У апошнім нумары кансерватыўнага штотыднёвіка Sieci Марэк Пыза піша пра былую польскую грамадскую актывістку, а цяпер еўрадэпутатку Яніну Ахойску.
Яніна Ахойска шырока вядомая і паважаная, дзякуючы шматгадовай гуманітарнай працы. Прэзідэнта і заснавальніцу Польскай гуманітарнай арганізацыі палітычная апазіцыя ахвотна прыняла ў свае шэрагі.
Прычыны прыходу Яніны Ахойскай у палітыку празаічныя – яна вядомая, карыстаецца сацыяльнай павагай і ненавідзіць партыю «Права і Справядлівасць». Яніна абвінавачвае ўрад Польшчы ў нацызме і расізме, ахвяраў гібрыднай міграцыйнай вайны Пуціна і Лукашэнкі параўноўвае з забітымі ў Катыні ці Срэбраніцы.
«Былая легенда дабрачыннасці цяпер гатовая прадаць любую хлусню, пацягнуцца за ганебнымі словамі дзеля дасягнення палітычнай мэты – змены ўлады ў Польшчы» – піша Марэк Пыза.
«Самае галоўнае, што яна ўсімі сіламі змагаецца з ПіС. І нікога не бянтэжыць, што сваімі паводзінамі Ахойска шкодзіць Польшчы, дапамагаючы Пуціну», – адзначае аўтар.
На працягу многіх гадоў Ахойска шмат разоў выступала ў СМІ, абараняючы нелегальных мігрантаў і заахвочваючы палякаў быць адкрытымі для прыёму нелегалаў. Нядаўна яна таксама рэзка раскрытыкавала польскі ўрад за будаўніцтва плоту на мяжы з Беларуссю.
Атакі Ахойскай на сённяшнія польскія ўлады не абмяжоўваюцца толькі абаронай нелегальных мігрантаў. Дэпутатка Еўрапарламента адкрыта прызналася, што галасавала супраць выплаты Польшчы сродкаў Еўрасаюза з Нацыянальнага плана рэканструкцыі. «Такія дзеянні – насуперак інтарэсам Польшчы – можна лічыць дзяржаўнай здрадай» (...) Ахойска стала траянскім канём Пуціна ў шэрагах польскага палітычнага класа – піша Пыза.
«Выбудаваны гадамі аўтарытэт – надзвычай каштоўная рыса для гэтак званых карысных ідыётаў. Ці Яніна Ахойска прыйшла да высновы, што варта рызыкаваць далучыцца да гэтай групы, каб нашкодзіць ПіС?» – задаецца пытаннем Марэк Пыза ў тыднёвіку Sieci.
яс