Беларуская Служба

Экалогія: чым замяніць поліэтыленавы пакет?

20.01.2023 09:17
23 студзеня адзначаецца Дзень без поліэтыленавага пакета.
Аўдыё
  • Экалогія чым замяніць поліэтыленавы пакет
 .
Ілюстрацыйны здымак.ejaugsburg/pixabay.com/CC0

Тонкі поліэтыленавы пакет быў упершыню запатэнтаваны шведскім інжынерам Густавам Туліным Стэнам у 1965 годзе, такім чынам пачаўшы сваю міжнародную кар'еру. Сёння свет думае, чым замяніць гэтае вынаходніцтва. 23 студзеня адзначаецца Дзень без поліэтыленавага пакета.

Ініцыятыва была пачатая ў Польшчы ў 2008 годзе. Яе прапанаваў дэпутат з Лодзі Кшыштаф Пянткоўскі, які распачаў у краіне кампанію супраць аднаразовых пакетаў. Ён падрыхтаваў грамадзянскі законапраект аб забароне бясплатнага распаўсюду поліэтыленавых пакетаў у горадзе. За папярэднюю пастанову прагаласавалі гарадскія ўлады Лодзі, але палічыўшы яе парушэннем канстытуцыйнай свабоды эканамічнай дзейнасці, ваявода прызнаў яе несапраўднай. Нягледзячы на гэта, ініцыятыва атрымала шырокі рэзананс сярод польскіх кліентаў і прадпрымальнікаў.

Праз некалькі гадоў, у верасні 2019 году ў Польшчы пачаў дзейнічаць закон, які ўводзіў аплату за перапрацоўку тонкіх поліэтыленавых пакетаў таўшчынёй 50 мікраметраў. У выніку за кожны пакет, які раней быў бясплатным, спажыўцам прыйшлося плаціць. Гэты прымушала пакупнікоў мяняць звычкі і перастрайвацца на карыстанне шматразовымі торбамі, каб пазбегнуць дадатковых выдаткаў.
Законапраект істотна паўплываў на абмежаванне і змяншэнне колькасці поліэтыленавых пакетаў ва ўжытку, лічыць Лукаш Паёнк з экалагічнага парталу wlaczoszczedzanie.pl.

Цяпер у крамах можна набыць шматразовыя торбы, папяровыя, а таксама пакеты, на якіх пазначана, што яны ў 100% біяраскладальныя. Ці такі пакет можна купляць з чыстым сумленнем? Лукаш Паёнк тлумачыць, што такі напіс азначае:

-Гэта такія пакеты, да вытворчасці якіх выкарыстаны перапрацаваны пластык, які раней трапіў у жоўтыя кантэйнеры, а потым у фірму, якая займаецца яго перапрацоўкай. Пасля з такога матэрыялу пакет робяць цалкам, ці толькі яго частку. Такая практыка ўсё часцей тычыцца розных упаковак, не толькі пакетаў. На іх напісана, што нейкая іх частка выкананая з перапрацаванага пластыку. Ці гэта надалей карысна для навакольнага асяроддзя? Трэба глядзець з двух пунктаў гледжання. Канешне, мы надалей забруджваем навакольнае асяроддзе, паколькі надалей вырабляем непатрэбныя ўпакоўкі, тыпу пакеты. З іншага боку, такі пакет і так лепшы, паколькі ён больш трывалы, яго можна выкарыстаць некалькі разоў. І гэта галоўны прынцып: калі мы будзем карыстацца такім пакетам некалькі разоў, а потым, напрыклад, выкарыстаем яе ў якасці пакету на смецце, то можна сказаць, што мы далі яму некалькі жыццяў. І толькі пасля гэтага пакет трапіць ці зноў у фірму, якая яго перапрацуе, ці на смеццезвалку.

Эксперт гаворыць, што ёсць некалькі альтэрнатываў для поліэтыленавых пакетаў. Самыя папулярныя– гэта торбы з паперы ці экалагічнай бавоўны.

-То бок з бавоўны, дзе для яе вытворчасці не выкарыстоўваецца празмерная колькасць угнаенняў і вады. Гэта адна з альтэрнатываў, паколькі мы такую торбу можам мыць і зноў ёй карыстацца. Іншая альтэрнатыва – гэта папяровая торба. Гаворыцца, што папера з’яўляецца найпрасцейшым спосабам замены поліэтыленавых пакетаў. Вядома, што папяровая торба не такая трывалая, але папера потым трапляе ў макулатуру і можа быць зноў выкарыстанай. Такая папера вяртаецца да спажыўцоў у выглядзе шэрай папяровай торбы ці іншага віду ўпаковак, а нават туалетнай паперы. Альтэрнатывай для пластыкавых упаковак, вядома, з’яўляецца шкло, але гэта гаворка пра ўпакоўку для сыпкіх прадуктаў. Такіх альтэрнатываў напэўна ёсць шмат. Усё залежыць ад падыходу нас, спажыўцоў, каб свядома купляць пэўныя тавары. Каб ідучы на пакупкі ўзяць з сабой шматразовыя ўпакоўкі і пакеты.
Мяркуецца, што кожны год на рынак Еўрасаюза трапляюць дзясяткі мільярдаў аднаразовых вырабаў. Толькі частка пакетаў перапрацоўваецца, а іх апрацоўка або ўтылізацыя забруджвае паветра аксідамі вугляроду і азоту, канцэрагеннымі дыяксінамі і цяжкімі металамі.

Лукаш Паёнк звяртае ўвагу, што цыкл жыцця поліэтыленавага пакету вельмі кароткі: часу, які займае дарога з крамы да дому. Пасля гэтага часу поліэтыленавы пакет становіцца смеццем, якое забруджвае навакольнае асяроддзе.

-Дастаткова паглядзець па баках. Пакеты паўсюль: яны вісяць на дрэвах, мы стала сустракаем іх у лясах, яны плывуць у рэках. Рачная плынь заносіць іх у моры і акіяны. Гэта, зразумела, некарысна для жыцця флоры і фаўны ва ўсіх гэтых асяроддзях.

Вытворчасць аднаго поліэтыленавага пакета займае менш за секунду, служыць чалавеку ў сярэднім 20 хвілін, а раскладацца амаль 400 гадоў. Цяжка падлічыць, колькі поліэтыленавых пакетаў штогод выпускаецца на сусветны рынак. Іх колькасць ацэньваецца ад 500 мільярдаў да аднаго трыльёна. Між тым поліэтыленавыя пакеты, якія штогод трапляюць на польскія смеццезвалкі, складаюць каля 55 тысяч тон. Падобная колькасць штогод трапляе ў акіяны: 50 тысяч тон поліэтыленавай пакетаў здольныя знішчыць больш за мільён марскіх птушак і 100 тысяч марскіх млекакормячых.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце

Анамалія надвор'я: Расліны і пчолы прачынаюцца ў студзені

13.01.2023 09:17
Эфекты бачныя ў тэмпературнай статыстыцы.