У мінулым годзе 58 працэнтаў кампаній у Польшчы паведамілі прынамсі аб адным інцыдэнце парушэння бяспекі, гаворыцца ў справаздачы KPMG «Барометр кібербяспекі». Таксама кожнае пятае прадпрыемства адзначыла ўзмацненне хакерскай актыўнасці супраць сябе пасля нападу Расіі на Украіны.
Кіраўнік групы кібербяспекі KPMG у Польшчы і Цэнтральна-Усходняй Еўропе Міхал Курэк заявіў, што польскія кампаніі баяцца ў асноўным нападаў арганізаваных групаў кіберзлачынцаў. У параўнанні з мінулымі гадамі істотна ўзмацнілася адчуванне пагрозы з боку груповак, якія падтрымліваюцца замежнымі дзяржавамі.
- За 6 гадоў нашых даследаванняў ніколі раней прадпрыемствы ў такой ступені не апасаліся пагрозы з боку хакераў фінансаваных іншымі дзяржавамі. 4 з 10 польскіх прадпрыемстваў пабойваюцца такой пагрозы. Гэта несумненна звязана з кібервайной і з вайной за нашай усходняй мяжой.
Міхал Курэк дадаў, што пагрозы, звязаныя з атакамі хакераў, якія падтрымліваюцца замежнымі краінамі, тычацца не ўсіх кампаній, найперш буйных, якія пастаўляюць ключавыя паслугі.
Паводле справаздачы, траціна кампаній, якія працуюць у Польшчы, таксама адзначылі рост інтэнсіўнасці кібератак на свае сістэмы ў 2022 годзе.
Вялікай праблемай для кампаній з'яўляюцца атакі праграм-вымагальнікаў, у выніку якіх хакеры шыфруюць доступ да кампʼютарнай сістэмы на прадпрыемстве. З такімі выпадкамі сустрэўся 31 працэнт апытаных кампаній. Пасля заражэння кампʼютараў або ўсёй карпаратыўнай сеткі злачынцы патрабуюць выкуп за разблакіроўку.
Міхал Курэк з KPMG нагадаў, што большасць нападаў праграм-вымагальнікаў пачынаюцца з напісання электроннага ліста супрацоўніку са спасылкай на вэб-сайт хакера або з далучаным заражаным файлам.
- Найчасцей у такіх выпадках выкарыстоўваюцца так званыя сацтэхнікі з мэтай заахвоціць карыстальніка адчыніць файл з вірусам, або зайсці на старонку, якая загрузіць вірус. Затым, калі ўжо хакер дабярэцца ў чужы кампʼютар, ён імкнецца перахапіць кантроль над ім.
Міхал Курэк дадаў, што, па выніках апытання кампаніяў, усе яны змаглі аднавіць працу кампʼютарнай сістэмы без неабходнасці плаціць выкуп.
Даследаванне было праведзена ў снежні 2022 года на групе са 100 польскіх прадпрыемстваў з сярэднегадавым прыбыткам не менш за 51 млн злотых.
IAR/яс