Беларуская Служба

У Варшаўскім медыцынскім універсітэце перасадзілі сэрца дзевяцігадовай дзяўчынцы

26.01.2023 11:02
Ленка чакала аперацыі чатыры гады, паведаміў прафесар Марыюш Кусмерчык.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.PublicDomainPictures /pixabay.com/CC0 Public Domain

У клінічнай бальніцы Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта перасадзілі сэрца дзевяцігадовай дзяўчынцы. Аперацыя адбылася перад Калядамі. Пацыентка адчувае сябе добра. Рэктар Варшаўскага мэдыцынскага ўніверсітэта прафесар Збігнеў Гацёнг (Zbigniew Gaciąg) падкрэсліў, што перасадка сэрца была неабходнай:

- Яна апынулася ў групе пацыентаў, для якіх адзіным выхадам з’яўляецца перасадка сэрца. На шчасце аперацыя была магчымая і Ленка атрымала новае жыццё. Гэта дзякуючы сям’іі донара і лекарам. Перасадка – гэта складаны працэс, які патрабуе заангажавання многіх людзей.

Кіраўнік клінікі хірургіі сэрца, грудзей і транспланталогіі прафесар Марыюш Кусмерчык(Mariusz Kuśmierczyk) адзначыў, што Лена чакала аперацыі чатыры гады:

- Чатыры гады Ленка была ў спісе асобаў, якія чакаюць перасадкі ў Забжу. Калі мы адкрылі цэнтр транспланталогіі ў Варшаве, то ў сувязі з месцам яе пражывання, перанеслі яе да нас. Мы інтэнсіўна шукалі сэрца для Ленкі, паколькі ейны стан пагаршаўся і яна ўсё часцей была шпіталізаваная.

Нагадваем, 26 студзеня – у гадавіну першай паспяховай перасадкі ныркі ў Хірургічнай бальніцы Медыцынскай акадэміі ў Варшаве, палякі адзначаюць Нацыянальны дзень транспланталогіі.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка