Беларуская Служба

123 гады таму закончылася гістарычная экспедыцыя ў Антарктыку (ФОТА)

11.11.2022 21:13
У склад экспедыцыі ўвайшлі двое палякаў: Генрык Арцтоўскі і Антоні Баляслаў Дабравольскі.
Аўдыё
  • 123 гады таму закончылася гістарычная экспедыцыя ў Антарктыку
    .  1898
Судна «Бельжыка» ля берагоў Антарктыды. Прыкладна 1898 год Public domain

5 лістапада 1899 года ў порт Антверпена прыбыло судна «Бельжыка». Такім чынам завершылася двухгадовая навуковая экспедыцыя на Антарктыку, удзел у якой прынялі таксама палякі.

Гэтая палярная экспедыцыя асаблівая тым, што яе ўдзельнікам упершыню ў гісторыі ўдалося перазімаваць за Паўднёвым палярным кругам. У склад экспедыцыі ўвайшлі двое палякаў: Генрык Арцтоўскі і Антоні Баляслаў Дабравольскі.

А ініцыятарам экспедыцыі выступіў афіцэр Каралеўскага ваенна-марскога флоту Даніі, барон Адрыен Віктор Жазэф дэ Жэрлаш дэ Гамеры (1866 – 1934 г.г.).


Адрыен Віктор Жазэф дэ Жэрлаш дэ Гамеры Адрыен Віктор Жазэф дэ Жэрлаш дэ Гамеры

Падчас службы ў ВМФ ён зацікавіўся палярнымі даследаваннямі, а пазней стварыў план экспедыцыі ў Антарктыку. Ідэю адобрыў кароль Бельгіі Леапольд ІІ, ён жа стаў галоўным спонсарам экспедыцыі. Акрамя манарха, грошы на навуковае падарожжа выдаткавала Геаграфічнае таварыства Бельгіі ды прыватныя спонсары. Праграма экспедыцыі была вельмі шырокай: акрамя геаграфічных і картаграфічных прац, планавалася правесці даследаванні Паўднёвага магнітнага полюсу і разведку карысных выкапняў, а таксама здзейсніць каланіяльныя захопы. Дарэчы, асабовы склад экспедыцыі быў інтэрнацыянальны, бо, акрамя бельгійцаў і палякаў, у каманду ўвайшлі нарвежцы, румын і амерыканец.


«Бельжыка» ў 1899 годзе «Бельжыка» ў 1899 годзе

Загружаная 40 тонамі правіянту «Бельжыка» выйшла з порту Антверпена 16 жніўня 1897 года. На борце судна знаходзіліся 23 члены экіпажа. 23 лютага 1898 года судна трапіла ў лядовую пастку, з якой магло выбрацца толькі ў сакавіку 1899 года. Тады ж яно пачало зваротны шлях у Бельгію.

Дарэчы, географ, геафізік і метэаролаг Генрык Арцтоўскі за год да экспедыцыі ўключыўся ў працу, збіраючы фінансавыя сродкі на яе. У сваю чаргу Антоні Баляслаў Дабравольскі, якому на пачатку экспедыцыі было толькі 20 гадоў і які пазней стаў вядомым польскім геафізікам і метэаролагам, дапамагаў Арцтоўскаму ў даследаваннях.


«Бельжыка», заціснутая ў льдах. Фота ўдзельніка экспедыцыі Фрэдэрыка Кука «Бельжыка», заціснутая ў льдах. Фота ўдзельніка экспедыцыі Фрэдэрыка Кука

З-за таго, што «Бельжыка» была заціснутая льдамі, камандзе прыйшлося правесці 13 месяцаў на лядовай пустыні. Дарэчы, у планах экспедыцыі не было зімоўкі, і таму палярнікам прыйшлося прыстасоўвацца да новых умоваў жыцця пры надзвычай нізкіх тэмпературах. Не ўсе маглі вытрымаць экстрэмальныя ўмовы: адзін з членаў каманды здзейсніў самагубства, скочыўшы ў ледзяную ваду, а іншага вялікая хваля змыла з палубы судна. Двое іншых членаў з’ехалі з глузду, і адзін з іх вырашыў пешшу ісці ў Нарвегію, назаўсёды знікшы ў снягах Антарктыкі. Былі таксама праблемы, звязаныя з няправільным харчаваннем, бо з-за неадпаведнага рацыёну на борце пачалася татальная эпідэмія цынгі.


Член каманды топіць лёд, каб атрымаць ваду для харчовых і тэхнічных мэтаў Член каманды топіць лёд, каб атрымаць ваду для харчовых і тэхнічных мэтаў

На судне таксама не было дастатковай колькасці палярнай вопраткі, а ў жылых памяшканнях «Бельжыкі» падтрымлівалася тэмпература, ніжэйшая за кропку замярзання вады. Больш за тое, аказалася, што была ўзятая недастатковая колькасць газы, таму людзям прыходзілася сядзець у цемры.

Экспедыцыя зрабіла вялікі ўнёсак у даследаванне Антарктыкі. У гісторыі палярных даследаванняў яна стала першай, якая перазімавала за Паўднёвым палярным кругам. Галоўным геаграфічным дасягненнем стала адкрыццё шэрагу зямель, горных сістэм, праліваў і заліваў. Таксама ў выніку экспедыцыі стала зразумела, што антарктычны клімат намнога больш суворы чым арктычны. Упершыню былі праведзеныя антарктычныя метэаралагічныя даследаванні, якія працягваліся больш за год.


Штурман Руаль Амундсэн з дабытымі пінгвінамі. Фота ўдзельніка экспедыцыі Фрэдэрыка Кука Штурман Руаль Амундсэн з дабытымі пінгвінамі. Фота ўдзельніка экспедыцыі Фрэдэрыка Кука

Акрамя таго, быў адкрыты новы від вадаростаў і грыбкоў. Таксама навукоўцы вывучылі механізм размнажэння цюленяў і даставілі ў Еўропу ўзоры іх эмбрыёнаў ды адкрылі новае насякомае – чорнага бяскрылага камара Belgica antarctica. Прычым гэта толькі некаторыя вынікі навуковай экспедыцыі.

У пазнейшыя гады Дабравольскі стаяў ля вытокаў стварэння Варшаўскай сейсмалагічнай лабараторыі і Марской абсерваторыі ў Гдыні. У сваю чаргу Арцтоўскі працягваў сваю навуковую працу, у тым ліку адбыў некалькі экспедыцый у Арктыку.

Імя Антоні Дабравольскага носіць польская палярная станцыя на Антарктыдзе, а таксама востраў і ледавік на Шпіцбергене. А імем Генрыка Арцтоўскага названы заліў на востраве Кінг-Джордж і палярная станцыя Польскай акадэміі навук на гэтай выспе.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу