Прэмʼер Матэвуш Маравецкі дадаў, што расійская вайна ва Украіне канчаткова змяніла эканамічную сістэму Еўропы. У сувязі з татальным характарам гэтай вайны, Захад павінен працягваць інтэнсіўную ваенную падтрымку Украіне:
- Калі казаць пра вайсковую падтрымку, то, прапарцыйна, Польшча займае другое месца па велічыні дапамогі, перададзенай украінскай арміі. 1 працэнт нашага ВУП быў ахвяраваны на падтрымку Украіны – фінансавую, гуманітарную, а таксама на забеспячэнне зброяй.
Матэвуш Маравецкі таксама адзначыў, што сістэма эканамічных сувязей з Расіяй сышла ў мінулае. Ён нагадаў, што Польшча неаднаразова беспаспяхова перасцерагала Еўропу ад расійскай агрэсіі:
- Палітыка падпарадкавання Расіі збанкрутавала, і той, хто хоча яе падтрымліваць, цягне Еўропу ўніз. Няма непапраўных памылак. Калі я пачуў, што Урсула фон дэр Ляен сказала, што польскі ўрад меў рацыю адносна Расіі і Украіны, я адчуў пэўнае задавальненне, але я б прамяняў гэтае пачуццё на тое, каб Еўропа дзейнічала значна больш эфектыўна.
У сваю чаргу польскі міністр па справах Еўрасаюза Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк заявіў, што маёмасць расійскіх алігархаў – гэта велізарныя актывы, якія могуць стаць рашучым унёскам у аднаўленне Украіны:
- Маштаб знішчэнняў велізарны. Лагічна тады, каб кошты іх ліквідацыі ў першую чаргу павінен несці агрэсар. Гэта здаецца натуральным і пра гэта нагадаў прэм’ер Польшчы падчас свайго выступу. Аднак гэтае пытанне недастаткова закранаецца падчас еўрапейскіх дыскусіяў на тэму адбудовы Украіны. Польшча прапануе канкрэтныя заканадаўчыя змены, якія зробяць магчымым адназначную канфіскацыю расійскай маёмасці і прызначэнне яе на адбудову Украіны.
Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк нагадаў, што расійскіх актываў у Польшчы адносна мала, у адрозненне ад заходнееўрапейскіх краін, такіх як Швейцарыя, Германія ці Францыя. Паводле яго, гэтую маёмасць трэба замарозіць, канфіскаваць, а потым накіраваць на аднаўленне Украіны.
Пытанне канфіскацыі расійскіх актываў на Захадзе закрануў у сваім анлайн выступе на канферэнцыі таксама прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі:
- Абавязкова трэба стварыць механізм кампенсацыі ўсёй шкоды, нанесенай агрэсарам. Мы павінны выкарыстоўваць усе замарожаныя расійскія актывы, а таксама тыя, якія яшчэ будуць замарожаныя ў Еўрасаюзе. Патрэбныя кампенсацыі, патрэбныя празрыстыя механізмы перанакіравання расійскіх актываў на кампенсацыю злачынстваў Расіі.
Канферэнцыя ў Берліне паказала, што ўся Еўропа намерваецца ўдзельнічаць у адбудове Украіны, а Польшча мае шанец стаць важным элементам плану гэтай адбудовы, канстатуе еўрадэпутат ад польскай кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Богдан Жоньца:
- Мы з Украінай геаграфічныя суседзі. Таму многія эксперты пераконваюць, што ў Польшчы могуць узнікаць склады матэрыялаў. Польшчу з астатняй часткай Еўропы і свету спалучаюць даволі добрыя камінукацыйныя шляхі – дарогі, чыгунка, лётнішчы. Менавіта таму ў Польшчу можа ўзнікнуць хаб, перагрузачны цэнтр для паставак ва Украіну.
Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што ЕС павінен узяць на сябе траціну фінансавых патрэбаў Украіны ў наступным годзе. Гэта была б прамая бюджэтная падтрымка ў памеры 18 мільярдаў еўра ў год да канца вайны.
Мяркуецца, што аднаўленне Украіны пасля вайны будзе каштаваць не менш за 349 мільярдаў долараў.
IAR /аз