Беларуская Служба

АЭС у Польшчы: Краіне патрэбная энергія з нулявымі выкідамі

04.11.2022 09:17
Атамныя электрастанцыі выкідваюць у 273 разы менш CO2, чым вугальныя.
Аўдыё
  • АЭС у Польшчы Краіне патрэбная энергія з нулявымі выкідамі
.
.sebaonflames/pixabay.com/CC0

Некалькі дзён таму польскі ўрад паведаміў, што першую польскую АЭС пабудуе амерыканскі канцэрн Westinghouse. Канцэрн з Паўднёвай Карэі, хутчэй за ўсё, пабудуе другую польскую атамную электрастанцыю. Прычым першыя рэактары, як амерыканскі, так і карэйскі, павінны быць здадзеныя ў эксплуатацыю ў 2033 годзе. Агулам дзве АЭС павінны мець шэсць энергаблокаў.

Польшчы напэўна патрэбная энергія з нулявымі выкідамі, перакананы старшыня Ягелонскага інстытуту Марцін Рашкоўскі. Атамная энергетыка мае нулявыя выкіды, акрамя таго яна мае добры профіль.

-Яна вырабляе энергію бесперапынна. І можа ў гэтак званай аснове даваць моц, якая будзе нам патрэбная. Яна аднак мае некалькі мінусаў: АЭС не самая танная і не самая простая. Фінансаванне, як і сам час інвестыцый у Еўропе і ва ўсім свеце заўсёды зацягваюцца. Вынікова АЭС атрымліваюцца даражэйшымі і пачынаюць працу пазней, чым планавалася. Нягледзячы на гэта, гэта добры напрамак. Нам патрэбная энергія з нулявымі выкідамі. Хоць яна будзе спаборнічаць з некалькімі трэндамі, якія пераважаюць у Еўрасаюзе. Я маю на ўвазе аднаўляльныя крыніцы энергіі, то бок вецер і сонца, з дапамогаю газу. У будучыні замест расійскага газу вялікі націск будзе класціся на вадарод. Гэта ўжо бачна ў бюджэтах еўрапейскіх краін. Таму канкурэнцыя будзе, але напэўна нам будзе патрэбна энергія з нулявымі выкідамі ў вялікай колькасці.

Паводле Марціна Рашкоўскага з атаму можа паходзіць 1/5 энергіі ў Польшчы. Астатняя частка паступова будзе заменена з вугалю на аднаўляльныя крыніцы энергіі. Плануецца, што ветравыя фермы, якія будуць пабудаваныя ў Балтыйскім моры, будуць даваць крыху больш энергіі, чым АЭС. Будова ветравых ферм у Польшчы знаходзіцца на этапе будовы праектаў, ужо вядомае месца іх будовы, вядуцца працы над сеткай электраперадач. Марцін Рашкоўскі звяртае ўвагу, што электраэнергія з ветравых фермаў паступіць у хатнія гаспадаркі ў 2025-30 гадах, значна хутчэй, чым атамная энергія.

Эксперт дадае, што энергіі палякам трэба будзе шмат, паколькі ў краіне заканчваецца вугаль.

-У месцах, дзе яго здабываюць, асабліва каменны вугаль, яго пачынае не хапаць, таксама ён становіцца ўсё даражэйшы. Буры вугаль мае яшчэ большыя праблемы, паколькі ён больш за ўсіх забруджвае паветра, што ўплывае на кошт энергіі. Дадаткова, у такіх мясцовасцях як Тураў ці Бэлхатаў, ён закончыцца ў палове 30-х гадоў.

Марыюш Маршалкоўскі з парталу biznesalert.pl адзначае, што тэрмін, які вызначылі польскія ўлады, вельмі амбіцыйны. Неабходна спадзявацца, што план удасца рэалізаваць, адначасова думаць пра запасныя варыянты. А іх, на думку эксперта, няшмат.

-Праблема ў тым, што альтэрнатываў ёсць няшмат. Энергетыка з’яўляецца такім напрамкам гаспадаркі, які абапіраецца на доўгім часе планавання. АЭС не пабудуеш на працягу некалькіх месяцаў. Нават самыя простыя газавыя электрастанцыі будуюць 3-4 гады. Калі мы паглядзім на нашыя энергетычныя патрэбы, а з іншага боку на ўзрост нашых вугальных электрастанцый, якія дасягаюць 30, а нават 40 гадоў, то гэтых альтэрнатыў у нас няшмат. Каб датрымацца да 2033 году, трэба будзе мадэрнізаваць вугальныя электрастанцыі, каб падоўжыць час іх працы. Адначасова інвеставаць у аднаўляльныя крыніцы энергіі, якія будуць выроўніваць нашыя энергетычныя патрэбы.

Напрыклад, калі ў нас добрае надвор’е, то значную частку вырабу энергіі бярэ на сябе фотавальтаіка. Яна робіць гэта некалькі разоў у суткі. І гэта, у пэўным сэнсе, дае адпачыць вугальным электрастанцыям. Гэта вельмі вялікі плюс аднаўляльных крыніц энергіі, якія ў пікавыя моманты будуць супакойваць энергетычную сітуацыю. І гэта тое, да чаго мы будзем імкнуцца.
Марыюш Маршалкоўскі пагаджаецца, што АЭС патрэбная для таго, каб польская энергетыка магла выжыць. Для функцыянавання АЭС вельмі важным з’яўляецца партнёр. Будова АЭС – гэта супраца з пастаўшчыком на мінімум 60 гадоў.

-Мы павінны быць упэўненыя, што выбар, зроблены сёння, будзе стабільны як мінімум наступнае стагоддзе. Вельмі важна, каб партнёр быў прадказальным і надзейным. Амерыканцы ў доўгатэрміновых інвестыцыях з’яўляюцца вельмі добрым партнёрам. З аднаго боку, у нас стабільная і бяспечная крыніца вытворчасці энергіі, а з іншага боку – вайскова-палітычны парасон, які будзе над Польшчаю бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

Атамныя электрастанцыі выкідваюць у 273 разы менш CO2, чым вугальныя. Пры будаўніцтве электрастанцыі ў атмасферу выкідваецца невялікая колькасць вуглякіслага газу, сама вытворчасць электраэнергіі адбываецца без выкідаў.

ав


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце