Беларуская Служба

Кліматычны саміт у Егіпце - адзін з самых няпростых

10.11.2022 16:59
З нядзелі ў егіпецкім горадзе Шарм-эш-Шэйх праходзіць Кліматычны саміт ААН (COP27).
Аўдыё
  • Кліматычны саміт у Егіпце - адзін з самых няпростых
     ( )
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш (у цэнтры)PAP/EPA/KHALED ELFIQI

Цягам двух тыдняў прадстаўнікі амаль усіх краін свету дыскутуюць пра фінансавыя патрэбы і абавязацельствы, уключаючы фарміраванне інструментаў, неабходных для рэагавання на шкоды, прычыненыя зменамі клімату.

Дэлегаты з амаль 200 краін пачалі кліматычны саміт COP27 у Егіпце з пагаднення аб кампенсацыі бедным краінам за ўсё большы ўрон ад глабальнага пацяплення. Гэтая спрэчная тэма на парадак дня была вынесеная ўпершыню з пачатку кліматычных перамоваў, якія пачаліся дзесяць гадоў таму.

У мінулым годзе на саміце COP26 у Глазга краіны з высокім узроўнем даходу, у тым ліку ЗША і Еўрапейскі Саюз, заблакавалі прапанову аб стварэнні органа для фінансавання страт і шкодаў, звязаных з наступствамі змены клімату. Аднак, ціск у вырашэнні гэтай праблемы ўзрастае па меры павелічэння стыхійных бедстваў. Сёлета паводкі ў Пакістане нанеслі эканамічныя страты больш чым на 30 мільярдаў долараў і пакінулі сотні тысяч людзей без даху над галавой.

- Уключэнне гэтага пытання адлюстроўвае пачуццё салідарнасці з ахвярамі кліматычных катастроф, – заявіў старшыня COP27, міністр замежных спраў Егіпта Самех Шукры на пленарным пасяджэнні, якое адкрывала саміт.

Саміт адбываецца ў выключных абставінах – вайна ва Украіне. На гэта ўвагу звяртаў прэзідэнт Польшчы. Анджэй Дуда на COP27 у Егіпце падкрэсліў, што расійская агрэсія ва Украіне значна перашкодзіла энергетычнай трансфармацыі ў Еўропе.

-Наступствамі расійскай агрэсіі з'яўляюцца крызіс і велізарныя выдаткі, якія ставяць пад сумнеў ажыццяўленне кліматычнай трансфармацыі і дасягненне пастаўленых мэтаў. Гэтая агрэсія прывяла да дадатковых выкідаў парніковых газаў, значна большых, чым тыя, што вырабляюцца за год у многіх краінах, якія развіваюцца.

Анджэй Дуда заклікаў на кліматычным саміце ААН да справядлівай трансфармацыі эканомік у свеце. Ён заявіў, што трансфармацыя сусветных эканомік да больш экалагічна чыстых не можа прымусіць людзей страціць працу ці крыніцу даходу. Ён падкрэсліў, што наглядным прыкладам гэтага зʼяўляецца рост коштаў на энерганосьбіты ў Еўропе.

-Трансфармацыя павінна служыць чалавеку, а не чалавек трансфармацыі. Ад імя мільёнаў маіх суайчыннікаў я кажу вам, што яны не будуць пытаць нас зімой, колькі амбіцыйных кліматычных мэтаў мы дасягнулі. Замест гэтага яны спытаюць, чаму энергія такая дарагая і чаму ўзровень іх жыцця так рэзка ўпаў.

Кліматычны саміт ААН у Егіпце будзе доўжыцца два тыдні. Яна павінна скончыцца распрацоўкай новага кліматычнага пагаднення. У першую чаргу гаворка ідзе аб абавязацельствах па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу.

Бліжэйшыя кліматычныя саміты, у тым ліку сёлетні ў Егіпце, будуць вельмі цяжкімі, бо свет уваходзіць у эпоху хаосу – заявіў былы міністр клімату Польшчы, а цяпер міжнародны дарадца Міхал Куртыка ў інтэрвʼю РАР. Ён гаворыць, што кліматычныя чаканні зашкальваюць, і што вынікі саміту могуць быць несуцяшальнымі.

Эксперт лічыць, што пасля саміту ў Парыжы, дзе вяліся перамовы па кліматычным пагадненні, і пасля саміту ў Катавіцах, дзе быў створаны збор правілаў, існуе вялікі вакуум, калі справа даходзіць да глабальных правілаў адносна кліматычнай палітыкі. У свеце, які становіцца ўсё больш фрагментаваным, таксама няма жадання ствараць такія правілы.

Сітуацыя значна ўскладнілася пасля пачатку вайны ва Украіне. Многія краіны пачалі працэс вяртання да выкапнёвага паліва, эканамічны крызіс ва ўсім свеце не спрыяе фінансаванню многіх праектаў.

Ці пакіне адбітак вайна ва Украіне на перамовах? Міхал Куртыка перакананы, што так.

-Па-першае, уварванне Расіі ва Украіну паставіла краіны Афрыкі і Блізкага Усходу перад абвалам паставак збожжа і, як следства, харчовай бяспекі. Акрамя таго, узмацняецца суперніцтва паміж ЗША і Кітаем. Вайна і энергетычны крызіс таксама выклікалі вялізны рост коштаў на газ, а значыць, і на ўгнаенні, якія маюць вырашальнае значэнне для сельскай гаспадаркі. Заходнія краіны таксама адыгралі значную ролю, пераплаціўшы за газ і пераарыентаваўшы пастаўкі вадкага СПГ адзін аднаму. З аднаго боку, яны забяспечвалі сабе адносную бяспеку, але гэта прывяло да дэфіцыту ў іншых, што справакавала, напрыклад, адключэнне святла ў Бангладэшы. Вайна ва Украіне выклікала даміно, якое прымусіць усё больш і больш краін мець свае ўласныя асобныя аўтаномныя стратэгіі пераадолення. Асабліва гэта тычыцца тых краін, якія адчуваюць, што ва ўсёй гэтай сітуацыі яны пакінуты самі на сябе, – гаворыць Міхал Куртыка.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце