У газеце Polska Metropolia Warszawska вялікая гутарка з сіноптыкам, кіраўніком Беластоцкага аддзелу Цэнтральнага бюро метэаралагічных прагнозаў Мацеем Мацееўскім (Maciej Maciejewski). Гаворка ідзе пра клімат і надвор’е.
Клімат на нашай планеце ўсё менш прадказальны, у Варшаве ў першы дзень года было нават 19 градусаў цяпла, такога надвор’я ў студзені ніколі не здаралася. Па словах сіноптыка, галоўнай прычынай экстрэмальных з’яваў у надвор’і з’яўляецца глабальнае пацяпленне, гэта наступства дзейнасці чалавека. Мы павінны рыхтавацца да рэзкіх зменаў у надвор’і, і самае дрэннае яшчэ перад намі. Наступныя пакаленні павінны быць падрыхтаваныя да яшчэ больш экстрэмальных з’яваў, якія значна ўскладняць жыццё людзей. Усе жыхары Зямлі, а не толькі краін Еўрапейскага Саюза, павінны памятаць пра абмежаванне забруджвання атмасферы, пераход на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі, змяншаць выкарыстанне выкапнёвых рэсурсаў.
Змены ў клімаце ўплываюць на прыроду, назіраецца перасоўванне кліматычных зонаў. У студзені сярэдняя тэмпература ў Польшчы была на 5 градусаў вышэй за норму. Гэта не можа не ўплываць на прыроду і на чалавека – калі зіма праходзіць амаль без снегу і маразоў, паяўляецца больш кляшчоў, камароў, назіраецца недахоп вады, засуха.
Мацееўскі адзначае, што кожны з нас можа ўнесці сваю лепту ў справу аховы клімату. Напрыклад, ён збірае дажджавую ваду, каб паліваць агарод, для ўнітазу выкарыстоўвае ваду, якая застаецца ад мыцця рук і чысткі зубоў, на даху будынку паставіў сонечныя батарэі. Гэта не толькі прыносіць карысць асяроддзю, але і дазваляе ашчадзіць канкрэтныя сумы грошай.
нг