Беларуская Служба

Эксперт каманды Святланы Ціханоўскай: Беларусам вельмі патрэбная моцная дыяспара

03.11.2022 16:56
А. Аляхновіч: Падтрымліваючы бізнес, мы падтрымліваем і дыяспару, і зможам самі дапамагаць людзям у Беларусі.
Аўдыё
  • Беларускі бізнес і дыяспара за мяжой
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnepixabay.com/rawpixel

У краінах Еўрасаюзу зарэгістравана ўжо каля 2 тыс юрыдычных асобаў, якія маюць беларускіх уласнікаў. З іх 80% – у Польшчы, 10% – у Літве і 10% – у астатніх дзяржавах ЕС. Для беларускай эканомікі страта такой колькасці актыўных і здольных людзей – гэта ў дадзены момант праблема, але ў далейшай перспектыве, калі ў дзяржаве ўсталюецца дэмакратыя, гэтыя людзі могуць прынесці Беларусі шмат карысці. 

Па інфармацыі Алеся Аляхновіча – кіраўніка Эканамічнай каманды офісу Святланы Ціханоўскай, каля 2 тыс фірмаў з беларускім капіталам адкрыліся па-за межамі Беларусі за апошнія два гады. Акрамя таго, другія дзве тысячы – гэта нефармальныя прадпрымальнікі, звязаныя з Беларуссю. Эканамічная каманда Ціханоўскай імкнецца стварыць Гарантыйны фонд, які дапаможа адкрываць новыя бізнесы, – адзначае Алесь Аляхновіч.

- Падымаць пытанне легалізацыі, падымаць пытанне адсутнасці фінансавай падтрымкі. Мы, Кабінет Святланы Ціханоўскай, напрыклад, падымаем пытанне Гарантыйнага фонду для беларускага бізнесу ў краінах Еўрапейскага Звязу. Дзякуючы яму банкі ў Літве, Польшчы, іншых краінах змогуць выдаваць крэдыты наваствораным беларускім фірмам. Яны будуць ведаць, што калі гэтыя прадпрыемствы не вернуць крэдытаў, яны атрымаюць грошы ад Гарантыйнага фонду. Гэта нармальная практыка ў шматлікіх краінах, такім чынам дзяржава падтрымлівае малы і сярэдні бізнес. У Беларусі, як вядома, дзяржава не зацікаўленая ў падтрымцы бізнесу, таму гэтым мусіць займацца дэмакратычная супольнасць.

Беларускія ўлады не зацікаўленыя ў развіцці малога і сярэдняга прыватнага бізнесу, таму яны не робяць нічога, каб спыніць адток эканамічна актыўных людзей за мяжу.

- У Беларусі прыватны бізнес вырабляе прыкладна 50% дабаўленай вартасці. Гэта самы нізкі паказчык у еўрапейскіх краінах. Малы і сярэдні бізнес, які звычайна складае звыш 50% эканомікі, а часам нават і 70%, у Беларусі складае толькі каля 30%. Так што ўлады надалей не зацікаўленыя ў развіцці прыватнага прадпрымальніцтва ў Беларусі, працаваць яму ўсё больш складана. Вынік дзейнасці ўладаў – пераезд прыватнага бізнесу за мяжу. Калі ўжо чалавек вырашыў пераязджаць, то варта яго падтрымаць. Я ўпэўнены, што гэтыя бізнесы, прынамсі часткова, вернуцца калісьці ў Беларусь. Такі досвед іншых краін – Польшчы, Літвы. Бізнесы часам вяртаюцца самі, часам адкрываюць філіялы сваіх кампаній, а часам становяцца амбасадарамі сваіх краін у тых краінах, дзе яны знаходзяцца і лабіруюць інтарэсы сваіх краін. Скажам, у Літве была вельмі моцная дыяспара да Першай сусветнай вайны, і між іншым дзякуючы гэтаму Літва захавала сваю незалежнасць. У беларусаў не было моцнай дыяспары, ніхто беларусаў не прадстаўляў на канферэнцыях, на якіх вырашаўся лёс пасляваеннай Еўропы. Зараз беларуская дыяспара становіцца ўсё больш моцнай і кансалідаванай. А без уласнага бізнесу за мяжой дыяспара не будзе моцнай. Таму, падтрымліваючы бізнес, мы падтрымліваем і дыяспару, і зможам самі падтрымліваць сваіх людзей у Беларусі.

За два гады Беларусь пакінула шмат здольных і прадпрымальных людзей. За мяжой яны не сядзяць без справы – адкрываюць свае бізнесы, а таксама рыхтуюць эканамічныя рэформы для Новай Беларусі – распавядае наш госць.

- Адразу пасля выбараў, у кастрычніка 2020 г. эканамічная група Каардынацыйнай рады ініцыявала падпісанне адкрытага лісту 62 эканамістаў пад спісам рэформаў, якія патрэбныя Беларусі. Гэтыя эканамісты былі гатовыя стаць кансультантамі дэмакратычна абранай улады. Думаю, гэта надалей актуальна. Мы з даследчым цэнтрам BEROC распрацавалі рэкамендацыі рэфармавання эканомікі, і якім чынам захад можа падтрымаць рэформы. Мы гэта падрыхтавалі ў супрацы між іншым з эканамістамі, якія праводзілі рэформы ў Польшчы, Славаччыне, Украіне і Расіі. І цяпер людзі ў нас працуюць па канкрэтных рэформах – пенсійная рэформа, стабілізацыя эканомікі пасля сыходу Лукашэнкі, рэформа банкаўскай сістэмы.

Такім чынам, у беларусаў хапае разумных эканамістаў і ўнутры краіны, і за яе межамі, каб хутка аздаравіць эканоміку пасля сыходу сённяшняй улады. Дарэчы, аўтар польскай эканамічнай рэформы, былы міністр фінансаў Лешак Бальцаровіч назваў Алеся Аляхновіча адным з самых здольных беларускіх эканамістаў маладога пакалення.

нг