У лютым споўніцца год з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Калі ў першыя месяцы вайны бежанцы з Украіны спадзяваліся на хуткае вяртанне дадому, то цяпер многія з іх пачынаюць прыжывацца ў Польшчы, паведамляе Gazeta Wyborcza, спасылаючыся на сацыялагічныя даследаванні.
Амаль 40% часовых працаўнікоў з Украіны хочуць у бліжэйшы час пачаць вывучаць польскую мову. Гэта дазволіць ім павысіць свае прафесійныя кваліфікацыі і адкрые шлях да больш высокааплатных пасад, а таксама палегчыць вырашэнні пытанняў у штодзённым жыцці, напрыклад, у паліклініках альбо ў школе.
Паводле інфармацыі Дзяржаўнага ўпраўлення сацыяльнага страхавання, у польскіх рэестрах PESEL (лічбавы код PESEL павінен мець кожны грамадзянін Польшчы альбо іншаземец, які жыве ў Польшчы, у тым ліку часова – рэд.) цяпер каля 1 млн 500 тыс. бежанцаў з Украіны. З іх 46% – жанчыны прафесійнага ўзросту, каля 40% – дзеці школьнага ўзросту. Больш за палову жанчын актыўныя на польскім рынку працы. Сярод тых, хто не працаўладкаваўся, былі ў асноўным маці з дзецьмі, якіх не было з кім пакінуць.
Значная перавага жанчын на рынку працы азначала, што ў іх не было шмат магчымасцяў для працаўладкавання. Часцей за ўсё яны ўладкоўваліся на працу ніжэйшую за іх адукацыю і кваліфікацыю.
Галоўнай праблемай быў моўны бар’ер, таму што з-за дрэннага валодання польскай мовай ім было цяжка знайсці працу, якая адпавядала б іх кампетэнцыям і, такім чынам, была лепш платнай. Згодна з апытаннем, у цяперашні час 38% часовых працаўнікоў з Украіны плануюць у бліжэйшы час пачаць вывучаць польскую мову. Сярод апытаных 40% заявілі, што хацелі б атрымаць дапамогу з боку польскай дзяржавы ў вывучэнні мовы.
Вайна ва Украіне працягваецца, а гэта азначае, што многія ўцекачы на даўжэй застануцца ў Польшчы.
Дарэчы, пра тое, што ўкраінскія грамадзяне адчуваюць сябе ў Польшчы ўсё больш камфортна, сведчаць іх планы на бліжэйшыя месяцы. На пытанне аб бліжэйшай будучыні рэспандэнты часцей за ўсё адказвалі, што хочуць пачакаць у Польшчы і паглядзець, як будзе развівацца сітуацыя ва Украіне – так адказалі 43% апытаных. 21% апытаных плануе знайсці самастойную кватэру, а 20% хочуць прывезці ў Польшчу сваіх блізкіх.
Уцекачы з Украіны ўсё яшчэ чакаюць дапамогі ад польскай дзяржавы, але іх патрэбы за апошнія месяцы змяніліся з самых элементарных на тыя, што паляпшаюць якасць жыцця, паведамляе Gazeta Wyborcza.
вс